Спіс літаратуры на каранцін: парады ад беларускіх пісьменнікаў і пісьменніц

  • 22.04.2020
  • Аўтар: 34mag
  • 7353

Каранцін у некаторых краінах паступова робяць трошачкі мякчэйшым, але медыкі па-ранейшаму рэкамендуюць, калі ёсць магчымасць, працягваць сядзець дома. Адна з прыемных задач у час самаізаляцыі – гэта, вядома, чытанне кніжак. Мы запыталі ў беларускіх пісьменнікаў і пісьменніц, што яны раяць пачытаць. Атрымаўся незвычайны спіс на любы густ.

 

Альгерд Бахарэвіч

 

 

 Карл Увэ Кнаўсгар, «Мая барацьба».  У 2009 годзе на той момант мала каму вядомы па-за межамі Нарвегіі пісьменнік Карл Увэ Кнаўсгар выдаў першую частку свайго агромністага, на 3600 старонак, рамана «Мая барацьба». У 2011 выйшаў апошні том – але Карла Увэ ўжо ведаў увесь свет. На радзіме аўтара кнігу прачытаў кожны трэці жыхар краіны – неверагоднае дасягненне. Раман Кнаўсгара – гэта так званы «аўтафікшн», то-бок, па сутнасці, раман – падрабязны аповед пра жыццё яшчэ не старога пісьменніка: дзіцячыя страхі, траўмы, сталенне, школа, праца настаўнікам, літаратурная акадэмія ў Бергене, шлюб, дзеці, сэкс, развод, творчыя пакуты, людзі, развагі, уцёкі, поспехі і расчараванні. Кнігу ўжо назвалі выдатным даследаваннем сучаснай мужчынскасці: Кнаўсгар спрабуе зразумець, што такое быць мужчынам у цяперашнім свеце з ягонай зменай усіх каштоўнасцей і парадыгм. Гэта гіпнатычны, смелы і прыгожы тэкст: калі зловіш яго настрой, дык пазнаеш сябе або сваіх знаёмых, будзеш перажываць за героя і не супакоішся, пакуль не дачытаеш. Я чытаў некалькі тамоў у нямецкім перакладзе, яшчэ два – у ангельскім. Нядаўна выйшаў і расійскі пераклад першай часткі «Маёй барацьбы».

У самаізаляцыі ты раптам апынаешся сам-насам з сабой – і Кнаўсгар добра дапамагае зразумець, хто ты насамрэч і чаго табе баяцца, а што можна і палюбіць.

 

 

 

 Мойшэ Кульбак, «Мэсія з роду Эфраіма».  Некалькі гадоў таму перакладчык Сяргей Шупа ўзяўся за вялікую справу – вярнуць беларускай літаратуры і яе нешматлікаму сучаснаму чытачу забітага бальшавікамі і забытага баязлівай большасцю ідышамоўнага пісьменніка Мойшэ Кульбака. І вось у 2018-м у пражскім выдавецтве «Вясна» выйшаў «маленькі раман» Кульбака «Панядзелак», а цяпер, на Каляды, з’явілася ўжо другая кніжка, у супрацы з менскім выдавецтвам «Янушкевіч»: «Мэсія з роду Эфраіма». Мойшэ Кульбак запрашае нас далучыцца да незвычайнай кампаніі, у якой кожны выклікае ўсмешку й спагаду, а пасля – павагу, а пасля – недаўменне, а пасля – страх і вусціш… Героі жывуць у гразі і ў золаце, а дзе тут гразь, дзе золата, не разбярэш. Толькі таемныя праведнікі ведаюць, страшныя вестуны. Гэтую кнігу можна чытаць па-рознаму. Можна разбірацца, што тут са святых тэкстаў і яўрэйскага фальклору, злучаць між сабой дрот складаных алюзій. Можна чытаць яе як сапраўдную прыпавесць. Месія з роду Эфраіма – гэта той няшчасны месія, якому выпадзе прыйсці перад прыходам вялікага і жорсткага Месіі з роду Давідава і ўсё, так бы мовіць, падрыхтаваць. Ёсць тут і Ліліт, і кабалісты, і дзесяць сфер… Ёсць тут і сюжэт з паваротамі. Ёсць і этнаграфія.

Але можна (і варта!) чытаць «Мэсію» як паэзію. Проста аддацца словам – бо гэты раман насамрэч вялікая паэма, ад якой адчуваеш той самы магічны халадок у хрыбетніку. Не ведаю, як каму, а мне здаецца, што добраахвотны каранцін – цудоўная магчымасць адкрыць для сябе наноў сваю культуру, здзівіцца і ўзбагаціцца. Інакш будзе крыўдна за змарнаваны час…

 

 

Адам Глобус

Тры кнігі, тры кнігі, тры кнігі... А я параю пачытаць трох аўтараў.

Найперш варта пачытаць Басё – найвялікшага з паэтаў. Чытаючы хоку Басё, кожны чытач ператвараецца ў паэта і вучыцца ў самых дробных праявах жыцця знаходзіць радасць і суцяшэнне. Басё шмат перакладаўся на самыя розныя мовы, па-руску яго геніяльна падае Вера Маркава, па-беларуску цікавыя пераклады ў Алеся Разанава.

Свет без дзівосаў і цудаў сумны. Таму другім аўтарам я выберу народ, які наскладаў мірыяды самых розных казак. Сам я апошнім часам зачытваюся казкамі папуасаў ды індзейцаў з Паўночнай Амерыкі.

Калі вы звярнуліся да мяне, я палічу, што гэта зроблена спецыяльна, каб я параіў вам прачытаць нешта найлепшае з трыццаці кніжак Адама Глобуса. Чытайце «Дамавікамерон» – зборнік вясёлых апавяданняў пра русалак, кадравікоў і дамавікоў.

 

 

Віктар Марціновіч

 

 

 Уладзімір Караткевіч, «Ладдзя роспачы».  Паколькі эпідэмія – самы час паразважаць пра жыццё і смерць, прыгоды Гервасія Вылівахі ў свеце па той бок ад жыцця – нешта вельмі прыкольнае. Да таго ж у творы фігуруе Бона Сфорца – жанчына, у якую мусіць закахацца любы сучасны маладзён, а Выліваха, «бобаль, залётнік, піяка, задзіра, біток, бабздыр несамавіты», – добрая ролевая мадэль для былога наведніка былой Зыбіцкай і Кастрычніцкай.

 

 

 

 Джавані Бакача, «Дэкамерон»  – маем тыя зыходнікі, у якіх мы знаходзімся з вамі цяпер: чума, першая, дарэчы, павальная эпідэміі «чорнай смерці», якая змяніла Еўропу і прывяла ў той ці іншай ступені да Адраджэння, з ягоным сумневам ва ўсемагутнасці Бога; каранцін, хвароба паўсюль. Група сэксуальна распушчаных хлопчыкаў і дзяўчатак з заможных сем’яў выдаляюцца ў правінцыю, замыкаюцца там і распавядаюць адно аднаму гісторыі пра каханне, здраду і жыццё. Вельмі дыдактычнае чытво.

 

 

 

 Міхаіл Шолахаў, «Ціхі Дон».  Незаслужана забытая кніжка з колішняй школьнай праграмы, якая малюе карцінкі стагадовай даўніны. Першая сусветная, Часовы ўрад, уздым бальшавікоў, назапашванне злобы і крыважэрнасці ў людзях, нарэшце – палымянае каханне да ракавой жанчыны – усё гэта там ёсць. «Ціхі Дон» – ён як «Гульня Тронаў»: цэлы сусвет (кніжка велічэзная), у якім вельмі лёгка патануць, забыўшыся пра каранцін, абрынанне цэн на нафту і ўсё тое, што нас яшчэ толькі чакае ў бліжэйшыя часы. У крызіс выжывае спрытнейшы і разумнейшы. Чытанне навін – асабліва калі навіны ўсе складаюцца з абсмоктвання чужой бздуры і спробы кпіць над тым, каго трэба баяцца, – не шлях да розуму. Адзіны шанс зрабіцца разумнейшым – чытаць кнігі, і «Ціхі Дон» – адна з такіх кніг.

 

 

 

Святлана Курс

Гэтай вясной я чытаю лінгвістыку.

Калі чытаць па-ангельску, то –  Дэвід Крыстал, «Ангельская мова як глабальная». І кніжка, і аўтар, і прадмет – глабальныя з’явы сусветнай наасферы, так сказаць. Дэвід Крыстал нарадзіўся ў 1941 годзе, напісаў 150 кніг пра мову і дагэтуль застаецца інтэлектуальна актыўным і непераўзыдзеным. Самы выбітны лінгвіст у свеце ў цяперашні момант. Крыстал у сваёй кнізе разглядае ўнікальную для чалавецтва сітуацыю ўзнікнення глабальнай супермовы – ангельскай. Што гэта азначае для свету і для самой ангельскай мовы? Як менавіта склалася такая сітуацыя? Кніга пачынаецца ад ранняга Сярэднявечча 1000-1300 гадоў. Гэта адзіная вядомая мне навуковая кніга, якая зацягвае як дэтэктыў, будзіць натхненне і амбіцыі.

Для тых, хто чытае па-польску, – кніга Ягоды Ратайчак «Моўныя». Ягода – маладая лінгвістка, 1987 г.н. Яна даследуе вядомую тэзу «Колькі моў ты ведаеш – столькі раз ты чалавек». Калі ты гаворыш добра на чужой мове – у гэты момант ты пераствараеш сябе і з’яўляешся цалкам іншай асобай, з іншымі рэакцыямі, асабовасцю, бэкграўндам. Пераадольваеш вавілонскі праклён.

 

 

Таня Скарынкіна

Чатыры кнігі, якія параіць не магу, бо не чытала. Толькі збіраюся і дзялюся чытацкімі планамі.

Дзве з іх аўтары падарылі з рук у рукі.

 

 

 Альгерд Бахарэвіч, «Сабакі Эўропы».  І адразу сталі прасіць яе пачытаць сяброўкі. Я не магла адмовіць. Тым больш у той час, калі з’явіўся падарунак, я чытала складаны твор на польскай мове «Космас» Вітальда Гамбровіча. Як толькі кніга вернецца, адразу пачну.

 

 

 

 Уладзімір Арлоў, «Танцы над горадам».  Мае вельмі прыемную вокладку. Я да такіх вытанчаных паверхняў раней ніколі не дакраналася. Ігар Логвінаў, выдавец кнігі, на маё захапленне якасцю вокладкі сказаў, што гэта шаўкаграфія – вельмі дарагая рэч.

 

 

Дзве астатнія – дасланыя поштай:

 

 

 Марыя Вайцяшонак, «Альбом для цёткі Марылі».  Важкі том, амаль не саступае аб’ёмам кнізе Альгерда, у якой пад 900 старонак. А ўнутры «Альбома» – песня гучная. Праходзячы міма кніжнай паліцы, раз-пораз гартаю і дзіўлюся. Стыль непасрэдны, свабодны, лёгкі. Нібыта тэкст сам сябе піша без дапамогі звонку. І адначасова вельмі прафесійны.

 

 

 Ян Патоцкі, «Рукапіс, знойдзены ў Сарагосе».  Двухтомнік букіністычны 1976 года трапіў да мяне дзіўным чынам. Адзін мой празаічны тэкст надрукавалі ў польскім часопісе «Przekrój», і раптам у перапісцы рэдактар Мікалай Глінскі, даведаўшыся, што я чытаю па-польску, запытаў, ці мо хачу кнігу якую з Варшавы атрымаць. Я адразу пра «Рукапіс» напісала, бо мару аб ім даўно. Гадоў дзесяць, з тых часоў, як паглядзела экранізацыю Войцэка Хаса 1965 года па творы, які аўтар пісаў амаль 20 год, да самагубства ў 1815-м. Я, можна сказаць, і польскую вучыць пачала, каб чытаць палякаў у арыгінале. Станіслава Лема, Яраслава Івашкевіча, Бруна Шульца, Чэслава Мілаша. А тут высветлілася, што арыгінальная мова «Рукапісу» – французская. Не ўпэўненая, што здолею вывучыць як след, але паспрабаваць варта.

 

 

Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская

 

Майму сыну 11 год, і падчас каранціну мы разам прачыталі тры кнігі. «Трэцяя помста Робера Пуціфара» Жана-Клода Мурлева – гісторыі пра настаўніка, які помсціць сваім дарослым вучням, вельмі вясёлая і дасціпная кніга, у якой ёсць шмат момантаў, над якімі можна паразважаць і паразмаўляць. «Усё з-за містара Тэрапта» Роба Буе – гісторыя аднаго 5 класа, якую расказваюць самі вучні з розных перспектыў. У школе здараецца няшчасны выпадак, і вельмі цікава назіраць і перажываць разам з вучнямі розныя эмоцыі: злосць, роспач, зайздрасць, здзекі, любоў і клопат. «Тоня Глімердал» Марыі Пар – кніга нарвежскай дзіцячай пісьменніцы пра дзяўчынку Тоню, якая жыве ў глухой вёсцы, і гісторыю яе сяброўства з дзядзькам Гунвальдам.

Сама я чытала (перачытвала) таксама тры кнігі: «Сарматыя» Марыі Мартысевіч, «Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых» Вольгі Такарчук і «Зямля выпадковых лікаў» Таццяны Заміроўскай.

Ну а калі хочацца чытаць з дзеткамі шведскія кніжкі па-беларуску, то раю серыю Свэна Нурдквіста пра Пэтсана і Фіндуса (9 кніг), серыю Юі Вісландэр і Свэна Нурдквіста пра Маму Му (11 кніг), «Птушка ўва мне ляціць, куды захоча» Сары Лундберг і «Маё шчаслівае жыццё» Роўз Лагеркранц і Эвы Эрыксан.