Шлюб да 25 гадоў: навошта?

  • 22.01.2020
  • Аўтар: 34mag
  • 5209

У XXI стагоддзі ды ў свецкай дзяржаве закаханыя як быццам не абавязаны «пацвярджаць» свае пачуцці ў ЗАГСе, і многія маладыя нават не думаюць атрымліваць пасведчанне аб шлюбе, пакуль не заплануюць дзяцей. Тым цікавей даведацца, чым кіруюцца беларусы да дваццаці пяці, якія ўсё ж такі насоўваюць пярсцёнкі на безыменны.

 

Вікторыя Вашчыла

выйшла замуж у 21 год

– Мой муж з Кіева, і ён быў ініцыятарам таго, каб мы ажаніліся. Гэта было год таму, мне было 21, а яму – 23.

Да гэтага мы сустракаліся два гады. Першы час гэта былі стасункі на адлегласці. Ён мог прыехаць толькі на два тыдні, патусавацца, а далей мы працягвалі перапісвацца. Потым ён перабраўся сюды на тры месяцы – максімум, які магчымы для грамадзян Украіны, потым з'ездзіў дадому ў Кіеў. Тады ён перайшоў на фрыланс і не быў прыкаваны да офісу. Калі ён прыязджаў другі год, то сказаў: «Давай ажэнімся, так будзе прасцей». Спачатку я сказала, што мне замуж не хочацца, і ён паехаў у Кіеў, а я думала, трэба мне гэта ці не. Першапачаткова гэта была быццам вымушаная мера, а ў нас жа каханне, мы хочам далей працягваць сустракацца. Але я тады заліпала ў інтэрнэціку і пабачыла, што многія маладыя людзі бяруцца шлюбам і нашмат прасцей за мяне да гэтага ставяцца.

Шмат хто кажа: «Трэба ж раз і назаўсёды!» Вы ажаніліся – і ў вас сямейны агмянёк, ты не хадзі нікуды, не гуляй, глядзі за сваім мужам, каб у вас усё было ой-ёй-ёй як, нараджайце дзяцей адразу. Але алё, я жыву ў XXI стагоддзі, трэба да гэтага прасцей ставіцца! Мой бацька кансерватыўных поглядаў і вельмі хваляваўся: «Віка, а гэта назаўжды? А ты яго дакладна кахаеш?» Так, тат, я яго сапраўды кахаю.

«Вось як будзе трыццаць гадоў – апрану белую сукенку і распішуся яшчэ раз. Калі захачу»

Мы распісаліся ў кабінеціку, а потым паехалі з усімі бацькамі пасядзець у кафэшцы. Мама і тата хацелі зладзіць сапраўднае вяселле, паклікаць 1000 гасцей: «Што мы як не ўсе, як на нас людзі паглядзяць?» Я з вёскі, і гэтыя старыя традыцыі мяне дасталі: дзіўныя выкупы, скрадзеныя жанчыны, неабходнасць гарэлку з туфліка піць – нейкі псіхадэл. Я адразу ад гэтага адмовілася.

Не люблю дурныя святы. Людзі бяруць крэдыты на вяселлі – і потым усё жыццё аддаюць. Хаця многія жанчыны кажуць: «Ой, Віка, яшчэ прыйдзе час, ты захочаш надзець белую сукенку». Вось як будзе трыццаць гадоў – надзену белую сукенку і распішуся яшчэ раз. Калі захачу.

Праз тры месяцы пасля таго, як мы распісаліся, да нас прыязджала міліцыя і правярала, ці не фіктыўна мы ў шлюбе: прасілі паказаць нашы сумесныя фотаздымкі, пыталіся, ці падарожнічаем мы разам, ці жывём у адным пакоі. Гэта перабор!

Ужо будучы ў шлюбе, я засталася на такой жа ўнутранай свабодзе. У нас няма забаронаў: я магу стасавацца з кім заўгодна, гуляць з кім хачу. І ён таксама. Ён бачыць мой лад жыцця – яму ўсё зразумела і ён давярае мне, я цалкам давяраю яму. Шлюб – гэта клёва і ні ў якім разе цябе не абмяжоўвае. Ты як быў свабодным, так і застаешся, проста ў цябе ёсць чалавек, які заўсёды будзе побач.

 

 

Марыя Чараповіч

выйшла замуж у 22 гады

– Ад знаёмства да вяселля прайшло трохі больш за год. Для мяне шлюб – гэта як некаторым людзям трэба вымавіць услых, што яны сустракаюцца. Мне патрэбны пярсцёнак, каб я разумела ўсю сур'ёзнасць.

Я заўсёды ведала: калі сустрэну нейкага чалавека, з якім буду адчуваць сябе як з родным, – выйду замуж. Я ніколі не адносілася да дзяўчат, якім трэба нагуляцца, ды і сустраканні мяне мала цікавілі. Ніякіх сантабарбар.

Мой муж спартсмен – пастаянна ў раз'ездах, я працую ў Федэрацыі валейболу, таму моцна нікуды не магу тузануцца. Мы ажаніліся, таму што далей у нас не было б на гэта часу.

Цяпер мы бачымся два дні на тыдзень і жывём на некалькі гарадоў. Калі ў нас выходныя, мы часта хочам сустрэцца з сям'ёй замест таго, каб сустрэцца кампаніяй з сябрамі. Едзем альбо да бацькоў Славы ў Гомель, альбо да маіх – у Менск. І вяселле не было такім значным момантам у нашым разуменні. Хутчэй гэта было мерапрыемства для знаёмства і аб'яднання нашых вялікіх сем'яў. Таму ў нас была маленькая цырымонія на сорак чалавек.

«Мы ажаніліся, таму што далей у нас не было б на гэта часу»

Мы адразу вырашылі, што не хочам ніякага пафасу. Я адразу прыбрала ўсе традыцыі, але мы пакінулі белую сукенку і касцюм – пашанаваць сваякоў, каб яны адчувалі, што былі на сапраўдным вяселлі.

Мне заўсёды казалі, што мне будзе цяжка знайсці сабе мужа, таму што я бачу прыклад сваёй сям'і і ведаю, чаго хачу. Пачуцці прытупляюцца, і для мяне самае важнае, калі пара становіцца лепшымі сябрамі: муж і жонка абмяркоўваюць усё важнае і давяраюць адно аднаму цалкам. Вось гэта прыклад, які я бачыла ўвесь час: сяброўства і бязмерны давер.

Бацькі заўсёды шмат увагі надавалі дзецям: не толькі выхаванню, адукацыі, але і заўсёды з намі размаўлялі. Любы вечар праходзіць за гутаркай, любая вячэра сямейная. Усе прыходзяць дадому, калі хтосьці не ў камандзіроўцы, і распавядаецца ўсё, што адбылося за дзень. У вас ёсць праблема – абмяркоўваеце. Пастаянны дыялог вельмі моцна падтрымлівае.

Славу 27, ён самы малодшы ў сям'і – і яго бацькі значна старэйшыя за маіх. Але яны ўсё яшчэ танчаць разам, калі чуюць музыку, трымаюцца за рукі. У яго такая ролевая мадэль, і ў мяне. Гэта яшчэ адна кропка судотыку, якая дапамагае нам будаваць сваю сям'ю.

 

 

Анастасія Дзерван

выйшла замуж у 22 гады

– Мы знаёмыя 16 гадоў і з іх сустракаліся 5. Я гатовая была выйсці замуж хоць на другім курсе. І Улад таксама крычаў: «Ды хоць заўтра ажэнімся». Гэта былі дзіцячыя памкненні. Але на нашых чацвёртых курсах мы ўжо разумелі, што гэта непазбежна, калі мы хочам і далей быць разам. Мне падабаецца, як я адчуваю сябе цяпер: я вяртаюся ў свой дом, я тут гаспадыня, а ён – гаспадар. І мы разам будуем нешта сваё.

Ёсць гэты тупы макет: выйшла замуж – будзь «за мужам», мый, прыбірай. У нас няма гендарнага падзелу абавязкаў – калі я жанчына, гэта не значыць, што я павінна гатаваць, мыць, прыбіраць. Гэта спакойна можа зрабіць Улад, асабліва калі я затрымаюся на працы. Стасункі павінны быць разумныя, пабудаваныя на каханні і ўзаемапавазе.

Самае дурное пытанне, якое мне задалі на наступны дзень пасля шлюбу: «Ну, як памяняліся стасункі?» А што павінна памяняцца? Так, мы з'ехаліся і сталі жыць разам, але мы даведваліся адно аднаго пяць гадоў. Так, нейкія падводныя камяні праз некалькі гадоў усплывуць, але я ведала, за каго я выходжу замуж, а ён ведаў, з кім ён ажаніўся.

«Я з каталіцкай веруючай сям'і – у маёй маці была ўстаноўка: вянчанне, а толькі потым жывяце разам»»

Я з каталіцкай веруючай сям'і – у маёй маці была ўстаноўка: вянчанне, а толькі потым жывяце разам. Мы распісаліся ў жніўні, а само вяселле было напрыканцы верасня – і з'ехаліся паміж гэтымі датамі. Уладу давалі інтэрнат – і я пайшла жыць да яго: я не хацела кожны дзень ездзіць на працу з іншага горада, калі я магу жыць з ім.

У нас няма ідэальнага макета сям'і, але я ведаю, што я не развядуся, як бы складана мне ні было. У мяне перакананне з дзяцінства: раз і на ўсё жыццё. Можа быць, гэта сыграла матчына слова: «Хрысціяне не разводзяцца». Хаця досыць шмат статыстыкі, калі ты даеш клятву нябёсам, а потым выціраеш аб яе ногі. Але навошта ты пабралася шлюбам, калі для цябе гэта не было ўзважаным рашэннем? Я не ведаю, што можа стаць аргументам у гэтым выпадку, толькі здрада, напэўна.

 

 

Уладзімір Ларын

ажаніўся ў 24 гады

– Цяпер мне 24. Тры гады таму Ганна прыехала пагасціць у Расію ў Курскую вобласць. Мы пазнаёміліся, яна з'ехала – мы пачалі перапісвацца. І ў гэтых перапісках адчувалася вялікая падтрымка з абодвух бакоў. Але што такое падтрымка ў інтэрнэце, а не ў рэальным жыцці?

Аня на кожныя травеньскія выходныя ездзіла кудысьці: Беларусь, Расія, Украіна. Тым годам у яе сяброў былі нейкія іншыя планы, не было кампаніі – і тут мой хітры розум скеміў: «Ань, прыязджай да мяне». Што такое травеньскія выходныя ў Расеі? Гэта паўмесяца «гуляйдуша».

Я яе тады сустракаў з кветкамі з аўтобуса. Прыходзіць аўтобус, выбягаю – не той. Прыходзіць аўтобус, выбягаю – не той. Потым саджуся, гляджу – прапушчаны, ператэлефаноўваю: «Я тут праехала твой прыпынак і прыехала ў іншы горад». Я паехаў за ёй за сорак кіламетраў, уручыў кветкі. На травеньскія мы каталіся, хадзілі, гулялі, ладзілі пікнікі, удзельнічалі ў велазаездзе, глядзелі славутасці.

Яна прыехала ў траўні як сябар, пад канец мы сталі парай, потым яна з'ехала – і я зразумеў, што трэба асмельвацца на нешта большае. Я ў Расіі, я працую, яна ў Беларусі, вучыцца, у яе дыплом, адпрацоўка два гады, мы перапісваемся тры гады.

«Табе не трэба тлумачыць, хто гэтая жанчына побач з табой і наколькі сур'ёзныя вашы стасункі»

Я хацеў быць менавіта з гэтым чалавекам, а стасункі на адлегласці зусім не варыянт. І праз некалькі дзён пасля яе ад'езду мы ўжо размаўляем пра тое, каб я пераехаў да яе. Слова за слова – і вось «давай ажэнімся», каб усё было сур'ёзна.

Чаму шлюб? Нягледзячы на рамантычную натуру, калі адносіны вышэй за ўсё, я не вельмі разумеў, што дае шлюб. Але так табе не трэба тлумачыць, хто гэтая жанчына побач з табой і наколькі сур'ёзныя вашы стасункі: яна – мая жонка. Няма вось гэтага: «Ну, гэта дзяўчына, яна жыве ў іншай краіне, я да яе пераехаў, каб паспрабаваць з ёю стасункі, але мы разам, а цяпер спрабуем штось выбудаваць».

Калі мы разбіраліся з афіцыйнай часткай, мы не хацелі вялікае вяселле, жадалі ўдваіх пасядзець увечары, але, каб знайсці кампраміс са сваякамі, зрабілі маленькае вяселле з самымі блізкімі: бацькі, браты, сёстры – чалавек 20.

Мае бацькі ўжо 27 гадоў разам. Такой, напэўна, сям'я і павінна быць – без сур'ёзных сварак, без здрады. Калі сварыцца, то толькі з-за дробязяў. Але гледзячы на тых жа бацькоў, якія могуць не размаўляць дзень-два, я ніколі не разумеў: вось пасварыліся вы, дык паспрабуйце памірыцца, навошта марнаваць сілы на крыўду. І калі мы з Аняй лаемся, то я заўсёды імкнуся як мага хутчэй ліквідаваць канфлікт. Навошта крыўдзіцца адно на аднаго паўдня, калі ў гэты час можна цалавацца?