Максім Тарналіцкі

  • 15.10.2015
  • 2442

Пагутарылі са стваральнікам даследчага праекта Meridian’28 Максімам Тарналіцкім пра цікаўнасць да фартыфікацыі і малавядомай культурнай спадчыны, а таксама даведаліся, як захоўваць бяспеку далёка ад турыстычных маршрутаў.

 

 Чым займаюцца:  З 2008 года Meridian’28 вывучае фартыфікацыю, гісторыка-культурныя збудаванні, антрапагенныя аб’екты і іншыя малавядомыя артэфакты Беларусі. Вынікі пошукаў публікуюцца ў матэрыялах на аднайменным сайце. Даследчая праца – гэта асноўная мэта праекта. 

Сайт  /  Twitter   /  VK  

 З кім гутарым:  Максім Тарналіцкі, 30 гадоў. Заснавальнік і рэдактар праекта Meridian’28. Фотакарэспандэнт Onliner.by. 

Арыгінальная дата публікацыі – 15.10.2015. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мяняўся герой і яго актывізм праз гады.

 

 

«Беларусь – гэта краіна без гаспадара. Людзі не шануюць тое, што ў іх есць»

Гісторыя Максіма

– Мне заўсёды падабалася даследаваць новыя мясціны. Спачатку я проста падарожнічаў, а потым вырашыў, што крута было б гэта сістэматызаваць. Распавёў ідэю свайму прыяцелю, і ў 2008 годзе мы зрабілі праект Meridian’28, не толькі таму, што мы цікавіліся гэтай тэмай, але і таму, што шукалі аднадумцаў. У той час не было такіх публіцыстычных сайтаў – былі блогі, форумы накшталт globus.tut.by, дзе тусаваліся дыгеры, фартыфікатары і людзі, якія даследавалі касцёлы. А мы ўзялі ўсе гэтыя тэмы, злучылі, па-аўтарску перапрацавалі і зрабілі Meridian’28. Не думаю, што ён кардынальна адрозніваецца ад большасці блогаў – хіба адно тым, што мы стараемся вывучаць найменш вядомыя аб’екты і месцы. Мы хочам, каб кожны аматар гісторыі і фартыфікацыі мог паглядзець, напрыклад, не толькі на адрэстаўраваную лінію Сталіна, але і на тыя будынкі, якія засталіся ад яе праз 80 гадоў.

 

 

«Выйдзеш на якое-небудзь поле, дзе вяліся баі, і сярод пасеянай бульбы знойдзеш снарады. Іх сабралася вялізная колькасць за ўсе гады, што доўжылася вайна»

Што такое Meridian’28?

– У 2008 годзе мы стварылі ўласна сайт, але падарожнічаць пачалі значна раней. Сайт дапамог сістэматызаваць усе нашы пошукі і прыгоды. Калі мы прыязджаем з нейкай экспедыцыі, яна яшчэ не скончана, канчаткова яна завяршаецца, калі мы публікуем артыкул. Часам мы вяртаемся ў адны і тыя ж месцы, таму што атрымліваем пра іх новую інфармацыю: напрыклад, у нас ёсць матэрыял пра камандны пункт Аб'яднаных сіл Варшаўскай дамовы – гэта вялікі падземны бункер на захадзе Беларусі. Мы пісалі артыкул на працягу трох-чатырох гадоў, бо там пастаянна нешта змянялася, і мы гэта фіксавалі.

Нас у камандзе трое, і колькасць удзельнікаў не мяняецца ўжо шмат гадоў. У рэдкіх выпадках бярэм з сабой у падарожжа сяброў, але толькі дзеля кампаніі. Усёй даследчай работай займаемся ўтрох. Як мы працуем? Прыдумляем глабальную тэму, складаем падрабязную мапу ўсіх збудаванняў і імкнемся зрабіць дэталёвы каталог. Самі не рыемся ў архівах – абапіраемся на манаграфіі і кнігі іншых даследчыкаў. Груба кажучы, мы проста пэндзлікам счышчаем грунт, а яны экскаватарам капаюць зямлю.

Першае, самае важнае, правіла ў нашых паездках – святло, ад яго залежыць 90% тваёй бяспекі. Другое правіла: спачатку правяраеш паверхню на трываласць, потым наступаеш. Трэцяе: трэба мець як мінімум тры пункты апоры, калі спрабуеш кудысьці забрацца.

Мы прынцыпова не займаемся ніякімі рэканструкцыямі і не ўмешваемся ў натуральны жыццёвы цыкл аб’ектаў. Але, вядома, я б хацеў, каб яны захоўваліся. Я за тое, каб усе культавыя збудаванні былі вернутыя вернікам і працягвалі выконваць сваю місію. Але ў нас няма рэсурсаў для таго, каб рэальна гэтаму паспрыяць, і пад рэсурсамі я маю на ўвазе не грошы, а час, сілы і жаданне.

За ўвесь час даследаванняў у мяне склаўся пэўны вобраз нашай краіны. Мне здаецца, што Беларусь – гэта краіна без гаспадара. Людзі не шануюць тое, што ў іх ёсць. У маленькіх еўрапейскіх населеных пунктах усе гістарычныя помнікі вылізаны і дагледжаны. А ў нас дзясяткамі гадоў можа стаяць нейкі ўнікальны культурны аб’ект, у якім мясцовыя збіраюцца выпіць самагонку.

 

 

«Мы ніколі не шукалі і не знаходзілі ніякай дзеючай зброі, а калі б нават і знайшлі, то патэлефанавалі б у міліцыю і перадалі ўсё ў рукі дзяржавы»

Што шукаем?

– У нас 6 асноўных тэм: савецкая фартыфікацыя, польская фартыфікацыя, нямецкая фартыфікацыя Першай сусветнай вайны, крэпасці Расійскай імперыі, гісторыка-культурная спадчына і прыродныя антрапагенныя ландшафты. Кожны тып экспедыцыі прадугледжвае розную падрыхтоўку: мы даследуем форумы, знаёмімся з архівамі і толькі пасля гэтага вырушаем на аб’екты.

Паедзеш на пошукі савецкай фартыфікацыі – выявіш мноства добра захаваных інжынерных збудаванняў і аб’ектаў фартыфікацыйнай інфраструктуры: кулямётныя сталы, дзверы. Важны кавалак нашага праекта – вывучэнне Менскага ўмацавальнага раёна. Да таго моманту, пакуль мы не пачалі ім займацца, у інтэрнэце было вельмі мала даследаванняў, мапаў і фатаграфій, ужо не кажучы пра публіцыстыку па гэтай тэме.

Пойдзеш шукаць нямецкую фартыфікацыю Першай сусветнай вайны – убачыш сляды баявых дзеянняў: акопы, траншэі, рэшткі зброі, манеты, гузікі, бутэлькі, нейкія іншыя артэфакты. Выйдзеш на якое-небудзь поле, дзе вяліся баі, і сярод пасеянай бульбы знойдзеш снарады. Іх сабралася вялізная колькасць за ўсе гады, што доўжылася вайна. Захочаш паглядзець польскую фартыфікацыю – знойдзеш амаль тую ж самую нямецкую фартыфікацыю, якую палякі часта перараблялі пад свае патрэбы. Часам яны рабілі новыя збудаванні, але не паспявалі іх дабудаваць, і таму цяпер ад іх засталіся толькі бетонныя скрынкі. Зацікавішся крэпасцямі Расійскай імперыі – даведаешся, што такое капанір, бастыён і плацдарм.

Захочаш убачыць антрапагенныя прыродныя ландшафты – адчуеш ва ўсёй красе беларускую прыроду. Прамысловы кар’ер можа быць неверагодна прыгожым. Глядзіш на ружовую смугу, якая ідзе ад нейкіх дзындраў, і здзіўляешся, што ты не на Марсе, а ў Віцебскай вобласці.

Паедзеш шукаць гісторыка-культурныя аб’екты – убачыш шмат цікавых закінутых цэркваў, касцёлаў, замкаў, палацаў і сядзіб са сваімі гісторыямі і адметнымі дэталямі. Іх вельмі складана параўноўваць, пра іх няпроста распавядаць, таму што яны ўсе розныя. Беларусь знаходзілася не толькі на скрыжаванні геаграфічных маршрутаў, але і духоўных, і культурных шляхоў. 

 

 

«Мы хочам, каб кожны аматар гісторыі і фартыфікацыі мог паглядзець, напрыклад, не толькі на адрэстаўраваную лінію Сталіна, але і на тыя будынкі, якія засталіся ад яе праз 80 гадоў»

Любімыя аб’екты і артэфакты

– Больш за ўсё мне падабаюцца розныя сядзібныя комплексы. Запала ў душу сядзіба ў Жалудку – гэта цудоўны мадэрновы будынак, нічога прыгажэй я яшчэ не бачыў. Праўда, яго вельмі сапсавала здымачная група фільма «Масакра», пасля іх засталася нейкая фарба на фасадзе і забруджаная дубовая лесвіца. Яшчэ мне вельмі спадабаліся маёнтак у Нароўлі і сядзіба Маліноўскіх у Чарапаўшчыне, якая згарэла ў 2014 годзе.

Мы дужа не любім, калі нас называюць сталкерамі, дыгерамі або чорнымі капальнікамі. Мы ніколі не шукалі і не знаходзілі ніякай дзеючай зброі, а калі б нават і знайшлі, то патэлефанавалі б у міліцыю і перадалі ўсё ў рукі дзяржавы. Таксама мы ніколі не шукалі артэфакты адмыслова, але часам сам яны самі нас знаходзілі: напрыклад, цікавае інжынернае абсталяванне накшталт прыбора Каралькова. Ён вельмі круты, але мала хто разумее яго значнасць – гэта не куфар з золатам, каштоўнасць якога відавочная. Мы цалкам выконваем існыя законы Беларусі: дзе забаронена, мы не лазім. Усе аб’екты, якія мы наведалі, нікому не належаць і зняты з усіх балансаў.

 

Фота by Таня Капітонава