Шанец для актывістаў: навошта паступаць у «Акадэмію першых»?
- Рубрыка: УЛОЎ
- 19.03.2020
- 6279
Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА» запускае «Акадэмію першых» для ўдзельнікаў(-ц) моладзевых арганізацый і ініцыятыў. Паразмаўлялі з «РАДАЙ» і з выпускніцамі мінулых курсаў, каб разабрацца, навошта падавацца ў «Акадэмію». Не губляй час – дэдлайн 25 сакавіка. Адказваем на ўсе пытанні!
Што такое «Акадэмія першых»?
Гэта доўгатэрміновая адукацыйная праграма, якую ўжо шмат год праводзіць РАДА для прадстаўнікоў і прадстаўніц некамерцыйных моладзевых арганізацый і ініцыятыў.
А што такое РАДА?
РАДА – гэта парасонавая арганізацыя і моладзевая платформа, якая прадстаўляе інтарэсы беларускіх моладзевых НДА на нацыянальным і міжнародным узроўнях. РАДА прасоўвае ў Беларусі еўрапейскую мадэль моладзевай палітыкі, імкнецца вывучыць, прааналізаваць і данесці да адрасатаў патрэбы беларускай моладзі, кансалідуе высілкі моладзевых арганізацый, ініцыятыў і кампаній і такім чынам робіць іх голас мацнейшым і больш чутным.
Навошта мне ўдзельнічаць?
Гэта круты шанец пракачаць і ўласныя скілы, і патэнцыял сваёй арганізацыі ў праектным менеджменце, піяры, унутранай камунікацыі, арганізацыйным развіцці і пошуку рэсурсаў – карацей, усё, што трэба, каб рухацца наперад. Таксама зможаш знайсці новых паплечнікаў сярод актывістаў ды актывістак іншых арганізацый і расказаць ім пра свой праект. Разбярэшся, як прыцягваць новых актывістаў і актывістак, валанцёраў і валанцёрак.
А ўдзельнічаць могуць толькі зарэгістраваныя арганізацыі?
Не, ініцыятывы таксама вітаюцца! Актывісты-адзіночкі могуць падаць заяўку – вялікае значэнне мае ваша праектная ідэя. Але перавага ў арганізацый і ініцыятыў, таму шукай каманду.
Што яшчэ трэба для ўдзелу?
Самае галоўнае – мець ідэю праекта, які табе карціць рэалізаваць. Таксама важна памятаць, што праграма доўгатэрміновая і ёй патрэбна будзе прысвячаць дастаткова часу.
А як канкрэтна праходзіць праграма?
Адзін прадстаўнік ці прадстаўніца арганізацыі будзе наведваць групавыя навучальныя трэнінгі (прыкладна раз на месяц) і сустракацца з ментарам(-кай). Дарэчы, фішка менавіта гэтага набору ў тым, што пасля першай сустрэчы ўся ментарская праграма будзе фармавацца канкрэтна пад цябе і патрэбы тваёй ініцыятывы ці арганізацыі. Ментара(-ку) таксама будуць шукаць так, каб у вас атрымаўся адукацыйны мэтч. Ментар ці ментарка на працягу года будзе суправаджаць тваю ідэю да моманту яе рэалізацыі, даваць парады і маральна падтрымліваць. Дарэчы, калі паспяхова пройдзеш усе этапы, зможаш атрымаць для свайго праекта падтрымку не толькі маральную. Напрыклад, можна будзе зганяць на study visit і пераняць досвед якой-небудзь крутой арганізацыі.
Так, а можна пару прыкладаў, якога кшталту праекту могуць з’явіцца пасля «Акадэміі»?
Калі ласачка – вось табе тры прыклады з розных сфер.
«Грамадзянскі Форум» правёў трэнінг «Палітгайд па маніпуляцыях», дзе ўдзельнікі разбіраліся з роляй палітычнай сферы ў сваім жыцці і мадэлявалі ідэальны парламент;
«Задзіночанне беларускіх студэнтаў» наведалі Наваполацк з лекцыяй «Студэнцтва, якое рухала Беларусь, і тое, што мы маем цяпер» – распавялі пра першых студэнцкіх актывістаў і цэнтры беларускага студэнцкага руху, гісторыю «ЗБС» і іншых суполак, абмеркавалі сучасныя выклікі беларускіх студэнтаў і студэнтак, падыскутавалі пра магчымыя шляхі іх вырашэння;
Next Stop New Life сумесна з «Жывой бібліятэкай» зрабілі трэнінг на тэму інклюзіі для прадстаўнікоў і прадстаўніц лакальнага бізнэсу і дзяржустаноў у Маладзечне: расказалі, як зрабіць сваю прастору інклюзіўнай. Таксама яны зрабілі маніторынг даступнасці розных прастораў горада.
А што кажуць самі выпускнікі ды выпускніцы праграмы?
Дар'я Рублеўская, «Задзіночанне беларускіх студэнтаў»
Мяне хвалявала тэма пабудовы і развіцця кам'юніці ў арганізацыі. Мне было цікава, як наладзіць працэсы і праз інстытуцыянальныя змены, і праз уласны ўдзел. Я атрымала і гэты досвед, і дадатковыя веды ў сферы працы з моладдзю: удзел маладых людзей у грамадскім сектары, прасоўванне ініцыятыў, досвед ментарства і іншае. У выпадку ўдзелу ў «Акадэміі» варта разумець, што выхлап атрымаецца двайным: і для ўласна ўдзельніка(-цы), і для арганізацыі ці ініцыятывы. «Акадэмія першых» – адна з нямногіх праграм, дзе позва навучання вырашаецца не кімсьці, а ўдзельнікамі і ўдзельніцамі ўласна з патрэб і інтарэсаў арганізацыі ці ініцыятывы.
Наталля Матвійчук, «Дзедзіч»
Я атрымала дапамогу і падтрымку ментара ў рэалізацыі праекта нашай арганізацыі. Намеціла мэты працы ў арганізацыі, усвядоміла, што зроблена нямала, і з’явілася ўпэўненасць, што магу зрабіць яшчэ больш. У нас былі гнуткія ментары, да якіх заўсёды можна было звярнуцца па дапамогу. Вельмі карысныя трэнінгі, дзе мы сустракаліся з членамі іншых арганізацый, абменьваліся вопытам паміж сабой, атрымлівалі новыя скілы. У мяне нават захаваліся канспекты!
Воля, «Грамадзянскі Форум»
Доўгі час мне не хапала рашучасці прыступіць да рэалізацыі праекта, ідэя якога ўзнікла далёкіх паўтара года таму. Ідэі не хапала адказаў на выклікі, якія стаялі перад арганізацыяй, і адпаведнага вопыту каманды ў праектным менеджменце. Узнікала ўсё больш пытанняў і, вядома ж, сумневаў. Старту праекта паспрыяў адукацыйны бок «Акадэміі першых». Дзякуючы семінарам і трэнінгам мы маглі аператыўна вырашаць усе задачы ды цяжкасці, што ўзнікалі перад намі. А пастаянная камунікацыя з адкрытай ментаркай, якой часам даводзілася нас матываваць, дала доступ да розных рэсурсаў, якія нам дапамаглі ў рэалізацыі праекта.
Ці трэба будзе нешта заплаціць?
Не, удзел бясплатны. Іншагароднім удзельнікам і ўдзельніцам могуць кампенсаваць дарожныя выдаткі.
Пераканалі, падаюся. Куды пісаць і калі дэдлайн?
Да 25 сакавiка 2020 уключна запоўні анлайн-анкету. Вынікі табе паведамяць 20 красавiка 2020. Сама праграма пройдзе з траўня 2020 па верасень 2021. Калі засталіся яшчэ пытанні, пішы на info@rada.fm.