Гісторыя аднаго фота. Той самы здымак часопіса «Бинокль”»
- 17.08.2020
- 28734
10 жніўня ў Instagram берасцейскага часопіса «Бинокль”» быў апублікаваны неверагодна эмацыйны кадр, які ты, напэўна, ужо бачыў(-ла): побач з амапаўцам у поўным абмундзіраванні ў рашучай позе стаіць бяззбройны пажылы жыхар Берасця. Здымак адразу ж стаў вірусным – яго рэпосцілі і размяшчалі на сваіх старонках людзі і медыя з усяго свету.
Аўтар здымка – фатограф «Бинокль”» Раман Чмель. А момант на фота – гэта самы пачатак сутычак з АМАПам, што здарыліся ў Берасці (як і ў многіх іншых гарадах) адразу пасля выбараў прэзідэнта Беларусі 9 жніўня. Рэдакцыя «Бинокль”» актыўна асвятляе і фіксуе ўсё, што адбываецца ў горадзе. У той момант рабяты якраз знаходзіліся ў эпіцэнтры барацьбы.
Мы звязаліся з Раманам Чмелем, і вось што ён распавёў:
«Усё адбылося 9 жніўня ў 22:30 на праспекце Машэрава – насупраць 15-й школы. Гэта менавіта той момант, калі пачаліся сутыкненні з АМАП. Я стаяў на супрацьлеглым баку ад школы – і раптам адчуў з'едлівы і вельмі рэзкі пах. Людзі пачалі крычаць: “Аміяк!” Усе адступілі назад, а я перайшоў на другі бок. У гэты момант з натоўпу выйшаў дзядуля і пачаў эмацыйна нешта казаць сілавіку. Але з-за шуму натоўпу і груку па шчытах яго гаворка не было чуваць. Амапавец гаркнуў: “Дзед, валі адсюль!” У той жа момант у гэтае месца ўляцеў на вялікай хуткасці аўтазак – і пачаўся замес: падрывалі шумавыя гранаты і пускалі пярцовы газ. Жанчыны і пажылыя людзі пачалі адыходзіць на бяспечную адлегласць і хавацца ў дварах. Натоўп адыходзіў пад націскам, а мы вырашылі рухацца далей па праспекце».
Пратэсты ў Беларусі доўжацца восьмыя суткі. У першыя чатыры дні народныя выступленні жорстка душыліся сілавікамі: было затрымана больш за 6 тысяч чалавек, большасць з якіх дагэтуль застаецца ў турмах. Зняволеных жорстка збівалі, да іх ўжываліся катаванні – сведчанні аб гэтым множацца з кожным днём. Пра лёс 81 чалавека дасюль нічога невядома – гэтыя людзі цяпер лічацца зніклымі без вестак.
Калі пацярпелі ты ці хтосьці з тваіх блізкіх – вось тут мы сабралі актуальныя ініцыятывы ўзаемадапамогі: ад медыцынскай і юрыдычнай да дапамогі ў пошуку зніклых людзей.
Сачыць за падзеямі ў Берасці зручна праз тэлеграм-канал «Бінокля», а чытаць пра ўсё больш грунтоўна і ў суправаджэнні якасных фотаздымкаў можна на сайце часопіса.