Калі цябе абражае, як у судах, на грамадскіх акцыях і выбарах асуджаюць бязвінных, збіваюць людзей і фальсіфікуюць вынікі, ёсць адзін з варыянтаў, як з гэтым працаваць, – грамадскае назіранне. Што гэта такое, навошта яно і як запісацца ў шчыльныя шэрагі ахоўнікаў справядлівасці ў краіне – чытай ніжэй.
Грамадскае назіранне (або грамадскі кантроль) мае некалькі тлумачэнняў.
У шырокім сэнсе грамадскі кантроль – гэта назіранне за выкананнем любых норм, стандартаў і законнасці ў краіне, у тым ліку ў Парламенце, які гэтыя законы і прымае.
У больш вузкім сэнсе грамадскі кантроль – гэта незалежнае назіранне грамадзянскай супольнасцю за дзеяннямі або рашэннямі органаў улады. Інакш кажучы, грамадзяне сочаць за тым, каб у дзяржаве захоўваліся і абараняліся фундаментальныя правы і свабоды чалавека ў дзяржаве.
Назіраць можна на выбарах, на мірных сходах ды ў судах. Яшчэ важна сачыць за дзеяннямі ўлады і ў турмах, вайсковых частках, псіхбальніцах.
Самі назіральнікі – нейтральны, незаангажаваны бок. Яны сочаць за тым, каб мірны сход, выбары альбо суд адбываліся ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Грамадскае назіранне – гэта важная крыніца незалежнай інфармацыі. Звычайна пасля кожнага назірання складаецца спецыяльная справаздача, у якой выкладаюцца асноўныя парушэнні, якія былі заўважаныя падчас мерапрыемства.
Справаздачы патрэбныя для таго, каб зафіксаваць хібы ў выбарчым працэсе ці ў працы міліцыі альбо іншых органаў. Галоўная мэта справаздачы – палепшыць тое, што зараз кепска. Сваім грамадскім кантролем мы нагадваем, за чые падаткі працуюць дзяржслужачыя і абараняем свае правы.
Вынікі справаздач публікуюцца праваабарончымі арганізацыямі на іх сайтах ды ў сацыяльных сетках.
Незалежнае назіранне базуецца на пяці асноўных прынцыпах:
- павага да закона;
- клопат пра сваю бяспеку;
- незалежнасць і палітычная нейтральнасць;
- фіксацыя фактаў, а не меркаванняў;
- адмаўленне ад любых формаў гвалту і дыскрымінацыі.
На масавых мерапрыемствах назіранне адбываецца і за ўдзельнікамі, і за арганізатарамі, і за дзяржавай (у выглядзе міліцыі).
На назіранні ў судзе назіранне адбываецца за працэдурнымі момантамі. Важна прасачыць, ці адкрыты і даступны судовы працэс, наколькі справядлівы суд і ці праходзіць ён у адпаведнасці з заканадаўствам.
На назіранні на выбарах (на ўсіх узроўнях) назіральнікі сочаць за тым, каб выбары не фальсіфікаваліся як з боку выбарчай камісіі, так і з боку самім выбарцаў.
Назіральнікам у Беларусі можна стаць любы чалавек ад 18 гадоў. Тваё грамадзянства не адыгрывае вялікай ролі. Толькі для назірання на выбарах трэба быць грамадзянінам Беларусі.
Назіраць можна па сваёй уласнай ініцыятыве, але зручней ажыццяўляць грамадскі кантроль праз праваабарончыя арганізацыі.
Звычайна ў арганізацыях ёсць распрацаваная метадалогія назірання, і яны займаюцца асноўнай падрыхтоўчай працай – рэгістрацыяй назіральнікаў і інструктажам.
Назіральнікі не могуць удзельнічаць у сходзе ці быць кандыдатамі падчас выбараў.
Перад самой працэдурай кожны жадаючы праходзіць пэўны інструктаж, падчас якога распавядаюцца асноўныя прынцыпы назірання, правы і паўнамоцтвы кожнага з бакоў.
Назіральнік павінен трымацца прынцыпаў грамадскага кантролю і метадалогіі назірання. Пасля мерапрыемства запоўніць анкеты (выдаецца арганізацыяй), апрацаваць іх і напісаць маніторынгавую справаздачу. На мірных сходах таксама яшчэ прааналізаваць паводзіны арганізатараў і ўдзельнікаў дэманстрацыі і міліцыянтаў. У прыватнасці, назіральнікі сочаць за дзеяннямі праваахоўных органаў і ўдзельнікаў.
Менавіта незалежныя назіральнікі сочаць за тым, каб міліцыянты не збівалі дэманстрантаў, выбарчыя камісіі не падкідвалі лішнія бюлетэні, а суддзі не парушалі правы грамадзян. І за тым, каб не было наадварот.
У Беларусі падрыхтоўкай да назірання займаюцца Беларускі Хельсінкскі камітэт і праваабарончы цэнтр «Вясна». Таксама існуе ініцыятыва «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Перад правядзеннем выбараў ці мірных сходаў трэба звязацца з адной з гэтых арганізацый, якія ўнясуць цябе ў спіс ахвотных.
Наступны крок – відэакурс і інструктаж. Вуаля – можна ісці назіраць у поле.
Каб назіраць у судзе, трэба проста прыйсці на паседжанне з пашпартам.
Так, ты можаш паехаць назіраць, напрыклад, на прайд у Кіеве ці прэзідэнцкія выбары ў Расіі.
Для назірання за судамі дастаткова проста прыехаць на судовае паседжанне з пашпартам.
Для назірання за выбарамі неабходна рэгістравацца ці праз МЗС краіны, дзе ты хочаш назіраць, ці праз спецыяльны орган, аналаг беларускага ЦІК.
Калі душа прагне назіраць за правядзеннем масавай акцыі, то лепш за ўсё звязацца з арганізатарамі акцыі, каб яны скіравалі цябе да профільных арганізацый. Бяспечней будзе назіраць пад эгідай нейкай арганізацыі.
Існуе міжнародная сетка арганізацый ENEMO, якая дапамагае жадаючым назіраць у іншых краінах.
Каб папрактыкавацца, вось табе спіс бліжэйшых акцый/выбараў для назірання:
8 ліпеня 2017 – прайд у Таліне
18 лютага 2018 – выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў у Беларусі
18 сакавіка 2018 года – прэзідэнцкія выбары ў Расіі
Дзякуем за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу Насты Лойцы з праваабарончага цэнтра «Вясна»
Ілюстрацыя by Sheeborshee
Кароткі і ясны мануал пра тое, як перастаць быць індывідуальным прадпрымальнікам.
Парады для бацькоў, падлеткаў і іх сяброў, калі хтосьці пачынае прэсаваць іншых.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.