З’явілася праграма Міжнароднага фестывалю «Вершы на асфальце»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 11.02.2020
- 6177
Міжнародны паэтычны фестываль імя Міхася Стральцова «Вершы на асфальце» пройдзе ў Менску 14–16 лютага. Расказваем пра некалькі падзей з праграмы фэсту, якія дапамогуць зрабіць гэты люты крыху больш узнёслым.
14 лютага, 18:00. Канферэнц-зала рэстарацыі «Сёмае Неба» (пр-т Незалежнасці, 11, корп. 2, 6 паверх).
Калі вечар пятніцы ты збіраешся правесці не ў бары, то вось табе прыемны літаратурны варыянт. У дзень адкрыцця даведаешся, хто атрымае прэмію Міхася Стральцова ды прэмію «Залаты апостраф», а яшчэ паслухаеш паэтак – лаўрэатак беларускіх прэмій: Веру Бурлак («Фантазюркі», прэмія Цёткі), Марыю Мартысевіч («Сарматыя», прэмія Арсенневай і «Кніга года»), Галіну Сіўчанка («Зоў звычаю», прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча). Таксама ў гэты дзень на фестывалі можна будзе зацаніць выступы замежных гасцей – літаратараў з Польшчы, Украіны, Латвіі і Славеніі. Дарэчы, неблагі сцэнар для інтэлектуальнага святкавання дня ўсіх закаханых. За музыку будзе адказваць Андрэй Такінданг.
15 лютага, 13:00. Літаратурны музей Максіма Багдановіча (вул. Багдановіча, 7а).
Самы насычаны дзень фестывалю з прэзентацыямі новых кніг: Валянціна Аксак («Кава ў арліным гняздзе»), Георгій Барташ («Анталогія сучаснага беларускага верлібра»), Сабіна Брыло («Я и другие люди»), Цемрык Велет («Злом»), Ігар Кулікоў («Храм ракі»), Андрэй Хадановіч («Школа травы»). А перакладчыкі прадставяць новыя кнігі вершаў паэтаў з усяго свету: ад Джорджа Байрана і Фернанду Песоа да Захірыддзіна Мухамада Бабура і Энхедуанны.
15 лютага, 19:00. Кавярня «Грай» (вул. Інтэрнацыянальная, 33).
Ноч паэзіі! Адам Глобус, Наста Кудасава, Віталь Рыжкоў, Юля Цімафеева і шмат-шмат іншых.
16 лютага, 15:00. Літаратурны музей Максіма Багдановіча (вул. Багдановіча, 7а).
Фэст аднаго верша, фінальная вечарына, узнагароджанне пераможцаў.
Уваход на ўсе падзеі вольны.
Больш падрабязнасцей на старонцы ў фэйсбуку.
Фота: writingcooperative.com