Як выхоўваць дзіця талерантным?
- 28.09.2018
- 6746
У гендара, сэксуальнасці, этнічнасці, знешнасці няма правілаў гульні. Дзіцю, якому ўсё ў навіну і шчырасць якога суседнічае з грубасцю, стракатасць нашага свету лепш тлумачыць на розныя лады. І абавязкова каб было займальна. Робім адкрыты спіс: як малым навучыцца эмпатыі і паразуменню.
Кніжкі
Удалы падмурак, каб зрабіць дзіця чалавекам, – добрыя кніжкі. Але не толькі класічныя (тыя, што прасоўваюць мараль і этыку ў агульначалавечым сэнсе). Дзеля адаптацыі да сённяшніх рэалій спіс літаратуры варта разбавіць творамі, якія пазнаёмяць малога ці больш дарослага чытача з новымі каштоўнасцямі. І зробяць гэта на прыкладзе актуальных штодзённых гісторый. Прастата, цікавыя героі, круты візуал і годная ідэя – няхай вырашальнымі будуць гэтыя пойнты.
«Жабка і чужынец», Макс Фэльтаўйс
Кранальная казка пра сяброўства, якому не перашкаджае рознасць. З-за жывёльных персанажаў успрымаеш яе лёгка, як байкі, ды яшчэ прасцей пераносіш сітуацыю на сябе. Адзін з галоўных герояў – Пацучок-мігрант. Менавіта ён становіцца напачатку прадметам страхаў і плётак, менавіта ён парушае стэрэатыпы і менавіта да яго чытач набліжаецца ад боязі – праз зацікаўленасць – да цеплыні. Выдатны ўзор, як скасаваць апазіцыю «свой – чужы».
«Дзяўчынкалогія», Меліса Холмс, Трыш Хатчысан
Адразу па перакладзе на рускую мову гэтая кніга падняла надзвычайны кіпiш. Маўляў, мануал для педафіла. Аднак за выданне не падзякуе хіба толькі той, хто ніколі не кантактаваў з дзяўчынай-падлеткам ці ніколі ёй не быў. Абедзве аўтаркі – знаныя доктаркі з ЗША (педыятр і акушэр-гінеколаг) і не аднойчы матулі. У кнізе дасціпнай, зразумелай, няханжаскай, але і не фрывольнай мовай напісана ўсё, што хвалюе дзяўчыну падчас пубертату: пра што сорамна гаварыць з бацькамі, быццам бы ганебна – з доктарам, смешна і бессэнсоўна – з такімі ж несвядомымі сябрамі. «Дзяўчынкалогія» выхоўвае любоў і павагу вонкава, да свайго цела, і ўнутрана, да сябе самой. Змест выдатны: не толькі здароўе і сэкс, але адказнасць, першае каханне, стасункі з бацькамі і сябрамі, жаночая моц. Смела ўручай і дачцэ, і пляменніцы, і ўнучцы.
«Раймі Найтынгейл – дзяўчынка з лямпай»,
Кейт ДзіКамілла
Прычэп да выхавання дзяўчынак. Сентыментальная аповесць з трыма моцнымі характарамі ад грубіянкі да пястухі. Бацька галоўнай гераіні, Раймі, пакінуў сям’ю, гэта рухае фабулу. Гісторыя для падлеткаў пра сяброўства, быццё дзяўчынай і пошукі сталасці. Без ружовага і салодкага.
«Сабака не той», Роб Бідальф
«Ты ўнікальны. Будзь сабой». Тэкст саступае месца ілюстрацыі і толькі каментуе яе. У цэлым горадзе дзелавых сабак адзіны не мае ўласнага месца, а яго навакольныя – прыязнасці да яго. На пошукі сябе экстраардынарны герой скіроўваецца ў падарожжа. Толькі так ён даведваецца, што сабой можна быць паўсюль, а астатнія – што сумуюць без порцыі чагосьці да сябе не падобнага. Кніжка пра каштоўнасць разнастайнага і права кожнага быць сабой: не аўтсайдарам, а асобай. І навучыцца гэтаму можна, нават калі табе яшчэ тры гадкі.
«Animal Rescue», Patrick George
На чыстым візуале затэсці разам з самымі малымі, як кожны можа зрабіць выбар: лісу – на каўнер ці пакінуць спаць на галінцы? Пасадзіць мядзведзіцу за краты заапарка ці вярнуць у прыроду да яе мядзведзяняткі? Кніга без словаў, але распавядае вычэрпна. Ёсць аплікацыя на iOS.
«У захапленні ад акул» і «У захапленні ад малпаў»,
Оўэн Дэйві
Гэта ілюстратыўныя гайды па групах жывёл, які стварае мастак Оўэн Дэйві. Займальная факталогія з цемрай відарысаў. Кнігі разлічаны на чытачоў, якім 5-9 гадкоў: пасля чытання ад свету фаўны надыходзіць непазбежнае захапленне.
«Oh, boy!», Мары-Од Мюрай
Мары-Од Мюрай – смелая і шчырая французская пісьменніца. У рамане для падлеткаў «Oh, boy!» яна з талентам і чалавечым гумарам сутыкае табу дзіцячай і моладзевай папулярнай літаратуры – сіроцтва, цяжкую хваробу блізкага чалавека, адказнасць, гомасэксуальнасць. Калі з графічным раманам Жулі Маро «Сіні – гэта самы цёплы колер» знаёмства адбылося, варта прыкмеціць гэту гісторыю.
Пра ЛГБТК+ значна больш дзіцячай і падлеткавай літаратуры ёсць па-англійску. Для адукацыі па тэме ў ЗША, напрыклад, самай папулярнай з’яўляецца «Donovan’s Big Day» (Leslea Newman, Mike Dutton, 2011) пра вяселле дзвюх мам Донавана з пункту гледжання самога хлопца. Ізраільская тэма – «The Purim Superhero» (Elisabeth Kushner, 2013), дзе быццё-не-такім-як-усе спалучаецца з традыцыяй яўрэйскага свята Пурым і гісторыяй яго гераіні Эстэр (Эсфір).
Коміксы
Больш лёгкая, але таксама эфектыўная форма для выхавання паперай – коміксы. Так, напрыклад, алегарычным светам падлеткаў, хворых на СНІД, з’яўляецца «Чорная дзіра» Чарльза Бернса. Пра спакусы, іх наступствы і сталасць. А комікс «Пакаленне ІКС» серыі Marvell збірае сярод сваіх герояў максімальна разнашэрсную кампанію.
Кіно
Кінакультура прасунута яшчэ больш. Можна скарыстацца спісам, які падрыхтавала каманда MAKEOUT, дадаўшы туды, напрыклад, «Уяўнае каханне» Ксаўе Далана ці
«Добра быць ціхонем» Стывена Чбоскі альбо пяшчотную і трохі сюррэалістычную гісторыю трансвестыта Патрыка-Кітэн са «Снядання на Плутоне».
Для малодшых, вядома, значную ролю на сябе бяруць мультфільмы: добра, што найбуйнейшыя Walt Disney Pictures і Pixar апошнім часам выдаюць рэчы менш стэрэатыпныя. Чаго вартыя адны відавыя і гендарныя пытанні «Звераполіса» ці пошукі паразумення ў «Галаваломцы»!
Эмодзі
Бэк-ап да пікраграфічнага пісьма і ідэаграм. Тэмы гендарнай і этнічнай роўнасці, ЛГБТК+ грамады можна лёгка варушыць з дапамогай эмодзі. Такія выявы не толькі перадаюць інфармацыю, але ўплываюць на нашы пачуцці. Ледзь нарадзіўшыся, дзіця атрымлівае ў сваё карыстанне гаджэты, інтэрнэт-прастору і цэлы арсенал сімвалаў. У рэшце рэшт, словам 2015 года Оксфардскі слоўнік абраў эмодзі.
Асноўная іх функцыя, па змоўчанні, – адлюстраванне эмоцый. Але сярод малюнкаў ёсць прадметы і з’явы рэчаіснасці, якія абнаўляюцца пастаянна, неадрыўна ад паўсядзённых змен. У адказ на запыты карыстальнікаў рэестр «Кансорцыума Юнікоду» пашырыўся абразкамі з аднаполымі парамі і сем’ямі, часткамі цела з розным колерам скуры, жаночымі тварамі ў зборках з прафесіямі. Рана ці позна альбо да бацькоў наспее пытанне, альбо яго папярэдзіць пісьменнае і забаўнае тлумачэнне. І феі не ганебна быць хлопцам, і джыну – дзяўчынай. Магчыма, эмодзі з вазкамі ўжо ў дарозе.
Матэрыяльная культура:
вопратка, знешні від, цацкі
Дзве галоўныя пасткі: неадчэпныя улюлюкаючыя каментары ака «Які(-ая) прыгожы(-ая) хлопчык/дзяўчынка» і звароты да дзіцяці кшталту «Глядзі, які(-ая) дзядзя/цёця». Першай супрацьстаіць гендарна нейтральнае выхаванне. Гэта патрабуе цярплівасці бацькоў: не закіпаць і тлумачыць сваякам і мінакам, што адсутнасць бантаў і рушаў, пафарбаваныя пасмы, кароткія валасы ці гангстарская кепка – не стабільны маркер. Падобныя гісторыі, напрыклад, ёсць у тэлеграм-канале «Так геями и становятся!». У выбар вопраткі ўмешваецца унісэкс-адзенне: пакуль не прачнуцца першыя зачаткі самасвядомасці. Без лукізму.
Па-другое, «Глядзі, які дзядзя» можа не заўсёды быць дзядзям. Каб наступствам гэтага адкрыцця не быў разрыў шаблонаў, іх прасцей не ўтвараць. Рознасць, асабліва ў свеце дзіцячым, часта становіцца падставай для абразы. Вопратка і знешні выгляд агулам – варыянт прэвентыўнай меры: маўляў, будзь сабой, пляваць, што кажуць, – наконт сябе і навакольных.
З цацкамі тая ж тэма. Калі стадыя кубікаў ды пірамідак паспяхова скончылася, наступны пункт алгарытму – не абавязкова лялька ці самаскід. Гэта не парушэнне канонаў і не падрыў традыцыйных каштоўнасцей. Хутчэй напамін, што гульня ў гендарным сэнсе можа быць любой. А хлопчык у «Дочкі-маці» навучыцца карыснасцям не менш, чым дзяўчынка – у «Казаках-разбойніках».
Сэксуальная адукацыя
У галіне сэксуальнай адукацыі і асветы па тэмах здароўя працуе сетка Y-PEER з прынцыпам «роўны вучыць роўнага». Несвядомым дапамагаюць валанцёры, спецыялісты і замежныя ўдзельнікі: так, у траўні пра сэкс гаварыла з дзецьмі дабрачынніца і супермадэль Наталля Вадзянава. Арганізацыя асвятляе пытанні, якія звычайна паўстаюць падлеткам суперняёмкімі – ад ІППШ да менш фізічных, кшталту зносін з равеснікамі. Выкрыццё табу становіцца свайго роду шляхам да паразумення з сабой і тымі, хто навокал.
Што могуць зрабіць бацькі? Рэгулярна набіраюцца розныя дыстанцыйныя курсы, тэмай якіх становіцца камунікацыя з падлеткам. У тым ліку – амаль мануалы па паводзінах з ЛГБТК-дзецьмі. Бо, калі гэты сцэнар з патэнцыі пераўтвараецца ў рэчаіснасць, рэакцыя сям’і ў значнай ступені вызначае далейшыя расклады: альбо гэта перамога, альбо траўма.
Усё з пералічанага вышэй варта дадаваць да ментальнага харчавання з першай лыжкі (адпаведна ўзросту). Каб талерантнасць была з дзяцінства. І не цярплівасцю, а сімпатыяй і павагай.
Падзякі Кацярыне Канапліцкай, камандзе MAKEOUT, Дар’і Скараходкінай.