Харасяць ці падалося?
- 02.10.2019
- 4104
У паўсядзённым жыцці, бадай, лёгка сказаць «Прыбярыце вашу руку з маёй каленкі». Але што, калі ты ўпісаны(-ая) у нейкую іерархію, дзе ёсць адносіны кшталту «начальнік – падначалены», і калі ты сутыкаешся з дамаганнем упершыню? 34mag распытаў трох маладых людзей пра прыставанне на працы і пра тое, як яны выблыталіся з гэтай няпростай сітуацыі.
Жэня Аз
21 год
– Я падпрацоўваў рэпетытарам і ў нейкі момант выявіў, што маленькім дзяўчынкам падабаюцца маладыя хлопцы, якія ў іх выкладаюць.
Неяк на першым занятку вучаніца сустрэла мяне ў блузачцы і кароткай спадніцы – ужо тады была думка, што ўсё занадта падобна да порна. Хто ходзіць так дома, га? І вось я сяджу на канапе, пачынаю пытацца пра ўзровень ведаў – а яна закідвае на мяне ногі, спаднічка пачынае спаўзаць, а пад ёй бачныя ўдарныя плошчы карункаў. Потым дзяўчынка зрабіла спробу лютай атакі, чым насмяшыла мяне: вельмі тэатральна ўсё выглядала. Тут я здагадаўся ўстаць, схапіць падручнік, абутак, выбегчы на лесвічную пляцоўку і зваліць.
У той момант мне было вельмі не вельмі. Па-першае, я не прывык спаць з дзяўчатамі, з якімі знаёмы хвілін шэсць (і нават сем). Па-другое, яе спробы былі калядзіцячымі, гэтая нязграбнасць хутчэй весяліла, было няёмка і сорамна. І ўлічваючы, што я мужчына і я старэйшы, значыцца, я павінен несці большую адказнасць – і за сябе, і за яе.
Мая бяспека была парушаная: я ў чужым памяшканні, чужы чалавек робіць такія рэчы. Але я мужчына і змагу даць адпор фізічна. Не ўяўляю, як на гэтым месцы дзяўчыне, таму што яна разумее: калі гэтая вялікая штука захоча, то яна яе возьме.
Прысутнічае і маральны ціск: цябе ўспрымаюць выключна як сэксуальны аб'ект. Пацешна, што гэта ў нейкім сэнсе падымае ПУВ. Але тады я ўпершыню атрымаў гэта ад абсалютна незнаёмага чалавека – было дзіўна.
«Яна закідвае на мяне ногі, спаднічка пачынае спаўзаць, і пад ёй бачныя ўдарныя плошчы карункаў»
Другі выпадак. Я прыйшоў, а дзяўчына такая: «Я хачу схадзіць у душ». Окей, ты марнуеш свой час і грошы сваіх бацькоў – мне без розніцы. Потым яна заходзіць у адным ручніку, які нічога не прыкрывае, і кажа: «Я забылася на трусікі». Чаму я называю гэта дамаганнем і чаму я адразу пра гэта падумаў? Тут відавочнае правакаванне і падахвочванне да дзеянняў сэксуальнага характару. Нават калі хтосьці забывае майткі, ён не выходзіць так вось.
Ці знаходзіўся я на месцы ахвяры ў гэтых сітуацыях? Так. Але лічыць сябе ахвярай я не магу. У патрыярхальным грамадстве я ахвярай быць не магу. Культ пераможцы, упэўненасці ў сабе, усё такое. Я бачыў распасцёртыя абдымкі і чаканне, што я павінен сказаць «так». У мяне не моцна пыталіся, але вялікай небяспекі тут не было, і ў любой з гэтых сітуацый я мог сказаць «не», а мог, уласна, узяць – у мяне быў выбар.
Іншая справа, калі ў мяне была рабочая паездка ў Германію. Іншая мова, іншая культура – складаней зразумець, чаго ад цябе хочуць, складаней сказаць «не», таму што – раптам ты памыляешся? Столькі сэксуальных прапаноў, колькі там, я не атрымліваў у жыцці ніколі. Часам прапановы суправаджаліся дотыкамі: па ручцы пагладзіць, па каленцы, ледзь лявей каленкі. Вось там я адчуў тое самае – адчуванні, якія чалавек атрымлівае на месцы ахвяры.
Янiна Зайчанка
24 гады
– Упершыню я сутыкнулася з тым, што цябе можа нехта абмацаць, зімой у трамваі, калі ехала ў школу. Мне было дзевяць гадоў.
У трынаццаць быў непрыемны выпадак з настаўнікам. Мне трэба было падняцца па лесвіцы. Калідор, па якім я ішла, быў пусты. Наверсе лесвіцы стаяў фізрук, і яму падалося, быццам будзе вельмі смешна, калі ён устане так, каб я не магла прайсці. Умоўна я дапускаю такія жарты паміж сябрамі, калі ад гэтага смешна абодвум, але калі гэта робіць 50-гадовы дзядзька з 13-гадовай дзяўчынай? Я вельмі на яго раззлавалася, гэта быў не страх, не сорам, а менавіта злосць. Я павярнулася і пайшла ўніз, а ён крычаў услед: «Я ж пажартаваў!» Калі гэта былі жартачкі, то яны былі зусім не ўзаемныя. І мяне раззлавала гэтая гвалтоўнасць. Харасмент – гэта ж не толькі калі табе хтосьці супраць тваёй волі суне піпіську, гэта бывае і нешта гвалтоўнае эмацыйнае.
Некалькі непрыемных выпадкаў было, калі я працавала пакаёўкай і на рэсэпшане ў гатэлі ў ЗША. Браць чаявыя на рэсэпшане было не прынята. І вось вельмі п'яныя мужчына і жанчына зайшлі чэкініцца, ён рабіў мне слізкія кампліменты і штурхаў у рукі грошы. Я кажу: «Калі захочаце, пакінеце потым у нумары», але ён працягваў штурхаць грошы мне. Калі б я была не на працы, то пасля таго, што ён казаў, я б шпурнула гэтыя даляры яму ў твар. Але я павінна была быць суперветлівай.
«Харасмент – гэта ж не толькі калі табе хтосьці супраць тваёй волі суне піпіську»
Яшчэ сітуацыя. Ёсць такая эмацыйная штучка: калі ў вас здарыўся small talk з кліентам, табе пакідаюць чаявыя. У нас быў вельмі маленькі заробак, і мы рэальна спадзяваліся, што крыху паўсміхаемся – і нам пакінуць «чай». І вось мной зацікавіўся адзін музыка, які прыехаў на фестываль джазу. Ён адразу такі: «Ой, Яня, такое прыгожае імя!» – і мы пабалбаталі. Потым ён з'язджае, уваходжу ў яго нумар, каб прыбрацца, бачу, што чаявых няма, і думаю: «Што за бздура?» Тут ён вяртаецца, кажа, што забыўся пакінуць чаявыя, кладзе грошы на каляску з бялізнай і хіміяй, пасылае мне паветраны пацалунак і сыходзіць.
Нейкім чынам ён знайшоў мяне ў Facebook і стаў напісваць, а я працягвала быць ветлівай, нават калі не хацела з ім размаўляць. Пытаецца наконт спраў – адказваю: «Усё окей, шмат працы». З майго боку зацікаўленасці не было, і ад думкі, што калі я яму адкажу, то ён напіша яшчэ раз, ішлі непрыемная дрыжыкі.
Я з'ехала з Амерыкі, а ён дагэтуль, ужо тры гады, мне перыядычна напісвае: маўляў, у мяне ёсць у Японіі сябры-мастакі, можа, яшчэ трохі папрактыкуешся – і зробім выставу. Ты ж ніхто, але табе прапануюць крутыя знаёмствы!.. Я толькі цяпер зразумела, што магу яго заблакаваць.
Думаю, гэта пачалося з таго, што праца дэфармуе. Окей, я навучылася мыць унітазы – карысна па жыцці. Але вось гэтыя адносіны: калі людзі цябе зневажаюць, а ты ім усміхаешся і спадзяешся, што яны пакінуць чаявыя, – гэта супернядобра. Я з самага пачатку была ветлівай, таму што я была пакаёўкай.
У сферы паслуг часта бывае, што кліенты паводзяць сябе па-свінску. Хаця не, свінні – добрыя істоты.
Марыя Марцiновiч
20 гадоў
– За апошнія тры гады ў мяне назапасілася 10-12 выпадкаў прыставанняў – і я вельмі хачу верыць, што ў жыцці іншых людзей гэтага менш.
Самы дзікі выпадак адбыўся, калі я працавала ў дарагім кітайскім рэстаране. Я займалася кітайскімі гарбатамі, запарвала іх і праводзіла традыцыйныя чайныя цырымоніі па замове наведнікаў. У той час як афіцыянткі насілі вопратку свабоднага крою, у мяне было аблягальнае цыпаа – традыцыйная кітайская сукенка, якая падкрэслівае талію і грудзі.
У той вечар VIP-пакой быў забраніраваны для святкавання дня нараджэння нейкага бізнэсмэна і яго пяці сяброў. Я зайшла да іх, каб наліць гарбату – камплемент ад рэстарана.
У разгар святкавання да мяне падышоў афіцыянт, які абслугоўваў «віпку», сказаў, што кампанія хоча чайную цырымонію, і дадаў: «Яны вельмі дзіўна пра цябе казалі... Яны, эм... уражаныя тваім бюстам». Я аджартавалася, што я на працы і мне без розніцы, што кажуць кліенты. Але вельмі страшна ўсведамляць, што цяпер ты сваімі нагамі пойдзеш і закрыешся ў пакоі з шасцю мужчынамі, якіх «уразіў» твой бюст.
«Прагучала фраза ў мой бок, маўляў, навошта футбол, калі ёсць дзяўчаты з такімі мячамі»
Спачатку ўсё ішло нармальна. Я праводзіла цырымонію, распавядала пра яе сэнс, мужчыны задавалі пытанні. У нейкі момант пачаліся асабістыя пытанні, колькі мне гадоў, дзе жыву – я аджартоўвалася і казала толькі пра гарбату. Неўзабаве ўсе страцілі цікавасць да маёй цырымоніі і пачалі абмяркоўваць футбольныя матчы, прагучала фраза ў мой бок, маўляў, навошта футбол, калі ёсць дзяўчаты з такімі мячамі. У мяне затрэсліся рукі, але я зрабіла выгляд, што нічога не чула. Сысці пасярод цырымоніі я не магла, таму працягвала разліваць ім настоі.
Раптам імяніннік пачаў тэлефанаваць па скайпе сваім сябрам, яны перакінуліся парай фраз і – самы страшны ўспамін – я падымаю вочы і бачу проста перад сабой тэлефон з відэасувяззю. Бачу нейкіх незнаёмых мужыкоў і свае грудзі, якія цяпер здымаюць на камеру.
Я была ў такім шоку, што секунд дзесяць проста стаяла і глядзела ў экран смартфона на свае грудзі, пакуль мужчыны смяяліся. Калі я прыйшла ў сябе, то запанікавала: мне 18 гадоў, ім 40+, мяне здымаюць на камеру і ніхто мне не дапаможа. Я схлусіла, што мне трэба па кіпень, і ўцякла.
На кухні я распавяла пра ўсё менеджарцы. Праз пару хвілін яна выклікала мяне ў залу, дзе імяніннік уручыў мне трыццаць беларускіх рублёў у знак прабачэння.
«Страшна ўсведамляць, што цяпер ты сваімі нагамі пойдзеш і закрыешся ў пакоі з шасцю мужчынамі»
Афіцыянткі гучна абмяркоўвалі гэта, кажучы, што будзь яны на маім месцы, то свяцілі б цыцкамі больш актыўна і зарабілі больш. Так я даведалася, што ў гэтым рэстаране ў меню ўключана пазіцыя «сфатаграфаваць грудзі – 30 рублёў».
Адчувала сябе зусім разбітай. Мала таго, што ў працоўных умовах я не магла сказаць кліентам, што яны паводзяць сябе некарэктна, дык яшчэ мне пачало здавацца, што гэта нармальная з'ява, што многія афіцыянткі зайздросцілі мне ў той вечар, і толькі я была абураная паводзінамі мужчын.
Нават цяпер, калі прайшоў час, я не ведаю, што думаць пра гэтую сітуацыю. Я ўсё яшчэ не ведаю, чаму я спакойна стаяла, пакуль з мяне жартавалі п'яныя мужыкі. Не ведаю, чаму ўзяла грошы ад таго мужчыны. Чаму хтосьці дапускае прыставанні да персаналу, карыстаючыся сваім статусам? Чаму многія дзяўчаты выказалі жаданне быць на маім месцы? Няўжо заплаціць, каб папрасіць прабачэння за прыставанне, – гэта нармальна?