Конкурс «Шуфлядка» чакае рукапісы
- Рубрыка: УЛОЎ
- 22.03.2025
- 433
Стартуе трэці сезон конкурсу рукапісаў «Шуфлядка». Прыз – выданне трох папяровых кніг.
Якія рукапісы прымаюць на конкурс:
на беларускай мове (дапускаецца аўтапераклад);
якія не выдаваліся раней ні на якой мове;
пасуюць пад адну з трох намінацый: дзіцячая і падлеткавая кніга; нон-фікш і дакументальная проза; масавыя жанры (фантастыка, фэнтэзі, прыгоды, дэтэктыў).
Абмежаванняў па ўзросце, пашпарце ці месцы пражывання аўтараў і аўтарак няма. Дасылаць можна колькі заўгодна рукапісаў – нават ва ўсе намінацыі па некалькі. Але калі твор мае ISBN – напрыклад, выдаваўся ў электронным ці аўдыяфармаце або на іншых мовах – гэта адразу не. З падрабязнасцямі рэгламенту можна азнаёміцца на спецыяльнай старонцы.
Пераможцаў абвесцяць у канцы чэрвеня. Па выніках конкурсу на свет з’явяцца тры папяровыя кнігі. Выдавецтвы вызначаюцца праз тэндар.
Фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova ладзіць «Шуфлядку» трэці раз. Дзякуючы конкурсу былі выдадзеныя «Забойства на вуліцы Макаёнка» Клёка Штучнага, «Жыццё ў 12 апавяданнях» Аляксея Правалоцкага, «Матулін дзень» Надзеі Ясмінска, «Вольнеры. Бясконцы дзень» Валера Гапеева, «Джа. Легенда аб забраным сэрцы» Эліяша Барта, «Слюнькоў. Палітычная біяграфія» Дзяніса Марціновіча.
Рукапісы прымаюць праз гугл-форму. Дэдлайн – 15 красавіка. Па ўсіх пытаннях можна пісаць на shuflyadych@gmail.com. За апдэйтамі ў конкурсе зручна сачыць у інстаграме Pradmova.