У «Ок16» выступіць скандальны тэатральны блогер Віктар Вілісаў
- Рубрыка: УЛОЎ
- 16.12.2019
- 7884
18 снежня ў культурным хабе «Ок16» выступіць з аўтарскай лекцыяй «Пасля чацвёртага званка» тэатральны рэжысёр і блогер Віктар Вілісаў. Ён у яскравай перфарматыўнай манеры паразважае пра тое, што адбываецца з сучасным тэатрам і якія сэнсы сёння ўкладваюцца ў само гэтае слова – «тэатр».
Віктар Вілісаў адметны тым, што, не маючы тэатразнаўчай адукацыі, ён у свае 23 прымудрыўся няхіла замуціць гэтую вадзіцу. Яго кніга «Нас усіх ванітуе: як тэатр стаў сучасным, а мы гэтага не заўважылі» стала нон-фікшн-бэстсэлерам у 2018-м. І досыць адной цытаты, каб стала ясна, за што Віктара горача недалюбліваюць «класічныя» тэатры: «Расійскія тэатры ў большасці сваёй цяпер – гэта сталінскія калгасы, зараджаныя на вечнае стабільнае існаванне. <...> у сілу свайго памеру і цэнтралізацыі яны наогул не здольныя хутка мяняцца і хоць неяк адпавядаць часу, у якім яны існуюць. Застаючыся тэатрамі-музеямі, яны <...> працуюць як канвееры перажаванага лайна для спажыўцоў і вытворцаў культуры».
На лекцыі ў Менску Віктар Вілісаў раскажа пра тое, навошта сёння мы замест партэра апынаемся ў гандлёвым цэнтры, на заводзе, у царкве або ў басейне; чаму рэжысёры – больш не гуру і не маэстра; і як сучасны тэатр можа зрабіць наша паўсядзённае жыццё больш шчаслівым.
Таксама на гэтым тыдні ў Менск прыбудзе пецярбургскі рэжысёр, сузаснавальнік незалежнага кіеўскага тэатра «Мізантроп» Ілля Машчыцкі. 19 снежня ён паставіць спектакль «Дуб Майкла Крэйга Марціна». Соль у тым, што дзеянне будзе нараджацца проста на вачах у гледачоў, а адзін з іх (ты?) стане непасрэдным удзельнікам гісторыі.
Іна Кавалёнак
прадзюсарка тэатральных праектаў «Ок16»
«Міжнароднае супрацоўніцтва – апрыёры плённая рэч. Адным стрэлам яно трапляе адразу ў некалькі мэтаў: дае больш даведацца пра "іншых" і паглядзець на сябе з боку, які б не выявіўся пры іншых абставінах.
Віктара Вілісава сёння неадназначна ўспрымаюць у Расіі. Але факт застаецца фактам – ён адчувае сучаснасць і вывучае яе, кажа пра яе востра, за словам у кішэню не лезе, але аргументуе грунтоўна. Добрая нагода для таго, каб здрыгануцца і паглядзець на сітуацыю ў нас праз новую прызму.
Ілля Машчыцкі (акрамя таго, што таленавіты рэжысёр) збіраецца задаць гледачу ўдвая цікавейшую задачу – стварыць спектакль літаральна на нашых вачах, з дапамогай аднаго з гледачоў. Гэта цікавы эксперымент пра самыя розныя межы кожнага з нас, але яшчэ больш хвалюючым будзе назіраць за тым, як будзе рэагаваць менская публіка. Ці пацвердзяцца стэрэатыпы пра пасіўнасць або ўсё гэта даўно міф?»
Квіткі на лекцыю Віктара Вілісава прадаюць тут, на спектакль-перформанс-дыскусію Іллі Машчыцкага – тут.
Яшчэ больш цікавых падзей у Менску шукай у тэлеграм-канале Lost in Minsk.