Запускаецца бясплатны курс, які навучыць жыць экалагічней
- Рубрыка: УЛОЎ
- 01.02.2023
- 13161
Школа «Экаідэі» запрашае на бясплатны анлайн-курс «Не толькі спытаць: як перайсці ад экаведаў да экадзеянняў». Стартуе курс 16 лютага, а працягнецца да 4 красавіка.
Кожны з шасці тыдняў будзе прысвечаны пэўнай тэме: факт-чэкінгу, грынвошынгу, экалагічным скептыкам і размовам з імі, інструментам грамадскага дыялогу, экалагічным мерапрыемствам, суполкам і сістэмным эказменам.
Заняткі будуць праходзіць у фармаце zoom-вэбінараў па аўторках і чацвяргах. Тэорыя ў іх будзе заміксаваная з практыкай. Таксама плануюцца дамашкі паміж вэбінарамі. Мяркуецца, што курс дапаможа табе не толькі даведацца больш па тэме экалагічнага ладу жыцця, але і пачаць юзаць гэтыя бескаштоўныя веды з карысцю для ўсіх: чэкаць «зялёную» інфармацыю, адрозніваць сапраўдныя экапрадукты ад тых, што экалагічнымі толькі прыкідваюцца, весці аргументаваныя дыскусіі, каб мякка перацягнуць блізкіх на «светлы бок», ладзіць экалагічныя івэнты, збіраць аднадумнікаў і аднадумніц.
Хто будзе спікерыць? Малекулярны генетык, біяэтык Ганна Селязнёва, кансультантка па zero waste Марыя Сума, псіхіятр і псіхалагіня Анастасія Барысенка, эколаг Васіль Яблыкаў, супрацоўніца міжнароднай прыродаахоўчай арганізацыі Анастасія Селязнёва, трэнерка нефармальнай адукацыі Вікторыя Макаранка.
Заяўкі на курс «Не толькі спытаць: як перайсці ад экаведаў да экадзеянняў» прымаюць да 8 лютага ўключна. Курс бясплатны, а колькасць месцаў абмежаваная, таму плануецца адбор, ролю ў якім адыграюць узровень матываванасці і агульная асвечанасць у экалагічнай тэме. Узялі цябе ці не – даведаешся па пошце ці ў тэлеграме 13 лютага.