13 спасылак для тых, хто дбае пра свой ментальны стан
- 03.06.2024
- 2593
Што пачытаць і паслухаць на тэму ментальнага здароўя? Куды звяртацца, калі псіхалагічная дапамога ўжо патрэбная? 34 сабраў у адным матэрыяле 13 ініцыятыў і медыя, якія з розных бакоў працуюць у гэтым кірунку. Расказваем, дзе шукаць усё пра псіхалогію міленіялаў, актуальны сэкс эдукейшан і кантакты груп падтрымкі.
MentalYouNited – моладзевая ініцыятыва, цалкам засяроджаная на тэме ментальнага здароўя, інклюзіі і нейраразнастайнасці. Напрамкі працы – варкшопы і лекцыі, даследаванні па тэме псіхалагічнай дапамогі, стварэнне кантэнту. Тут можна больш даведацца, напрыклад, пра дыслексію, дыспраксію, СДУГ і нават перавагі нейраадрознасці.
«Сэкс-эд» – беларускамоўны праект пра сэксуальную асвету, які натуральным чынам заходзіць на тэрыторыю псіхалогіі. Тут знойдзеш не толькі карысныя чэк-лісты ды гайды, як абраць менструальную чару ці ідэальны лубрыкант, але і інфармацыю пра псіхалагічныя групы падтрымкі, а таксама анлайн-лекцыі пра цела і сэкс у стрэсавых абставінах, размовы з партнёрамі і партнёрккамі пра сэкс, шкоду і карысць грамадскіх установак і так далей.
Маладое медыя з маладымі абліччамі, дзе расказваюць пра ментальнае здароўе, стасункі, сэкс. У асноўным напаўняюць стужку кароткімі відэа, часам смешнымі, часам сур’ёзнымі. Як навучыцца выбудоўваць асабістыя межы? Чым можна адказаць на агрэсію і правакацыі? І як, уласна, не скаціцца ў токс?
«Пора к психологу» – праект пра тое, як даваць рады стрэсу такога ўзроўню, калі да псіхолага ўжо дакладна час. Тут знойдзеш парады і тлумачалкі ад адмыслоўцаў, а таксама відэа з адказамі на частыя пытанні па тэме менталкі.
Анімацыйны праект «Не стыдно!» кідае выклік стэрэатыпам пра сэксуальнасць, цялеснасць і месца жанчын у грамадстве. Кароткія ролікі ў Instagram, YouTube і TikTok і паказваюць усю абсурднасць састарэлых поглядаў і табу. Моцную рэакцыю карыстальнікаў і карыстальніц сацсетак выклікаў ролік пра нейтральныя інклюзіўныя прыбіральні.
З сезона ў сезон вядучыя гэтага падкасту распавядаюць пра тое, што іх хвалюе, і абмяркоўваюць набалелыя тэмы з экспертамі-гасцямі. Апошнія топікі: «Мужчыны і тэрапія», «Стартапы і выгаранне», «Падарожжы і ментальнае здароўе». Шоу робяць коуч Каця Ажгірэй і івэнт-прадзюсар Саша Старадзетка.
Зусім новы ютуб-канал гештальт-тэрапеўткі і коуча Агніі Лойкі, дзе яна абяцае распавядаць пра эмігранцкае жыццё, сталенне, калі табе 35+, і экзістэнцыйны крызіс. Ужо можна паглядзець выпускі пра псіхалогію міленіялаў, парасацыяльныя адносіны і працу з псіхатэрапеўткай(-ам).
Вядучая падкасту Віка Радзеўская запрашае розных псіхалагінь абмеркаваць гісторыі з іх асабістага і прафесійнага досведу. Можна паслухаць і пра нарцысаў, і пра выгаранне, і пра разлады харчовых паводзінаў. Фолавіць «Нормальные чувства» можна і на папулярных падкаст-пляцоўках, і ў відэаверсіі на YouTube.
Валанцёрская ініцыятыва, якая стварае бяспечную і камфортную прастору, дзе людзі могуць знаходзіць падтрымку і аднадумак(-цаў). Каманда ладзіць анлайн- і афлайн-мерапрыемствы ў розных утульных фарматах: тэрапеўтычныя групы, чытанні, арт-гурткі, сумеснае пісьмо, вышыванне.
Група яднае падлеткаў, якія жывуць з ВІЧ, і іх блізкіх. Рабяты ствараюць групы падтрымкі, ладзяць арт-мерапрыемствы і лекцыі, робяць зіны, пашыраюць у сацсетках інфармацыю пра ВІЧ. Галоўная мэта – змяніць стаўленне да людзей, якія жывуць з ВІЧ.
Мабільная гульня супраць гвалту для падлеткаў і іх бацькоў. Сюжэт «Red Cap Must Cry» заснаваны на тэксце нямецкай пісьменніцы Беаты Тэрэзы Ханікі: Мальвіна сутыкаецца з сэксуалізаваным гвалтам і вымушаная насіць гэтую гісторыю ў сабе. На 34 можна пачытаць інтэрв'ю з удзельніцамі каманды праекта, каб зразумець, адкуль прыйшла ідэя такой гульні і як з яе дапамогай можна вучыцца распазнаваць сітуацыі гвалту і шукаць выхад з іх.
Бясплатная гарачая анлайн-лінія для пацярпелых ад хатняга гвалту. Звярнуцца па дапамогу можна праз сайт «Алівіі». А ў інстаграме праекта публікуюцца кароткія ролікі пра аб'юзіўныя стасункі і дапамогу тым, хто ў такія стасункі трапілі.
«Фенікс» – ініцыятыва з міжнароднай камандай псіхолагаў(-інь) і траўматэрапеўтаў(-ак). Яны прапануюць кароткатэрміновае крызіснае кансультаванне. У інстаграме даюць «базу – адказы на пытанні «Як супакоіцца пасля стрэсу?», «Як знайсці кантакт са сваім целам?», «Як адчуць сябе ў большай бяспецы?» і гэтак далей.