Культ. цэнтр «Корпус» ладзіць шэраг мерапрыемстваў пра падлеткаў
- Рубрыка: УЛОЎ
- 25.01.2019
- 6805
Пакуль беларускі Facebook ліхаманіць ад таго, што ў школах уводзяць факультатыў «Асновы сямейнага жыцця», менскі культ. цэнтр «Корпус» анансуе тэматычныя мерапрыемствы здаровага чалавека.
28 студзеня , у панядзелак, у культурным хабе пройдзе лекцыя «Як сэкспрасвет падлеткаў умацоўвае сямейныя каштоўнасці». Зміцер Кароль, нацыянальны каардынатар сеткі Y-PEER у Беларусі, урач, раскажа, што такое сэкспрасвет, як ён арганізаваны ў Беларусі, і растлумачыць, у чым перавага прынцыпу «выратаванне тапельцаў – справа рук саміх тапельцаў». Уваход вольны.
1 лютага , у пятніцу, адбудзецца сустрэча на тэму «Падлеткавы ўзрост. Што гэта такое з пункту гледжання псіхалогіі». Эксперткай выступіць Наталля Шэіна – заснавальніца бізнэс-школы для падлеткаў і студэнтаў, псіхалагіня. На івэнце можна будзе даведацца больш аб тым, чаму падлеткі вядуць сябе так, а не інакш, і распытаць пра тое, як дапамагчы блізкім людзям перажыць няпросты ўзрост. Уваход вольны, трэба толькі зарэгістравацца. Гэтая сустрэча стане першай у шэрагу мерапрыемстваў Mainbooks, прысвечаных сучаснай еўрапейскай літаратуры для дзяцей, падлеткаў і іх бацькоў.
P.S. Дарэчы, пра сям'ю. Сёння «галоўны па Корпусе» Аляксандр Багданаў, музыкант і прамоўтар, апублікаваў мікс, прысвечаны нованароджанай дачцэ. Слухаем і верым у новую генерацыю!
Фота: palasatka