Як аб’ехаць з вулічнымі выступамі паў-Еўропы і не згубіць сябе? Інтэрв’ю з віяланчэлісткай Дар’яй Мяжэннікавай
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 13.09.2024
- 2476
У свае 24 гады віяланчэлістка Дар'я Мяжэннікава не адкладае мары да святога ніколі і смела ідзе туды, дзе страшна. Яна пераадолела боязь публічных выступаў і забабоны наконт вулічных музыкаў, зарабіла вулічнымі канцэртамі на першае аўто, праехала на ім Еўропу ад Польшчы да Іспаніі, спыняючыся ў добрых беларусаў і граючы ў розных гарадах. Цяпер Даша рыхтуецца да туру з музыкам, галоўны трэк якога праслухалі на Spotify 18 мільёнаў разоў, а яшчэ марыць пра ўласнае музычна-танцавальнае шоу.
Пра папулярнасць і акадэмічную адукацыю
– 38 тысяч падпісчыкаў у інстаграме, лайкі, шэры, інтэрв'ю. Ты адчуваеш сябе папулярнай?
– Я проста адчуваю, што іду ў слушным кірунку, але папулярнасць – не. Я нават крыху забараняю сабе гэтае пачуццё, бо ў першую чаргу мне хочацца заставацца добрым чалавекам і сябрам.
– Папулярнасць ператварае людзей у дрэнных сяброў?
– Ёсць такая асцярога. Можа, гэта стэрэатып і ўсё залежыць ад чалавека. Але мне нават некамфортна, калі мне часта пішуць. Маё відэа заляцела ў паўднёвых краінах, а я не магу ўсім гэтым гаваркім мужчынам адказваць – ды і не хачу, па шчырасці. І мне некамфортна ад таго, што я іншага чалавека ігнарую. Сёння з раніцы не магла распачаць дзень, таму што нарэшце вырашыла прагледзець усе паведамленні ў інстаграме. І ў мяне на гэта сышло гадзіны паўтары ці дзве.
– Ну вось так папулярнасць, напэўна, і выглядае.
– Але я не адчуваю сябе папулярнай. Мне нават ніякавата ад таго, што ты так кажаш.
– Акрамя вулічных выступаў, ты зараз граеш недзе з кімсьці?
– Цяпер я граю з AP$ENT’ам. Раней я ў пары песень яму нешта запісвала, і мы разам рабілі каверы ў ціктоку. А ўвесну ў яго стрэліла песня «А можна я з табой?», пасыпаліся прапановы з турамі, і мы ўсё лета рыхтавалі праграму. Ён жа ўсю музыку пісаў сам на камп’ютары і часткова на інструментах. Цяпер мы гэта перааранжыравалі камандай, якую стварылі пад гэтыя песні. Я граю на віяланчэлі і на клавішах.
– І як табе «на другіх ролях»?
– Складана адказаць, таму што ў будучыні мне б хацелася рабіць сваё шоу. Але да гэтага трэба прыйсці. Таму пайграць у гурце, з'ездзіць у тур, выступіць на вялікую аўдыторыю – гэта таксама пэўны досвед. Усё жыццё я займалася акадэмічнай музыкай, а зараз я сябе перабудоўваю на тое, што раблю, і набіраюся жыццёвага досведу, які ні ў якіх універсітэтах не выкладаюць.
«Зараз я набіраюся жыццёвага досведу, які ні ў якіх універсітэтах не выкладаюць»
– Як ты прыйшла ў акадэмічную музыку?
– Я вырасла пад Барысавым у Лошніцы. Там я вучылася ў музычнай школе, і педагог адтуль – гэта проста мая любоў! Потым я вучылася ў Маладзечне ў музычным каледжы, далей паступіла ў Акадэмію музыкі, дзе адвучылася семестр, а пасля мне давялося з'ехаць. Вучыцца мне падабалася, хаця здараліся і расчараванні: у мяне былі чаканні, быццам там усе будуць натхнёныя музыкай, а гэта аказалася зусім не так.
– Як ты выбрала віяланчэль?
– Абсалютна выпадкова. Я прыйшла з бабуляй на фартэпіяна. Па дарозе мяне сустрэла настаўніца віяланчэлі: «Хадземце, пакажу класны інструмент, зараз дзяўчынка-выпускніца вам сыграе!» Я слухаю і думаю: «Фу, які сум!» Віяланчэль вялікая, а я маленькая. Нават маркотна было сядзець у класе з гэтым інструментам. Але бабуля загарэлася, мне не хацелася яе засмучаць, ды і на фартэпіяна не было месцаў. Так я пайшла на віяланчэль. А потым мне вельмі спадабалася, бо мая настаўніца гарэла сваёй справай, любіла нас, любіла сваю працу. Яна вельмі таленавіты чалавек. І таму ў мяне таксама гэта ўключылася. Але зусім камфортна я адчула сябе з віяланчэллю толькі на вуліцы.
Пра выступы на вуліцах
– У цябе было некалькі пераездаў. Чаму ты асела менавіта ў Варшаве?
– Я разглядала розныя варыянты. Напрыклад, паехаць нянькай з пражываннем у нейкую краіну, заадно я магла б дзіця на віяланчэлі ці на фартэпіяна вучыць граць. І думала паступіць ва ўніверсітэт. Падалася, мусіць, у сем чэшскіх універсітэтаў адначасова. Толькі адзін з іх быў музычным, бо я не лічыла сябе настолькі таленавітай і думала аб магчымасці поўнасцю змяніць сферу дзейнасці. Цікава, што мне адказаў толькі адзін універсітэт, і якраз музычны. Але ў выніку я проста прыехала ў Варшаву, дзе ніколі не была. Не ведаю чаму. У мяне тут быў знаёмы, з якім мы ніколі не бачыліся, але камунікавалі.
– Як ты вырашылася выйсці на вуліцу?
– У Польшчы я адразу пазнаёмілася з беларускім бубначом, які граў на вуліцы. На жаль, яго больш няма ў жывых. Але вялікі дзякуй яму за тое, што выцягнуў мяне граць. Каб не ён, я б яшчэ вельмі доўга збіралася. Ён непрафесійны музыка і яму было лягчэй: вывучылі чатыры песні – клас, пайшлі!
– Якія гэта былі чатыры песні?
– Нейкія беларускія, ужо не памятаю.
– Такія, каб адразу за сэрца ўчапіць і за гаманец?
– Ну. Я тады шчыра здзівілася. Раней думала, што на вуліцах толькі бедныя граюць. Праўда, мне да гэтага часу бывае сорамна граць на вуліцы, бо я ж акадэмічны музыка, усё жыццё грала акадэмічную музыку. Але мо пафасна прагучыць, аднак на вуліцы я зарабляю больш, чым у аркестры.
«Раней думала, што на вуліцах толькі бедныя граюць»
– І пры гэтым хочаш з вуліцы сысці. Чаму?
– Таму што люблю развівацца, а вуліца – гэта пэўны этап. Здаецца, столь дасягнутая. Вуліца навучыла мяне ўсяму, чаму толькі магла. Вуліца мяне разняволіла. Гэта тое, чаму я не змагла навучыцца за восем гадоў у музычнай школе, чатыры гады ў каледжы і паўгода ў кансерваторыі. Дванаццаць гадоў я вельмі шчыльна займалася, але кожны раз, калі выходзіла на сцэну, лажала. І гэта было маё пекла.
– Хвалявалася, як успрымуць тыя, хто слухаюць?
– Мусіць, так. Я не ўмела сябе настроіць на добры лад: што я падрыхтаваная і ўсё ведаю. За дзень да выступу я ўяўляла, як выйду на сцэну, зганьблюся і буду плакаць пасля.
– Адкуль такія думкі?
– У мяне з дзяцінства былі высокія да сябе патрабаванні. Але яшчэ была сітуацыя, калі я ўпершыню малая паехала на конкурс. Віяланчэль устаўляецца ў такую спецыяльную палку, якая мацуецца да крэсла, каб фіксаваць шпіль. І вось я ўпершыню на конкурсе, а ў мяне тая палка выскачыла і давялося неяк нагамі трымаць віяланчэль, было незразумела, як дайграваць. Цяпер, дарослая, я б утрымала віяланчэль нагамі і дайграла, не паказаўшы, што нешта адбылося. А тады я моцна плакала. І пасля гэтага ні разу, напэўна, за ўсё жыццё не выступіла нармалёва.
– А на вуліцы ты дазволіла сабе «лажаць» ці як гэты страх сышоў?
– Спачатку я таксама баялася, але мне дапамог пафігізм таго хлопца, які выцягнуў мяне на вуліцу. Ён казаў: «Ды забі! Якая розніца? Так, мы граем чатыры песні тры гадзіны па коле – ну і што?» Ён настолькі пераканаўча гэта казаў, што дзякуючы яму ў тым ліку я сябе перамагла. Ён мог раптам заявіць: «А давай "Нірвану" зайграем!» Я кажу, што не ведаю нот і не ўмею іх падбіраць на слых. Ён кажа: «Ды там лёгка!» І я песню паслухала, крыху падабрала ноты – і праз пяць хвілін мы яе ўжо граем.
– Як ты выбіраеш рэпертуар? Бачу, ты не толькі хіты граеш, але і актуальнае – з «Еўрабачання», напрыклад.
– Я абрала такі шлях, каб быць бліжэй да людзей, і раблю каверы на папулярныя песні. Тое, што людзі ведаюць і што ім будзе цікава пачуць у іншай апрацоўцы. Віяланчэль на вуліцы – гэта дасюль нешта новае, і не так шмат ёсць віяланчэлістаў, якія граюць папулярныя песні. Рэакцыя людзей дапамагла мне адчуць, што я раблю нешта добрае, і паверыць у сябе.
– А ты сама што слухаеш?
– Я люблю Tom Odell, Tom Rosenthal, The Manchester Orchestra. Гэта для душы.
– Гэта значыць, ты падзяляеш тое, што слухаеш ты і чаго хочуць людзі?
– Так. Але я ўсё роўна люблю песні, якія граю. Калі б я іх зусім не любіла, то не змагла б іх выконваць, я б у іх нічога не адчувала. Папулярныя песні, якія мне зусім не падабаюцца, я граць не буду. І так, я спрабавала рабіць каверы на мае ўлюбёныя песні. Але не заўжды гэта людзям зразумела, і гэта ўплывае на іх рэакцыю.
– Ты сказала, што канчаткова палюбіла віяланчэль. Як бы ты растлумачыла, у чым крутасць гэтага інструмента?
– Віяланчэль мае тэмбр чалавечага голасу. І калі я граю, мне падабаецца ўяўляць, што віяланчэль – гэта чалавек, і што гэта не я граю, а віяланчэль як бы кіруе мной. Што яна праз мяне паказвае сваю ўласную душу.
– Якія інсайты пра людзей здараліся з табой за час выступаў?
– Самы галоўны – ніколі не трэба ацэньваць рэакцыю людзей па іх тварах. Часам мне здавалася, што чалавек мяне ненавідзіць, а потым ён падыходзіў і казаў: «Вы так кранулі мяне за душу!» Пасля таго як я пайграла ў розных краінах, я адчуваю розніцу. У Іспаніі людзі больш адкрытыя, шчодрыя на эмоцыі, яны гатовыя і пляскаць, і танчыць. У Варшаве гэта рэдкасць. Нават калі ты суперкласна сыграў, і нават калі людзі гэта адчулі, яны не стануць гэта яскрава выказваць.
– Рэакцыя ўплывае на тваю экспрэсію?
– Раней уплывала. Цяпер я ў сабе выхоўваю, што я артыст і незалежна ад рэакцыі людзей павінна даваць людзям эмоцыі. Гэта ўжо іхняя справа, як іх успрымаць. Але мне спатрэбілася некалькі гадоў на вуліцы, каб не рэагаваць на тое, што частка людзей можа праходзіць міма.
Пра еўратрып з віяланчэллю
– Ты згадала пра Іспанію. Раскажы, як да цябе прыйшла ідэя еўратуру?
– Я вельмі хацела правы і машыну, у Польшчы адчула, што нарэшце магу сабе гэта дазволіць. Здала на правы, купіла сваё першае аўто. Не новае, але тут можна за 2000 долараў купіць добрую машыну.
У 2022 годзе я на ёй паехала валанцёрыць на мяжу. І тады зразумела, што ў свеце няма нічога пастаяннага, таму трэба рабіць тое, што сядзіць у галаве, і не баяцца. Не баяцца рабіць рызыкоўныя крокі, ісці туды, дзе страшна. Для напамінку аб гэтым я нават татуіроўку зрабіла – «Follow your fears».
Тады я толькі-толькі здала на правы і ехаць на мяжу было страшна. Дабіралася гадзін сем з хуткасцю 80 кіламетраў у гадзіну. Але там я пазнаёмілася з кучай класных людзей. Мы сартавалі гуманітарку, рабілі бутэрброды, сустракалі людзей, перанакіроўвалі іх у суседнія гарады, завозілі ў Пшэмышль на машынах, дапамагалі шукаць жытло. Карацей, рабілі наогул усё, пакуль не прыехалі арганізацыі і не арганізавалі ўжо сваю працу.
«Зразумела, што ў свеце няма нічога пастаяннага, таму трэба рабіць тое, што сядзіць у галаве, і не баяцца»
– І праз некалькі месяцаў ты выправілася ў еўратур. У цябе былі асцярогі наконт гэтай ідэі?
– Калі пасля мяжы я вярнулася ў Варшаву, я падумала, што трэба рабіць тое, што хочацца. Нават страшныя рашэнні прымаць, бо гэта пункт росту. І мне ўскінулася паехаць па Еўропе. У адным інтэрв'ю я згадала, што збіраюся ў тур, і мне напісала дзяўчынка, з якой мы разам вучыліся ў каледжы: «Можна я з табой паеду?» Я падумала: мне што важна? Каб чалавек быў добры, каб не піў і каб правы былі – мяняцца за рулём. Яна пад усё падыходзіла, і я такая: «Ну, добра, паехалі».
– А яна на чым грае?
– На скрыпцы. Але ў дуэце мы не гралі. Я не хацела граць ні з кім у дуэце, бо за час, пакуль была ў Польшчы, у нас атрымаўся гурт, з якім потым была куча праблем і ён распаўся. Пасля таго мне больш не хацелася за анікога несці адказнасць.
З дзяўчынкай мы перад ад'ездам у падарожжа аднойчы стэлефанаваліся, спрабавалі нешта спланаваць, але зразумелі, што гэта нерэальна. Мы ж не ведаем, як будзе ў кожным горадзе. Калі недзе будзе дрэнна, нейкія праблемы з паліцыяй, не будзе нармальных месцаў, то як мы заплануем? Трэба прыехаць, праверыць, паглядзець абстаноўку і, калі што якое, ехаць далей. Мы толькі адзначылі гарады і краіны, у якія хочам патрапіць.
За жытло мы амаль нідзе не плацілі. Яшчэ калі па Польшчы я з бубначом ездзіла, то мы проста пісалі ў чаты беларусаў, што вось мы падарожныя музыкі, мо ў кагосьці ёсць магчымасць нас прыняць. І заўсёды нас прымалі, як сваякоў нейкіх, нават вячэру гатавалі. Так і ў Берліне мы начавалі ў некалькіх людзей. І нам пісалі з іншых гарадоў Нямеччыны, маўляў, прыязджайце да нас, мы вас прымем. Гэта вельмі прыемны момант.
Пасля тыдня ў Берліне мы паехалі ў Бельгію, у маленькі горад пад Бруселем, дзе жывуць сваякі гэтай дзяўчынкі. Яшчэ заехалі ў Ратэрдам. Праз тыдзень паехалі ў Люксембург. Потым былі ў Парыжы тры-чатыры дні. І калі выехалі ў Барселону, у нас зламалася машына. Давялося завесці яе ў бліжэйшую СТА, дзе мусілі заплаціць 500 еўра, хоць гэта насамрэч каштавала разоў у пяць менш. Пакуль мы чакалі рамонт, то працавалі ў Парыжы. Пасля дзяўчынцы трэба было вяртацца ў Беларусь, я вярнулася ў Шчэцін, каб сустрэцца з хлопцам, у якога закахалася да ад'езду, і потым зноў паехала. Гэтым разам ужо дасягнула Барселоны. Усё ў цэлым заняло недзе два месяцы.
«Заўсёды нас прымалі, як сваякоў нейкіх, нават вячэру гатавалі»
– Былі моманты, калі ты думала кінуць гэтае падарожжа?
– У першы ж дзень у Берліне! Бо ў Варшаве я ўсіх музыкаў ведаю і ведаю, хто на што здольныя, камфортна сябе ў гэтым адчуваю. Я не чакала, што ў Берліне сустрэну настолькі крутых музыкаў. Спачатку гэта ўдарыла па самаацэнцы. Я адчула, што мне яшчэ рана, мне яшчэ шмат чаму трэба навучыцца, тут я буду ганьбішчам. Гэтыя думкі мяне загналі на нейкі час, але мяне падтрымала сяброўка, з якой я была. Яна вельмі лёгка да гэтага паставілася, сказала: «У іх іншы лёс, іншае жыццё. Яны ў іншых месцах вучыліся, у іншых умовах. І нармальна, што мы вось такія, на сваім шляху». Гэта дапамагло прыняць сітуацыю і ехаць далей.
– Ты добра зарабіла?
– Так, я потым зіму жыла спакойна, бо ўзімку на вуліцы граць я не магу.
– Што ты зразумела пра сябе ў паездцы?
– Што я вельмі смелы чалавек. У моманце я гэта не разумела – здавалася, што кожны так можа, калі захоча. Але рэакцыя людзей давала зразумець, што далёка не кожны і я малайчына.
– Не захацелася застацца жыць дзе-небудзь у Люксембургу?
– Калі я ехала ў падарожжа, то думала, што мяне ў Польшчы нічога не трымае і, калі мне вельмі спадабаецца ў нейкай краіне, я паспрабую там зачапіцца. Але такога жадання не з'явілася. Магчыма, паўплывала мая закаханасць. Але ў цэлым я зразумела, што мне падабаецца Польшча і мясцовы менталітэт. Я зразумела, што хачу тут жыць.
– А ты ўжо абзавялася такімі сябрамі, якім можаш усё-ўсё расказваць?
– Ужо так. Мне здавалася, што я такі чалавек, якому ніхто не патрэбны. Я не люблю прывязвацца да людзей і не ўмею выбудоўваць глыбокае сяброўства. Але падчас вандроўкі па Еўропе я зразумела, што ў мяне ў Польшчы ёсць сябры і што я па іх сумую.
– Ходзіш у Варшаве на ўсякія беларускія тусоўкі?
– Раней хадзіла, грала на розных беларускіх імпрэзах. Цяпер не граю. Было за гэта пачуццё віны, але я разумею, што мне трэба будаваць сваё жыццё далей. Я зрабіла ўсё, што магла. У беларускія бары я не хаджу, бо не п'ю алкаголь. На канцэрты таксама, бо гэтага ў мяне і так у жыцці зашмат. Для мяне адпачынак – гэта зачыніцца дома і некалькі дзён ні з кім не размаўляць.
– У цябе ў адным з пастоў быў подпіс «Just go your own way». Які ён – твой шлях?
– Складана сказаць. Раней я заўсёды нешта планавала, але потым жыццёвыя акалічнасці так складаліся, што планаваць было немагчыма нічога. І зараз мой шлях – гэта банальна займацца сваёй справай, развівацца ў ёй і заставацца добрым чалавекам.
«Мой шлях – гэта банальна займацца сваёй справай, развівацца ў ёй і заставацца добрым чалавекам»
– Куды думаеш рухацца ў музыцы?
– Мне б хацелася выступаць з шоу-праграмамі, але не з музыкамі, а з танцорамі. Каб і граць, і танчыць. Усё ж акадэмію я не скончыла, а ў Польшчы складана займацца толькі сваім тэхнічным развіццём, бо паралельна даводзіцца рабіць шмат рэчаў: быць сабе і SMM-шчыкам, і менеджарам, а яшчэ на вуліцы граць, каб зарабіць на жыццё. Няма часу і магчымасці сядзець і займацца шмат гадзін, як гэта было, пакуль я вучылася ў Беларусі. Таму мне хацелася б развівацца ў напрамку менавіта шоу.
Фота прадстаўленыя гераіняй матэрыялу