Sad Orchestra: як «аркестр без дырыжора» захоўвае памяць пра выбітных сучасных артыстаў?

  • 21.08.2024
  • Аўтар: 34mag
  • 2362

Раней мы пісалі, што на паўвостраве каля Белай Царквы (там, дзе звычайна праходзіць фестываль Sprava) зараз можна падзівіцца на эксперыментальны праект Sad Orchestra. Сёння падрабязна распавядаем пра гэты ўдумлівы сад авангарднай спадчыны, прыхаваны ад пратаптаных сцежак.

Sad Orchestra прысвечаны тром яскравым асобам незалежнага беларускага мастацтва, якія заўчасна пакінулі гэты свет: кампазітару, гітарысту Леаніду Нарушэвічу, музыку, бубначу Арцёму Залескаму, тэатральнаму крытыку, рэжысёру Аляксею Стрэльнікаву. Кожнаму з культурных герояў прысвечана сваё дрэва – наведаўшы іх, можна пакамунікаваць з творцамі і іх творчасцю. Сад існуе не толькі ў фізічнай прасторы, але і ў сеціўным увасабленні: у аўдыявізуальнае падарожжа можна выправіцца па адрасе sadorchestra.space (для якаснага прачування атмасферы лепш карыстацца навушнікамі).

 

 

Мацвей Сабураў – музыка, арганізатар Sprava – распавядае пра тое, як прыдумаў «Сад»:

– Мы збіраліся зрабіць арт-цэнтр у Чарэі і мець стацыянарную паляну, куды мы і людзі з усяго свету прыязджаюць і робяць варушнякі: тэатральныя, музычныя, якія заўгодна. Мы ідэнтыфікуем сябе не як фестываль, а менавіта як генератары такога поля. І вось некаторыя людзі, якія рабілі поле, стваралі тканіну жыцця, узялі і памерлі.

Памірае Лёня Нарушэвіч – чалавек, які рабіў дзясяткі фестываляў, граў вельмі розную музыку з рознымі людзьмі, музыку сусветнага ўзроўню. А яго смерць праходзіць зусім незаўважанай. Гэта не Фрэдзі Мэрк'юры памёр і ўсе сабраліся на «Уэмблі» спяваць песні Фрэдзі Мэрк'юры. У нас памрэ дырэктар музея – яго імем назавуць піянерскі атрад у мастацкай школе. А пра Леаніда Нарушэвіча ніхто так не зробіць, калі сям'я не замарочыцца. Або пра Лёшу Стрэльнікава. Яго тата трымае сайт, але гэта дзеянне сям'і, а не дзеянне поля. А мы, у полі, мы карысталіся іх дзеяннямі, і мне здаецца, што гэта наша адказнасць – захаваць памяць пра гэтых рабят і іх спадчыну.

Уласна, Sad Orchestra для таго і зроблены. Каб чувак, які ў васямнаццаць гадоў збіраецца граць на гітары імправізацыйную музыку, дзякуючы інсталяцыі сутыкнуўся з музыкай Лёні Нарушэвіча і стартаваў не толькі з Джона Зорна, а яшчэ і з Лёні. Задача была ў тым, каб стварыць мемарыял, але не пра трагедыю жыцця і смерці, а пра спадчыну і ўзаемадзеянне са спадчынай. Вось такая тэарэтычная задача.

 

«Каб чувак, які ў васямнаццаць гадоў збіраецца граць на гітары імправізацыйную музыку, стартаваў не толькі з Джона Зорна»

 

– Як яна рэалізоўвалася на практыцы?

– На кожным дрэве вісяць сонечныя батарэйкі, такія шэранькія скрыначкі. У шэранькіх скрыначках – аднаплатны камп'ютар з усёй інфармацыяй, з усімі інтэрфейсамі. Гэта ўсё сабрана ў сістэму і адно з адным камунікуе. Датчыкі адсочваюць, калі яно ўключаецца, калі яно выключаецца. Ёсць святло на кожным дрэве, якое працуе дынамічна. І сярэднерандомная перадача музык, напісаных трыма кампазітарамі: з Лёніных гітарных патэрнаў Антон Анішчанка зрабіў тры гадзіны лупаў рознага настрою, я зрабіў пра Лёшу Стрэльнікава тры гадзіны музыкі, Сярога Краўчанка зрабіў з Цёмавай музыкі яшчэ тры гадзіны. І ўсё гэта мікрафрагментамі мяшаецца ў бясконцы ambient mix. Мы яго не прадказваем: усё працуе ў залежнасці ад таго, колькі тут людзей, якая пара года, якое сонца ці ня-сонца сёння. Аркестр без дырыжора. Тут можна лавіць доўгія кайфы і сутыкацца з тым, што гэтыя рабяты рабілі і пра што яны думалі.

Можна падысці і з кожным дрэвам паўзаемадзейнічаць: на Цёмавым дрэве – пабарабаніць, у Лёні можна на гітары разам з ім паграць, з Лёшам пагаварыць можна – ёсць заначаныя мікрафончыкі. І гэта work in progress. Напрыклад, гатовы замес, каб з Лёшам размаўляць і ён табе адказваў свядома, але мы гэта не запускаем, бо хочам пагаварыць перадусім з яго жонкай Алёнай. Ды і самі яшчэ не вырашылі, ці патрэбны гэты аватарны дзвіж.

У час фестывалю тут будзе ambience сцэна без музыкаў. Дадасца гук, святло, і яно будзе працаваць кругласутачна.

 

 

 

– На што сышло больш за ўсё часу? 

– Вельмі шмат часу ўзяла інжынерыя. Я не люблю паяць, але правісеў на гэтых дрэвах тыдзень. З таго, што ў гэтых скрыначках, я паспрабую зрабіць стартапчык. Не для таго, каб грошай зарабіць. Проста калі ты мастак сучасны ці архітэктар, які стварае гарадское асяроддзе, пры дапамозе такіх скрыначак ты зможаш ажыўляць прастору – святлом, гукам, вадой, чым заўгодна. Гэта ўжо адпрацаванае інжынернае рашэнне, якое каштуе капейкі ў параўнанні з тым, калі замовіць такую скрыначку на нейкім прадпрыемстве – там ты заплаціш дзясяткі тысяч еўра.

 

«Я не люблю паяць, але я правісеў на гэтых дрэвах тыдзень»

 

Невялікі профіт, які ў нас быў з фэсту, заўсёды сыходзіў у такога тыпу штукі. Цяпер фестывалю няма, нам трэба акумулятарамі закупіцца, а я сюды ўжо паклаў сваіх грошай дастаткова, у мяне больш няма. Патрэбны нейкі праекцік, фестываль у ідэале.

– Як ішла праца над праектам?

– Мы з Базылём блукалі тут паўтара года таму, выбіралі, якое дрэва Цёма, якое Лёша, якое Лёня. Пакуль Базыль рабіў аб'екты, то месяц тут жыў, і мы шмат размаўлялі акрамя працы. Дарослыя людзі з каманды ведалі, пра каго гэта робіцца. А маладыя рабяты атрымалі суперэкспірыенс: адкрылі Bandcamp Лёні Нарушэвіча, паслухалі адзін альбом, другі – «блін, як я жыў без гэтага?!».

Але каб нехта паслухаў Лёню Нарушэвіча – гэта толькі звяно ў ланцужку. У ідэале тут адбываецца сутыкненне з незвычайным, потым – прыкладванне на свой набор вектараў: куды цябе гэта выцягне ці не выцягне? І вось недзе далей ты можаш сутыкнуцца са спадчынай.

Стацыянарная праца з памяццю нашмат больш лінейная: дастаецца нешта важнае, выстаўляецца наперад і ператвараецца са складанага ў вельмі простае. Мулявін – і ты адразу: вусы і «любіць Беларусь маю мілую», хоць складанасць гэтага персанажа зусім іншая, як і любога важнага ў нашай гісторыі персанажа. У народзе гэта захоўваецца нашмат прышпільней, нелінейна. Жыла якая-небудзь бабка Матрона ў вёсцы Будзілава, і ўсе расказвалі пра яе рознае. Людзі аддаліліся ад гэтага, і праблема мемарыялізацыі сёння – у жаданні кіраваць успамінамі.

 

«Калі нехта памірае, увесь Facebook пакутуе. А паслязаўтра – выдатны стралок з Турцыі, і ўсё патанула»

 

– А ты не ведаеш, ці былі ў Беларусі падобныя на Sad Orchestra праекты?

– Думаю, што ў нейкіх музеях маглі ўзнікаць мемарыяльныя праекты, але не пра людзей, якія зусім нядаўна былі з намі. Мы ні на каго не арыентаваліся, я нават не ведаю, ці ёсць такое ў Еўропе.

Мне падаецца, гэта складанасць сучаснага свету. Калі нехта памірае, увесь Facebook пакутуе, усе такія бля-бля-бля. А паслязаўтра – выдатны стралок з Турцыі, і ўсё патанула. Яно нават не застаецца глеем, не баламуціцца, а расчыняецца ў прасторы. Можа, у далейшым з’явіцца магчымасць аднаўляць памяць аб людзях праз іх інтэрнэт-след. Насамрэч база на ўсіх трох артыстаў існуе сур'ёзная – у іх сацыяльных сетках, у інтэрв'ю і гэтак далей. Можна вельмі шмат чаго з гэтага аднавіць, але ніхто гэтым не займаецца.

 

 

Bazinato – аўдыявізуальны мастак – тлумачыць, як былі абраныя тры дрэвы для трох артыстаў:

– Выбар прыпаў на тры вельмі розныя дрэвы. Вялікае, магічнае дрэва, ад якога зыходзіць шмат энергіі, было абранае для постаці Нарушэвіча – чалавека, які ствараў музыку, што ўплывала на асяроддзе і час. Дрэва Нарушэвіча – гэта месца сілы. Яно выглядае досыць архаічна, у духу алтарных мясцін нашых продкаў: камяні, дрэва, гітара такая драўняная, на якой можна граць і ўзаемадзейнічаць і з зямлёй, і з космасам, і з чалавекам, і з мінулым, і з сучаснасцю, і пасылаць сігналы ў будучыню.

Дрэва, прысвечанае Аляксею Стрэльнікаву, – гэта дрэва агню, полымя, вясёлкавага, рознакаляровага. Агонь то добры, то нядобры, ён розны, бо, здаецца, Аляксей быў дастаткова розным чалавекам. І ўся яго творчасць застаецца дастаткова спецыфічнай: не кожны адразу ўвойдзе ў гэтыя воды. Я хацеў стварыць нібыта алтар-сцэну, з якой Аляксей робіць тое, што любіў рабіць: размаўляе з людзьмі, нешта прыдумляе.

Трэцяе дрэва было своеасаблівае, трошкі не такое прыгожае і зразумелае. Усё ж Цёма Залескі быў такі чалавек, які збіраў у сабе шмат усяго: не тое каб сіметрычнага, не тое каб зразумелага, не тое каб зручнага. Зыходзячы з гэтага вобраза, было створанае дрэва, на якім навешана вельмі шмат усякіх аб'ектаў, якія гучаць, брынчаць, храбусцяць.

 

«Людзям, якія ніколі не былі знаёмыя, гэта можа дапамагчы знайсці ў сабе сілы і жаданні»

 

Дзіўна, што ў гэтым лесе тры дрэвы, тры чалавекі, тры сусветы ствараюць новы сусвет. Ва ўсе тры гісторыі могуць прыходзіць людзі і далучацца да іх, весці дыялог. На мой погляд, самае важнае – гэта працяг дыялогу, распаўсюджванне музычных, творчых, тэатральных, рэжысёрскіх ідэй кудысьці далей. І людзям, якія ніколі не былі знаёмыя, гэта можа дапамагчы знайсці ў сабе сілы і жаданні. Праект можа расці, пашырацца, і гэта мяне вельмі радуе. Гэта ўнікальная з'ява – мемарыял, які жыве.

 

 

Антон Анішчанка – філд-рэкардыст, музыка і кампазітар – дзеліцца адчуваннямі ад вынікаў працы са спадчынай Леаніда Нарушэвіча:

– Я не магу пахваліцца, што я зрабіў нейкі суперглыбінны рэсёрч, вывучыў усе артыкулы з 80-х гадоў. Але я слухаў яго музыку, і я думаю, што праз музыку можна прасякнуцца не менш, чым сэнсавымі штукамі праз тэкст.

Для мяне гэта быў першы досвед калектыўнай творчасці такога плану, калі вы не сядзіце разам у студыі і нешта накідваеце, а калі тры чалавекі працуюць кожны па сваёй лініі. Так, мы абмяркоўвалі нешта, але ўвогуле праект быў зроблены без слоў, без мільёна размоў і сазвонаў. І ў нас атрымалася вельмі крутая штука, якая настолькі арганічна інтэгравалася ў прыродны ландшафт. Не скажаш, што гэтая інсталяцыя перабівае прыроду ці ўрываецца ў яе, як самалёт ці трымер. Няма адчування, што ты прыйшоў паслухаць прыроду – а там нешта такое пачынаецца, што цябе раздражняе. Мне падаецца, тут усё атрымалася.

 

«Не скажаш, што гэтая інсталяцыя перабівае прыроду ці ўрываецца ў яе, як самалёт ці трымер»

 

 

 

Сяргей Краўчанка – музыка і пісьменнік – распавядае пра матывацыю ўдзельнічаць у праекце:

– Па-першае, гэта важнае асабіста для мяне поле – праца з памяццю, са спадчынай, бо я ведаю, што калі гэтую працу зрабіць добра, то і будучыня будзе лепшай. Пры рыхласці і раз'яднанасці, адсутнасці пераемнасці ў авангарднай беларускай культуры такі мемарыяльны праект важны і як асвета, і як архіў, і як крыніца натхнення для жывых.

Па-другое, я вельмі паважаю тых людзей, каму гэтая праца прысвечана. Паважаю іх за аўтсайдарства і бескампраміснасць, за прытрымліванне свайго ўнутранага компаса. Я быў асабіста знаёмы з усімі, усіх бачыў на сцэне, ля сцэны, за сцэнай, на Камароўцы, у полі, у кінатэатры. Канцэрты «Князя Мышкіна» 1997–1998 гадоў – адны з першых магутных уражанняў ад лайваў у маім жыцці: калі ўзнікае падазрэнне, што правілы іншыя або іх зусім няма.

 

«Праект важны і як асвета, і як архіў, і як крыніца натхнення для жывых»

 

Па-трэцяе, сама ідэя гучала дастаткова фантастычна, каб за ёй захацелася пайсці. Sad Orchestra – унікальная штука, навуковая фантастыка. Бо задача каманды была не толькі пасяліць у лесе аўтаномны высокатэхналагічны аркестр з датчыкамі, платамі і правадамі, але і пераадолець рэальнасць: дазволіць сабе стварыць групу, якая магла б быць, але якой ніколі ў рэальнасці не было і ўжо не будзе, таму што ўдзельнікі памерлі. Узяць на сябе адказнасць і стварыць узаемадзеянне творчых патэнцыялаў, няхай фізічнай магчымасці ў іх носьбітаў для гэтага больш няма. Затое ёсць метафізічная.

Па-чацвёртае, уласна каманда. За такімі людзьмі – інжынерамі і мастакамі – складана не пайсці на любую авантуру, бо дакладна ведаеш, што будуць і прыгоды, і выбітны вынік. Адны толькі размовы пра інжынерную частку, у якіх не разумееш 99%, гучаць натхняльна. Што ўжо казаць пра аблепленыя карой спікеры або чароўныя скрыні, у якіх барахло з аліэкспрэса, аб'ядноўваючыся з дрэвамі, ператвараецца ў жывыя арганізмы.

Мая задача як музыкі складалася ў тым, каб пераасэнсаваць хоць крыху спадчыны Арцёма Залескага і трансфармаваць яе пад ідэю нашага драўлянага аркестра. Зрабіць так, каб гучаў менавіта Арцём як адзінка. Часткова якім ён ёсць (бо я выкарыстаў запісаныя ім партыі), часткова – якім я яго памятаю, якім я прыдумаў і яго, і яго музыку (бо, вядома, мае веды пра Арцёма – не Арцём).

Можна сказаць інакш – я працаваў з музычным матэрыялам так, быццам бы мне даслаў яго аўтар і сябар з просьбай дапрацаваць або зрабіць рымейкі на свой густ. Адзінае што пра фідбэк аўтара можна толькі здагадвацца, блукаючы па садзе пасярод паўвострава.

Не менш важнай задачай было зрабіць так, каб створаныя мной і іншымі рабятамі аўдыяпалотны перасекліся ў часе і прасторы, зліваліся, не пакідаючы пасля сябе адчуванне мудрагелістай какафоніі. Забаўна, што «зрабіць» гэта практычна нерэальна – толькі калі пераламаць праз калена і матэрыял, і яго аўтараў пад свае патрэбы. Тым дзіўней было пачуць на першым жа праслухоўванні, калі ўсе прынеслі свае трэкі і сталі іх у адвольным парадку аб'ядноўваць, што ўсё з усім спалучаецца, усё сапраўды працуе як аркестр: псіхадэлічны, дзіўны, але блізкі. Гэта было вельмі натхняльна – нібы чарговы доказ, што ўсё можа суіснаваць і дапаўняць адно адно, бо мае нейкую адну аснову, адно ядро, адзін квант. Нешта з фізікі ці метафізікі. 

 

 

 

 

 

Ягор Вецер – тэхналагічны прадпрымальнік, архітэктар «жалеза» і ПЗ – апісвае тэхнічны змест праекта простымі словамі:

– Ёсць тры дастаткова аўтаномныя сістэмы, кожная з якіх мае набор элементаў для стварэння інтэрактыву з карыстальнікам. Груба кажучы, ёсць датчыкі, тое, што вызначае, хто да нас прыйшоў і што ён робіць; ёсць «мазгі», якія ўсё гэта апрацоўваюць і вырашаюць, што рабіць з атрыманым уводам; і ёсць сістэмы адлюстравання, якія выводзяць вынікі – то-бок усялякае святло, гук, эфекты. Ізаляваныя вузлы аб'яднаныя для сумеснага прыняцця рашэнняў і інтэрактыву паміж імі, для атрымання энергіі і дыстанцыйнага кіравання. Гэта значыць, тры самастойныя аб'екты, якія размаўляюць адзін з адным, размаўляюць з карыстальнікам, адказваюць на дзеянні карыстальніка і пры гэтым незалежныя ад вонкавых крыніц энергіі і сілкуюцца ўсялякай зялёнай электрычнасцю. Input ідзе не толькі ад чалавечай прысутнасці, але і ад узаемадзеяння: хто прыйшоў, што ён кранае, калупае, куды гарлае.

 

Аляксей Клышко – інжынер праекта – распавядае, як зразумеў, што ўсё было не дарма:

– На фестывалях я займаюся ў асноўным агульнымі электрасеткамі, а тут упершыню працаваў не з электрыкай, а менавіта з дробнай электронікай: злучаў схемы, правяраў іх працу і ўзаемадзеянне, глюкі і праблемы. Спайваў платы, правяраў працаздольнасць сістэмы, каб яна адгукалася на нашы дзеянні, разумела нас. З тэхнічнага пункту гледжання праект даў мне разуменне, што можна ўдалечыні ад цывілізацыі рабіць электронныя праекты. І гэта цалкам рэалізуецца нават з такой ідэяй, як «а давайце зробім у першы раз у жыцці штосьці такое!».

Былі некалькі дзён, калі мы паялі святлодыёды без перапынку ў адным пакойчыку. У мяне сышла велізарная шпулька прыпою, і я быў у стане дзікага трансу: хутчэй бы гэта ўсё скончылася. А потым сістэма запрацавала. І калі мы ўжо з сябрамі адпачывалі ў вёсцы з намётамі, усё гучала, і людзі хадзілі глядзець, расказвалі, як там на некалькі гадзін захрасалі, слухаючы і ўспамінаючы рабят. Тое, што мы зрабілі, сустракае водгук. Гэта напоўнена сэнсам.

 

 

Глеб Рысавец – інжынер праекта – праменіцца радасцю ад таго, што ўсё атрымалася:

– Для мяне самы кайф, што мы скончылі, бо момант, калі ўжо мінуў пункт незвароту – і зноў нешта ламаецца... Часам рукі апускаліся. Але ўсё роўна ўсе садзіліся і выпраўлялі. І – даціснулі. Гэта кайфова.

Па дрэвах я налазіўся, ох налазіўся. Я браў адпачынак на дзесяць дзён са сваёй асноўнай працы. Прыехаў у вёску з думкамі, што зараз мы за пару дзён усё зробім, а далей буду сядзець піва піць. У выніку – па дзесяць гадзін на дрэвах, на гэтых драбінках у раскараку, адной рукой трымаешся, другой прывязваешся да дрэва, вешаеш гэта ўсё на пяці-шасціметровай вышыні.

 

«Праект, пасля якога будуць іншыя падобныя па насычанасці праекты»

 

У плане канцэпцыі гэты праект – класны паказчык таго, як можна даволі сумную гісторыю зрабіць вельмі прыгожа. Я пра такое раней нават не чуў. Гэта канкрэтна падыход Sprava да такіх рэчаў. І такое рашэнне класнае, нестандартнае, яно захапляе. З такім хочацца судатыкацца. Менавіта таму я з вялікім задавальненнем улез у гэты складаны тэхнічна праект. А патэнцыял яго ў тым, што мы паказалі прыклад рашэння вельмі складанай задачы, і гэта можа быць першая прыступка. Праект, пасля якога, спадзяюся, будуць іншыя падобныя па насычанасці праекты.

 

 

Фота: palasatka