Што глядзець на кінафестывалі «Паўночнае ззянне»?

  • 06.04.2017
  • Аўтар: 34mag
  • 7843

19–25 красавіка Менск чакае Aurora Borealis кінаманскага разліву. 14 стужак, пяшчотна зробленых у краінах Паўночнай Еўропы і Балтыі, лекцыі, майстар-класы і нават гітарны вечар чакаюць на цябе. Самы час выпаўзці з ракавінкі і шчыра кайфануць ад нардычнай эстэтыкі. А мы ўжо прыкінулі, куды ляцець у першую чаргу.

 

Кінафестываль «Паўночнае ззянне» адбудзецца ў трэці раз. Цікава, што сёлета геаграфія фэсту паўночна-еўрапейскага мастацтва пашырыцца за кошт кінастужак з краін Балтыі – і яны, дарэчы, ні ў якім разе не андэрдогі!

«Мы робім класны фестываль, які пашыраецца з кожным годам, і верым, што чакаюць яго акурат нашы гледачы, – кажа праграмная дырэктарка фестывалю Вольга Чайкоўская. – У мяне была мара далучыць да “Паўночнага ззяння” і краіны Балтыі. І гэта адбылося! Таму ў нас ажно 4 стужкі з Літвы, Латвіі і Эстоніі. Таксама ўпершыню на “Паўночным ззянні” мы пакажам дакументальнае кіно з Паўночнага і Балтыйскага рэгіёнаў. Гэта прарыў і суперпашырэнне ў сэнсе жанраў, формаў і зместу. І мая вялікая радасць, як прадзюсара дакументальнага кіно».

Акрамя таго ўсіх нас запрашаюць на шэраг адукацыйных мерапрыемстваў з кінематаграфістамі, кінакрытыкамі і дызайнерамі. Уваход на іх вольны.

Галоўнымі пляцоўкамі, на якіх можна будзе сваімі вачамі ўтаропіцца ў «ззянне», стануць кінатэатры «Мір» у Менску і Віцебску, Акадэмія мастацтваў, культурны цэнтр «Корпус» і нават бар Svabody, 4.

 

 

 

Ад Літвы не ўцячы / You can not Escape Lithuania
(Літва)

Рэжысёр: Ромас Забараўскас
Дзе і калі: 19 красавіка, 19:00, кінатэатр «Мір»

Дзёрзкая троіца плануе сумесныя ўцёкі з Літвы. Ромас здымае ўсё, што адбываецца, на смартфон. Напэўна, калі паміж вамі камера на колькі-небудзь мегапікселяў, вымавіць пытанне: «Чаму ты забіла сваю маму?» – становіцца неяк прасцей. Гісторыі пра тое, што, топячы па газах, мы рухаемся не столькі з пункту А ў пункт Б, колькі да сябе сапраўдных, травіў нам яшчэ прайдзісвет Керуак. Але ў герояў Ромаса Забараўскаса свае козыры ў майтках: тут і раман з прэфіксам квір-, і дамская сумачка, бітком набітая еўра, і сэксуальны чырвоны аўтамабіль, а не якісьці там «коцаны кадылак».

 

Нарвежскі дамок / House of Norway / Det norske hus
(Нарвегія)

Рэжысёр: Ян Вардзёен
Дзе і калі: 22 красавіка, 19:00, кінатэатр «Мір»

Пакуль некаторыя актуальныя фільмы пра імігрантаў у Еўропе нечакана-негадана зрываюць «залатыя пальмавыя галінкі», нарвежскі рэстаратар і – па сумяшчальніцтве – рэжысёр Ян Вардзёен знай сабе здымае чароўную гісторыю пра іранца ў Нарвегіі, не маніпулюючы гледачом ні на грам. З вострай тэмай бежанцаў Вардзёен абыходзіцца элегантней няма куды, так што не праспі ў шапку шанец паглядзець на ідэальную для цябе краіну вачыма чалавека абсалютна іншай культуры – будзе і смешна, і грэшна. Трэкі Эдварда Грыга, пейзажы для невылечных інтравертаў, хіпстарскія швэдры і ліберальныя каштоўнасці – прыкладаюцца.

 

Мурашнік / Anthill / Sipelgapesa
(Эстонія)

Рэжысёр: Уладзімір Логінаў
Дзе і калі: 22 красавіка, 21:40, кінатэатр «Мір»


Галоўны герой «Мурашніка» – пяціпавярховы семісотячэйкавы гаражны масіў у рускамоўным раёне Ласнамяэ на ўскраіне Таліна. Каб ты ведаў(-ла): раён гэты – пабрацім нашага Партызанскага. Дык вось, у гаражах «мурашніка» п’юць гарэлку, гуляюць на скрыпцы, слухаюць алдовую папсу і – як без гэтага! – труць пра тэорыю сусветнай змовы. У кожным боксе – склад рэчаў, якія маглі б стаць экспанатамі музея савецкай эпохі або аздобіць інтэр’ер «Утопіі 60». Праўда, партрэты некаторых прэзідэнтаў (зірні трэйлер на 0:54) застаюцца актуальнымі аж па сённяшні дзень.

 

Паўкроўка / Sami Blood / Sameblod
(Швецыя, Нарвегія, Данія)

Рэжысёр: Аманда Кернэль
Дзе і калі: 24 красавіка, 21:00, кінатэатр «Мір»

Фільм, які варта пераглядаць кожны раз, калі падасца, быццам іншае адценне скуры або «смешны» гоман – дастатковая нагода камусьці наваляць. У 1930-я гады нацысты былі не адзінокія ў сваіх уяўленнях пра дамінаванне адной расы. 14-гадовая дзяўчына з народнасці саамі сустракаецца твар у твар з каланіялістычнай шведскай сістэмай, якая прапануе ёй навучыцца шведскай мове ды паверыць, быццам саамская культура – другога гатунку. Пра girl power яшчэ і гаворкі няма, Эла-Мар’я можа спадзявацца толькі на ўласную ўпартасць у барацьбе за тое месца пад сонцам, якога яна вартая, нягледзячы на заключэнні фрэнолага.

 

У крыві / In the Blood / I blodet
(Данія)

Рэжысёр: Расмус Хэйстэрберг
Дзе і калі: 23 красавіка, 19:00, кінатэатр «Мір»

«Адказнасць пераацэньваюць». – «Я так не думаю». На Расмуса Хэйстэрберга трэба бегчы хоць бы таму, што гэта ён пісаў сцэнар «Дзяўчыны з татуяванкай цмока» і гэта ён ухапіў «Срэбнага мядзведзя» за сцэнар «Каралеўскага рамана» з Алісіяй Вікандэр. У рэжысёрскім дэбюце Хэйстэрберг дае прыкурыць інфантыльным міленіялам, прапаноўваючы ім пакаштаваць на смак рэальнае жыццё, якое – спытай у бацькоў – зроблена не толькі з нутэлы, вечарынак, выпадковага сэксу і лайтовасці юнацкага пахмелля. Драма сталення разгортваецца на фоне летняга Капенгагена, а гэта адразу +100 да відовішчнасці любога фільма. «Храновае будзе лета». – «Не-а».

 

Усім відовішчам відовішча / The Show of Shows
(Ісландыя)

Рэжысёр: Бенедыкт Эрлінгсан
Дзе і калі: 25 красавіка, 19:00, кінатэатр «Мір»

Калі ты не разумееш, з якой халеры камусьці трэба сунуць галаву ў пашчу тыгру, і ўпэўнены(-ая), што кожны клоўн па начах марыць вынішчыць «вяселячым газам» насельніцтва цэлага горада, гэты фільм – твой апошні шанец уштырыцца ў магію цырка. Бенедыкт Эрлінгсан узяў дакументальны матэрыял з гісторыі цырка працягласцю больш за 100 гадоў і спяцом для цябе змантаваў гэта ў 72-хвілінны кліп, а Sigur Ros, Hilmar Örn Hilmarsson і Kjartan Dagur Holm намуцілі раскошнай музычкі. Вердыкт: Шнур са сваім «Кольшчыкам» адназначна адпачывае на лаўцы запасных.

 

Народжаныя ў Хэйнала / Born in Heinola / Teit meistä kauniin
(Фінляндыя)

Рэжысёр: Туука Тэманэн
Дзе і калі: 25 красавіка, 20:30, кінатэатр «Мір»

Ёсць адчуванне, што ў фінаў кожны пяты нараджаецца ў касусе, а ў лістах да Ёўлупукі гэты пяты моліць толькі аб Fender’ы. Можна паспрабаваць разгадаць сакрэт гэтай неверагоднай музычнасці, зазірнуўшы на рэпетыцыю Apulanta, аднаго з найвядомейшых фінскіх рок-гуртоў з пакалення Lordi, Rasmus ды HIM. Правадніком да споду фінскага року падахвоціўся стаць экс-удзельнік Apulanta Туука Тэманэн. У сваім кінадэбюце ён распавядае, як у прамысловым горадзе Хэйнала ў сярэдзіне 90-х, пакуль дарослыя шалелі ад наступстваў эканамічнага крызісу, іх дзеці на ўсю моц любілі і лабалі.

 

 

Майстар-класы

 

Каарле Ахо. «Як заснаваць найбуйнейшую прадакшн-кампанію ў Фінляндыі і патрапіць у шорт-ліст “Оскара”»

Дзе і калі: 21 красавіка, 14:00, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў

Сузаснавальнік фінскай прадакшн-кампаніі Making Movies раскажа, якім багам маліцца, каб з зайздроснай рэгулярнасцю трапляць у праграмы Sundance, Berlinale, Biennale di Venezia, Toronto Film Festival і прадстаўляць сваю краіну ў бітве за «Оскара». Каарле Ахо не па чутках ведае, як выпускаць фільмы, якія робяць касу і гонар сваім стваральнікам. Сярод іншага Ахо прадзюсаваў «Фехтавальшчыка», фінскага прэтэндэнта на «Оскара-2015», і «Погляд цішыні», намінанта «Оскара-2016» у катэгорыі «Лепшы дакументальны фільм».

Антон Долін. «Фон Трыер, Каўрысмякі, Андэрсан: у кожнага сваё кіно»

Дзе і калі: 21 красавіка, 19:00, кніжная крама «Сон Гоголя»

Той самы таварыш, які на шоу Урганта зазывае ў кіно таямнічую Аксану, едзе ў Менск, каб расказаць пра асаблівасці нардычнага кінематографа і правесці па сваіх даследаваннях творчасці найяскравейшых яго прадстаўнікоў. На памяць пра гэты цёплы – мы ўпэўненыя! – вечары зусім ідэальна было б прыкупіць кнігу Антона Доліна «Выкрут XXI: Нарысы кіно новага стагоддзя», але, калі што, у «Сне Гогаля» ёсць і іншыя кніжкі, што цалкам пасуюць да падзеі.

Антон Мані Свансан. «Аб продажах і кінафестывалях: хто яны і навошта?»

Дзе і калі: 22 красавіка, 15:00, культурны цэнтр «КОРПУС»

Антон Мані Свансан – прадзюсар забойна прыгожага фільма «Каменнае сэрца». Ён сыпане солі на раны тутэйшых творцаў, якія аніяк не могуць перайсці ад вытворчасці кароткага метра да паўнавартаснага ігравога кіно і прасунуць сваю творчасць на вялікія экраны. Антон Свансан падзеліцца асабістым вопытам супрацоўніцтва з фэстамі і сэйлз-агентамі. Горача спадзяемся на чароўны пендзель для беларускіх Гудмундсанаў і Кормакураў.

Ян Вардзёен. «Як здымаць самыя касавыя фільмы ў нарвежскім пракаце без кінаадукацыі»

Дзе і калі: 23 красавіка, 15:00, культурны цэнтр «КОРПУС»

Днём нарвежскі рэжысёр, прадзюсар, сцэнарыст, аўтар музыкі і акцёр Ян Вардзёен раскажа, як паспяхова сумяшчаць усе гэтыя ролі і не ператварыцца ў Білі Мілігана.

Ян Вардзёен. Творчы вечар «Ад будаўніцтва лодак і рэстараннага бізнэсу да кінарэжысуры»

Дзе і калі: 23 красавіка, 20:00, бар Svobody,4

Увечары DIY-рэжысёр, які зняў 4 класныя фільмы за 4 гады, дасць майстар-клас па гітарнаму дзэну ў Svobody,4. Вангуем: нядзелі млявай не бываць!

 

Поўную праграму фестывалю і інфармацыю пра квіткі шукай на сайце «Паўночнага ззяння»

Старонка кінафестывалю ў FB