«Сінхранізацыя» – лекцыі пра сучарт для нашых бабуль і дзядуль
- Рубрыка: УЛОЎ
- 15.12.2020
- 5380
Анлайн-часопіс пра сучаснае мастацтва Chrysalis Mag разам з культ. цэнтрам «Корпус» пры падтрымцы Інстытута імя Гётэ запусціў курс лекцый «Сінхранізацыя». Сэнс праекта – зрабіць ярчэйшым вольны час пенсіянераў у ковіднай ізаляцыі, а таксама «сінхранізаваць» іх успрыманне мастацтва з успрыманнем маладзейшых генерацый.
Каманда «Сінхранізацыі» спадзяецца, што лекцыі дапамогуць людзям не выпадаць з актуальнай інфармацыйнай павесткі, пакуль яны вымушаныя быць менш актыўнымі праз эпідэмію COVID-19. Мова лекторыя – руская.
Даша Ржаўцава
project-менеджарка праекта
«Пагадзіцеся, паміж нашымі пакаленнямі ёсць пэўны generation gap, і нам часам складана наладзіцца на адну хвалю, растлумачыць, чым мы займаемся і чаму гэта класна. Таму праект носіць назву "Сінхранізацыя" – нам важна не проста растлумачыць, што такое сучаснае мастацтва, але сінхранізаваць нашы пакаленні і даць магчымасць гаварыць на адной мове.
Ну і, вядома, сацыяльных праектаў і вольнага часу для людзей старэйшага ўзросту зусім мала. А калі здарыўся COVID-19, гэта стала зусім відавочна. Менавіта людзі старэйшага ўзросту засталіся ў каранціне без навыкаў карыстання інтэрнэтам, без якога-небудзь баўлення вольнага часу. А энергіі ў нашых бацькоў, бабуль і дзядуляў хоць адбаўляй, дык чаму не накіраваць яе ў навучанне?
Да таго ж гэта выдатная магчымасць навучыць нашых сваякоў карыстацца інтэрнэтам, камп'ютарам, смартфонам. У пачатку курсу мы запісалі невялікі тызер, дзе тлумачым, як выкарыстоўваць відэа, рабіць гучней/цішэй і гэтак далей».
Ксюша Тырсікава
лектарка і арт-менеджарка праекта
«Мы ж з вамі ведаем, якія ў нас крутыя бабулі і дзядулі і якія сціплыя. І як яны радуюцца, калі нешта робяць спецыяльна для іх. Ім такая прыемная гэтая ўвага. Мы вельмі хацелі, каб ім стала цяплей ад таго, што пра іх хтосьці падумаў.
Не ўпэўненая, што сучаснае мастацтва – тая вобласць, якая ім больш за ўсё цікавая, але з чагосьці ж трэба пачынаць. Цяпер гэта, потым падключыцца яшчэ хтосьці, зробім пабольш праектаў, і вось яна – новая Беларусь з клопатам пра кожнага. Мы хацелі б і далей імкнуцца ўцягнуць пенсіянераў у актуальную павестку: цалкам магчыма, што мы зробім друкаваны варыянт лекцый, які будзем распаўсюджваць па цэнтрах даўгалецця і іншых месцах такога кшталту».
Пра што лекцыі і хто лектары(-кі)? «Што такое сучаснае мастацтва і чаму яно не горшае за класічнае» – чытае арт-менеджарка Ксенія Тырсікава; «Савецкае мастацтва» – мастацтвазнаўца Аляксандр Зіменка; «Слоўнік сучаснага мастацтва» – арт-менеджарка Вольга Мжэльская. Таксама запланаваныя лекцыі мастака Bazinato і тэатральнай крытыкесы Алены Мальчэўскай.