Улоў #13

  • Рубрыка: УЛОЎ
  • 19.05.2017
  • 11319

13-ы ўлоў прыляцеў у пятніцу, але самае містычнае ў ім – значэнне твайго імя па версіі папулярнага слоўніка слэнгу. Сярод іншых цікавостак – трэйлер новага Звягінцава, бамбічны фэст гэтага лета, артыкул пра адкрыты шлюб і арт-праект пра Нішто ў медыя.

 

 

Прэм'ера тыдня:

 

 

Надоечы адкрыўся яшчэ адзін Канскі кінафестываль. І пакуль глянец піша пераважна пра тое, як смачна Моніка Белучы пацалавала Алекса Лутца, любімчык еўрапейскіх аглядаў Андрэй Звягінцаў паспеў адстраляцца ў асноўнай праграме. Яго «Нелюбоў» адназначна зайшла крытыку Антону Доліну, а крытыку Станіславу Зельвенскаму – хутчэй не. Паколькі ў шараговага гледача няма магчымасці вырашыць, за які клуб заўзець, можна проста заліпнуць у трэйлер і пераканацца, што ўсё ў Звягінцава прыгожа. Як заўсёды і да мурашак.

 

 

 

 

Хак тыдня:

 

 

Група хакераў умыкнула кіношку «Піраты Карыбскага мора: Мерцвякі не распавядаюць казкі» і патрабуе выкуп. У біткоінах. Калі Disney не раскашэліцца, дзёрзкія хлопцы пагражаюць выкласці ў сетку пяціхвілінны эпізод, а потым і ўвесь фільм – кавалкамі па 20 хвілін (ну, для большага драматызму). Дарэчы, у канцы красавіка, не дачакаўшыся выкупу, групоўка The Dark Overlord зліла ў сетку 10 серый папулярнай тэлежуйкі пра жаночую турму.

 

 

 

Хайп тыдня:

 

 

Карыстальнікі рунэту выявілі, што ў круты слоўнік слэнгу можна забіваць свае імёны – і атрымліваць кампліменты. Алеся, згодна Urban Dictionary, «ведае, як прымусіць іншых людзей усміхацца», Антон «вельмі атлетычны» і ў яго «шмат дзяўчат», а Кася дапамагае людзям «адчуваць цяпло ўнутры». Аднак не ўсім шанцуе з азначэннямі. Толік, на думку UD, той яшчэ ныцік: «Always having to, or finding something to bitch about» – але мы цалкам не згодныя!

 

 

 

 

Паніка тыдня:

 

 

 Ты можаш год махаць катанай на тэрыторыі кампуса, калі ты белая дзяўчына, але варта разок прагуляцца з клеявым пісталетам, будучы цемнаскурым хлопцам... Нацыянальная гвардыя, як Чып і Дэйл, ляціць на дапамогу па першым сігнале. Лаві гісторыю пра стэрэатыпы і прывілеі.

 

 

 

 

Лонгрыд тыдня:

 

 

«Тэорыя палігаміі прасцей, чым практыка». Журналістка The New York Times Сьюзан Домінус паразмаўляла з неманагамнымі партнёрамі пра каханне, рэўнасць, жаданне і давер. Артыкул ірве шаблоны: ініцыятарамі адкрыцця адносін у большасці апытаных пар былі жанчыны.

 

 

 

 

Планы тыдня:

 

 

Арт-цэнтр Closer, які паспелі ўжо ахрысціць кіеўскім Berghein, зладзіць «фестываль электроннай музыкі і смелай культуры» ў жніўні. На Brave! Factory будзе рай для тых, хто любіць танцаваць на заводах: «Цэх і склад ператворацца ў рэйв-прастору і галерэю, а іх сцены – у гіганцкія палотны; бетонныя пляцоўкі і раптоўныя гаі – у канцэртныя сцэны і дзённыя танцполы; элеватары, краны, станкі, старыя бочкі і трубы – у інсталяцыі». Лайнап пакуль невядомы, але ты хапай квіткі тут.

 

 

 

 

Выданне тыдня:

 

 

Крэатыўная група Sideline стварыла прадукт спяцом для грамадства, залежнага ад гарачых навін, плётак, сэлфакоў, чатаў, канспіралагічных тэорый, канапавай аналітыкі, парнушкі і гіфак з коцікамі. Гэта – «абсалютнае нішто». Нішто ў THE TIMES, нішто ў DIE ZEIT, нішто ў LE MONDE, нішто ў EL PAÍS, нішто ў «Аргументах і фактах». Атрымай асалоду ад чыстых палос.

 

 

 

 

Відэа тыдня:

 

 

Стваральнік «Вечнага ззяння чыстага розуму» Мішэль Гандры зняў раскошны прома-ролік для музычнага сэрвісу Pandora. Згодна з сюжэтам гераіня відэа трапляе ў выдуманыя сусветы, якія рэпрадуктуюць вокладкі культавых пласцінак. Побач з малым, што на Nevermind, яна таксама плавае!

 

 

 

 

Кліп тыдня:

 

 

На новае відэа ад IDM-зоркi Крыса Кларка можна заліпаць даўжэй, чым на класічны дыван ручной работы. За адным махам і вестыбулярку прачэкаеш.

 

 

 

Улоў збіралі Zamandarin, Sheeborshee і Manaxrom