Андрусь Горват зноў стане дворнікам у Купалаўскім
- Рубрыка: УЛОЎ
- 17.09.2019
- 7875
Аўтар бэстсэлераў «Радзіва "Прудок"» і «Прэм’ера» Андрусь Горват успомніць, як жыў да народнай славы, і зноў папрацуе дворнікам у Купалаўскім тэатры Менска. Праўда, усяго адзін дзень.
21 верасня, падчас «Тэатральнага пікніка», прысвечанага сотаму сезону Купалаўскага, пісьменнік будзе сачыць за парадкам у Аляксандраўскім скверы і вадзіць экскурсіі па закуліссі тэатра. Зарэгіцца на экскурсію можна па спасылцы (увага: не ўсе з іх будзе весці знакаміты экс-дворнік).
«Вы зможаце бачыць таго самага дворніка ў жывой прыродзе, зрабіць з ім сэлфі, падпісаць кнігу, патрымаць мятлу на ўдачу ці проста запытацца, як прайсці да Нацыянальнай бібліятэкі. Так атрымалася, што ўсе акцёры занятыя, і ў ролі дворніка Горвата буду я», – напісаў Андрусь Горват у Facebook.
Акрамя таго, як пабачыць пісьменніка, на «Тэатральным пікніку» можна будзе:
паглядзець спектакль «Радзіва "Прудок"» (сервіс VOKA наладзіць у скверы прамую трансляцыю);
паслухаць жывую музыку: «Кассиопею», Святлану Бень, Ягора Забелава і інш.;
паўдзельнічаць у кастынгу для дарослых або дзяцей і атрымаць рэальную (!) ролю ў топавай пастаноўцы Купалаўскага;
сфоткацца з персанажамі спектакляў і ў дэкарацыях тэатра;
даведацца пра кухню тэатра;
зрабіць сабе вусы, як у Янкі Купалы;
атрымаць запрашэнні на закрытыя паказы спектакляў;
затэсціць штрудзель з безалкагольным глінтвейнам «Ноч на Каляды» ды іншыя тэатральныя спецыялітэты.
Пікнік стартуе 21 верасня ў 12:00. Уваход бясплатны.