Спектаклі ў Zoom і The Sims: што далей?
- 27.11.2020
- 5288
У межах «Школы ТЭАРТа» прайшлі семінары рэдактаркі расійскага часопіса «Тэатр» Алы Шэндаравай. Мы наведалі іх, каб расказаць табе аб тым, што спектаклі сягоння ставяць не толькі ў Zoom'е, але нават у гугл-формах. Сапраўды: колькі б тэатр ні хавалі, яго не загубіць нават COVID-19.
Ала Шэндарава – журналістка, тэатральны крытык, рэдактарка часопіса «Тэатр», карэспандэнтка газеты «КоммерсантЪ» і партала The City. Скончыла РДГУ (факультэт інфарматыкі) і ГІТІС (тэатразнаўчы факультэт). Аўтарка некалькіх соцень артыкулаў аб праблемах сучаснага тэатра ў прафесійных і грамадска-палітычных выданнях. Выкладчыца Брытанскай Вышэйшай Школы Дызайну (курс «Гісторыя сучаснага тэатра»), член Міжнароднай асацыяцыі крытыкаў IACT.
«Калі я паступіла ў ГІТІС, я паспела папрацаваць у тэатры ў розных якасцях, пачынаючы з прыбіральшчыцы, таму мяне заўсёды бянтэжыла: як жа гэтыя людзі, якія ніколі не працавалі ўнутры тэатра, будуць ім займацца, калі яны не былі там, з іншага ўваходу, не загарнулі ніводнай шрубкі, не садзьмулі ніводнай парушынкі, ні разу не паглядзелі ў залу са сцэны».
Што паказваюць анлайн і наколькі яно паспяховае?
1. Старая пастаноўка.
Тэатры вымаюць з запаснікаў знакавую прадукцыю ў запісе і даюць да яе доступ. Часам узнікае рэзананс: з'яўляецца такое адчуванне, што спектакль выйшаў нанова, хоць ён існаваў даўно, а цяпер мы проста пра яго ўспомнілі.
Калі мы кудысьці на спектакль прыходзім, нам прасцей зразумець, як яго глядзець: можна на кагосьці арыентавацца, нешта ў кагосьці запытацца. Калі ж глядзіш спектакль у адзіночку, зарыентавацца складаней. Тут няма падказак з залы – даводзіцца больш думаць, якія пачуцці і эмоцыі выклікае ў цябе тое, што бачыш.
2. Прэм'ера, якая адбываецца адначасова анлайн і афлайн.
Такая практыка ўжо ёсць, і ў далейшым яна будзе развівацца, але трэба яшчэ навучыцца добра здымаць спектакль – і не з адной-дзвюх кропак, каб не навязваць гледачу свой погляд на тое, што адбываецца на сцэне.
У 2008-м я стала працаваць на партале Infox.ru, дзе павінна была не толькі пісаць пра тэатр, але таксама здымаць і мантаваць кароткія ролікі. Я хадзіла на спектакль двойчы: адзін раз на прагон, куды пускаюць з камерай, а другі раз на паказ, куды пускаюць крытыкаў. І я сутыкнулася са складанай сітуацыяй, калі мы, напрыклад, ішлі здымаць сучасны танец. Праглядаю, што зняў аператар, і разумею, што ён здымаў толькі верхнюю частку ўсіх танцорак. Я ў поўным адчаі! Знаходжу іншага аператара, мы ідзём з ім на спектакль зноў. Праглядаю, што зняў другі аператар, – а ён здымаў толькі ногі.
3. Камерцыйны спектакль.
Дзесяць гадоў таму ў Еўропе і Амерыцы з'явілася якасная здымка, але здымалі ў асноўным оперу і камерцыйнае мастацтва. У СНД практыка прыйшла яшчэ пазней.
Першымі якасную здымку асвоілі англічане – так з'явіўся Theatre HD. Якасная здымка дарагая, таму цяпер ёсць шмат добра знятых еўрапейскіх камерцыйных спектакляў. Калі іх глядзіш, можна атрымаць адэкватнае ўяўленне пра тое, што адбываецца на сцэне.
Які тэатр магчымы на каранціне?
Смерць тэатра прадказвалі пачынаючы з Антычнасці. Калі з'явілася кіно, стала ясна, што тэатр «памрэ безумоўна» – але замест гэтага ён з прагнасцю пыласоса ўсмоктвае ўсё лепшае з іншых медыя і працягвае жыць. За час самаізаляцыі ў інтэрнэце з'явілася мноства анлайн-спектакляў – не трансляцый, а менавіта пастановак, зробленых у сетцы і для сеткі. Форма анлайн-спектакляў можа быць самай рознай – для дасягнення розных мэтаў. Калі ты бачыш нешта новае, то паспрабуй падумаць: а што можа даць табе гэтая новая форма, якія магчымасці?
Zoom-спектакль
Платформа Zoom прывабная тым, што ў яе акенцах могуць з'яўляцца адразу некалькі персанажаў, прычым у рэальнасці акцёры могуць знаходзіцца далёка адзін ад аднаго. Напрыклад, у кіберспектаклі Сямёна Аляксандраўскага «Шлюб 2.0» сама форма працуе на ўтрыманне: героі п'есы Асі Валошынай размаўляюць у Zoom'е, знаходзячыся ў розных кропках зямлі.
Спектакль – life simulator game
Форма можа выказаць тугу па звыклым тэатры. Сёлета з'явіўся спектакль у форме The Sims 4: у прастору гульні змясцілі герояў, якія капіююць рэальных акцёраў Майстэрні Бруснікіна, а адна з выбудаваных унутры гульні лакацый – уваход у Маскоўскі тэатр «Практыка», дзе цяпер іграе Майстэрня.
Спектакль-інструкцыя
Спектакль «9 движений» Rimini Protokoll і кампаніі «Імпрэсарыа» дапамагае інакш зірнуць на наш уласны дом, у якім мы апынуліся зачыненыя падчас лакдаўну. Ты нікому не паказваеш карцінку, і ў твой дом ніхто не пранікае – гэта спектакль у слухаўках, аўдыяінструкцыя. Цябе просяць вызірнуць у акно або легчы на падлогу, выйсці за дзверы і вярнуцца назад. У выніку ты пачынаеш глядзець на свой дом інакш – і пачынаеш яго слухаць.
Спектакль Алены Рашэтнікавай «На расстоянии» зроблены ў форме тэлефоннай размовы. Гэта імправізацыя ў рамках зададзеных абставін. Трэба загадзя абраць: хто табе тэлефануе (хлопец ці дзяўчына), якой прафесіі і на працягу якога часу вы знаёмыя. Ты быццам бы вядзеш размову не ад сябе, а ад прыдуманага персанажа, але акторка на тым канцы проваду ўсё роўна пранікае ў цябе, гутарка становіцца ўсё больш і больш асабістай – і ты (я!) чамусьці пачынаеш ёй давяраць. За паўгадзіны спектакля па тэлефоне мы моцна зблізіліся – і потым, калі сустрэліся з гэтай актрысай на нейкім мерапрыемстве, кінуліся адна да адной ледзь не з абдымкамі.
Спектакль-анкета
Адчуванне, што камп’ютар таксама можа цябе крыўдзіць, – гэта досыць моцнае адчуванне. Яно з'яўляецца пасля лічбавага спектакля Габілена Галычава «A.I.Q. Test», які аформлены як анкета ў Google Forms. У нейкі момант камп’ютар становіцца аб’юзерам: ён задае табе адное і тое ж пытанне шматкроць, прымушаючы адказаць так, як яму хочацца. Потым камп’ютар злёгку «ўціраецца ў давер», а далей пачынае казаць, што ты яму не вельмі і патрэбны. Некаторыя мае калегі злаваліся: на што мы патрацілі паўгадзіны і ці быў гэта тэатр? Але ж вы маглі ў любы момант закрыць анкету – аднак працягвалі адказваць на раздражняльныя пытанні.
Калі тэатр прыходзіць у твой дом, хіба гэта нармальна?
З'яўляецца шмат этычных пытанняў аб прыватнай прасторы, цялеснасці і выкарыстанні цела ў кіберпрасторы.
На спектаклі ў Zoom'е ты часта становішся саўдзельнікам(-цай) – і гэта патрабуе ад цябе смеласці. Калі мы сядзелі па дамах, Rimini Protokoll зрабілі спектакль «Call Cutta at Home». Нас чалавек дваццаць, мы размаўляем з дзвюма былымі супрацоўніцамі кол-цэнтраў, і ў нейкі момант яны кажуць нам, удзельнікам: «А давайце кожны з вас заварыць гарбату і пакажа нам сваю кухню». Я прыйшла на спектакль – і ў мяне без папярэджання просяць доступ да маёй асабістай прасторы. Адчуваю супраціў: не хачу ўставаць, не хачу заварваць чай, я ўвогуле вас да сябе ў дом не клікала.
Падчас віртуальнага спектакля «Cloudme» Марыі Пацюк і Мікалая Мулакова адзін з удзельнікаў па жаданні даваў доступ да свайго камп'ютара – і ўсе файлы выводзіліся на агульны экран. Спачатку мне гэта падалося нават нудным: хтосьці капаецца ў камп’ютары, а я павінна на гэта глядзець. Але потым тэхніка сінхранізавалася – і тыя фота, што былі на тэлефоне ў дзяўчыны, якая дала доступ, апынуліся ў камп’ютары. Там не было нічога інтымнага, але гэта выклікала ў яе такое напружанне, што яна стала плакаць. Гэты момант парушэння інтымнасці выклікае вельмі моцную рэакцыю. У нейкім сэнсе «Cloudme» падобны на перформансы Марыны Абрамавіч, дзе яна раскладвала ўсякія небяспечныя прадметы, клалася – і назірала, наколькі далёка могуць зайсці гледачы. Як вядома, на адным з такіх перформансаў – «Рытм 0» – яе ледзь не застрэлілі.
Швейцарскі перформер Сімон Сен купіў лічбавую 3D-копію цела адной дзяўчыны. Яна сама дазволіла сябе адсканаваць і выставіць гэты скан на продаж, але калі Сен задумаў зрабіць нешта з копіяй у тэатры, то перад ім паўстала процьма пытанняў, у тым ліку этычных: што можна рабіць з віртуальным целам рэальнага чалавека? Сен знайшоў у Англіі «арыгінал» – Арыэль Ф., з якой была зроблена копія, і ў выніку яго перформанс ператварыўся ў Zoom-размову з гэтай дзяўчынай: што яна адчувала ў гэтай сітуацыі, як ставіцца да сваёй лічбавай копіі, да якой ступені яна гатовая, каб гэтую копію выкарыстоўвалі розныя людзі, і ці ўяўляе, як наогул могуць яе выкарыстаць? Спектакль стаў не дэманстрацыяй магчымасцей 3D-копіі цела, а падставай для размовы пра этычныя аспекты выкарыстання 3D-копіі цела рэальнай асобы.
Як адрозніць тэатр ад не-тэатра?
Кожны раз, калі з'яўляецца нешта новае, раздаюцца галасы: «Тэатр гэта ці не тэатр? Што з гэтым рабіць? А дакажыце, што гэта тэатр! А чаму гэта тэатр?» Асноўная частка таго, што адбываецца сёння ў мастацтве, выбудаваная так, што галоўнае дзеянне адбываецца не на сцэне, а ў самім гледачы. Калі са мной нешта адбываецца і я прыходжу да фіналу змененай, то так, гэта тэатр. Напрыклад, падчас «A.I.Q. Test» я раздражнялася, мне здавалася, што я абменьваюся з кімсьці эмоцыямі, а да фіналу я прыйшла іншай, адрознай ад сябе ў пачатку.
Фота: з архіваў «ТЭАРТа»