На тбіліскім Skybridge выставяць арт беларускіх мастакоў
- Рубрыка: УЛОЎ
- 06.06.2024
- 3228
Вандроўны арт-праект Hutkasmachnaa window gallery ладзіць выставу на знакамітым інстаспоце Тбілісі – паветраным мосце, што працінае тры будынкі па вуліцы Nutsubidze.
На працягу месяца на Skybridge будзе варушыцца культура: можна наведаць выставы беларускіх мастакоў, якія цяпер жывуць у Тбілісі, паўдзельнічаць у арт-актыўнасцях, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі і аднадумцамі.
7 чэрвеня ў 20:00 плануецца адкрыццё галерэі. Будзе мастацтва, artist talk з Hutkasmachnaa, музыка Vadik Fin і віно.
8 чэрвеня ў 17:00 адкрыецца выстава Vadik Fin. Запланаваныя artist talk, размалёўка сумеснага стала ў стылі мастака, музыка, напоі.
Далейшыя падзеі анансуюць пазней.
Выбар лакацыі ў звязцы з імем Hutkasmachnaa выглядае невыпадковым для усіх, хто памятае «Надземную ветку метро» каля менскай «Пясочніцы». Банер з цягніком натуральна ўпісаўся бы на Skybridge. І мастак Андрэй Бусел (Hutkasmachnaa) распавёў 34, што сувязь тут сапраўды ёсць:
– У 2022-м я пабываў у Тбілісі другі раз і нарэшце ўбачыў будынкі, да якіх не дабраўся ў першы прыезд, – будынкі на плато Нуцубідзэ, злучаныя адкрытай галерэяй. Гэта было ідэальнае месца, каб паўтарыць інсталяцыю з цягніком на Куйбышава. Але атрымаць узгадненне аказалася не так проста. Мы ўжо спрабавалі зрабіць гэта год таму, але беспаспяхова, і я падумаў: трэба ехаць самому і вырашаць на месцы.
Ідэя была такая: мы зацягваем галерэю банерам, на невялікі тэрмін, прыкладна на месяц, і ў якасці кампенсацыі асвяжаем рамонт у ліфтхоле або робім яшчэ штосьці на патрэбу мясцовых жыхароў. Пакуль ухвалу ад іх мы не атрымалі, але, каб не марнаваць час, я вырашыў зняць закінуты павільён унутры гэтага пераходу і зрабіць у ім выставу беларускіх мастакоў, якія цяпер працуюць у Тбілісі.
Гэта месца я лічу адным з самых прывабных і незвычайных у Тбілісі. Яно ў нейкай ступені недаацэненае, бо тут можна зрабіць не толькі эфектны праект, але і нешта карыснае для жыхароў горада, наладзіць камунікацыю. Мы ачысцілі запушчаны павільён, падфарбавалі сцены вакол, а падсветленыя арт-аб'екты і вітрына ствараюць увечары больш бяспечнае, прыемнае асяроддзе для тых, хто позна вяртаецца па цёмным ветраным калідоры дадому.
Як знайсці галерэю: адшукаць Nutsubidze Skybridge на Google Maps, зайсці ў першы дом, падняцца на ліфце на 14-ты паверх і прайсці на сярэдзіну моста.
За апдэйтамі па падзеях можна сачыць у інстаграме Hutkasmachnaa window gallery.