«Можа раскрыцца непрыемнае, але гэта таксама тваё»: Паўліна Скурко – пра вартасць сямейнай спадчыны

У сваіх сацсетках гісторык, кандыдатка гістарычных навук Паўліна Скурко дае натхняльныя парады па вывучэнні сямейнай гісторыі: падказвае, якія пытанні варта задаць родным, пакуль ёсць такая магчымасць; як аналізаваць сямейныя фота; які сэнс у рэчах, што перадаюцца праз пакаленні. 34mag.net вырашыў паразмаўляць з Паўлінай пра тое, навошта ўвогуле варушыць былое і што, калі ў ім адшукаецца зусім не тое, чым можна ганарыцца?

 

Страчаная Старажоўка

– Для мяне вельмі важная мая мінская ідэнтычнасць, і я хачу зрабіць праект пра маю радзіму – пра гарадскі раён Старажоўка. Усё жыццё на сямейных застоллях бабуля і тата гаварылі пра вуліцу Крапоткіна як пра залаты век у гісторыі сям’і. І калі ў студэнцкія гады ў мяне быў курс пра культурныя ландшафты – фізічныя прасторы, насычаныя культурным значэннем, – я падумала: а чаму б не даследаваць як культурны ландшафт маю Старажоўку? Бабуля была яшчэ ў стане падняць сваіх аднакласніц, і мы сталі з імі гаварыць: як жыла вуліца Крапоткіна, што там у каго здаралася. Паступова ад фізічных момантаў я перайшла да значэння месца.

Дом на вуліцы Крапоткіна належаў маёй сям'і тры пакаленні, а пасля яго знеслі разам з усёй вуліцай. Мае родныя пераехалі ў кватэру, і ўсё, што было на Крапоткіна, стала нічым. Адна жанчына потым расказвала мне, як яна дзяўчом год хадзіла на месца зносу, збірала паламаныя цацкі, гуляла там. Такім чынам яна па-свойму закрыла траўму страты дому. А мае родныя не закрылі.

У цябе сто гадоў быў дом, а пасля на яго месцы – нічога, нават аніякага знаку. Засталася толькі памяць. І мае пошукі, мае запісы, мая мара ператварыць гэта ў праект, каб усе даведаліся, – гэта спроба перапрацаваць сямейную траўму і дапамагчы тату і бабулі зрабіць гэта.

 

«У цябе сто гадоў быў дом, а пасля на яго месцы – нічога»

 

Як у спадчыну пераходзіць не толькі маёмасць

– Думаю, у пэўным узросце ў кожнага назапашваюцца пытанні і надыходзіць час звярнуцца да досведу папярэдніх пакаленняў.

У беларускай псіхалагіні Кацярыны Розінай ёсць падкаст «Што ты тут забыў?» пра трансгенерацыйную траўму, пра тое, якімі механізмамі траўма перадаецца ад пакалення пакаленню. У адным з выпускаў яна дзеліцца гісторыямі з кнігі «Emotional Inheritance: A Therapist, Her Patients, and the Legacy of Trauma» ізраільска-амерыканскай даследчыцы Галіт Атлас. Кнігу складаюць гісторыі кліентаў, якія прыходзяць да Атлас з надзённай праблемай – напрыклад, хлопца не пакідае меланхолія пасля расставання з партнёрам; жанчына не ведае, хоча яна дзяцей ці не; другая жанчына здраджвае мужу. Далей яны праблему раскручваюць і выяўляецца, што гэта ўсё спадчына пакалення бацькоў або бабуль-дзядуль. Штосьці там здарылася, што вымушае цяпер жыць і дзейнічаць пэўным чынам.

Калі маці той жанчыны, якая здраджвала мужу, было дванаццаць гадоў, яе маці захварэла на смяротную хваробу, і дзяўчынка ўвесь час праводзіла побач з ёй, думаючы, што ў яе прысутнасці мама не памрэ. Але мама памерла. І яна так цяжка перажывала страту, што, калі ў яе нарадзілася дзіця, яна была, як псіхолагі кажуць, «памерлая маці» – жанчынай з цалкам замарожанымі пачуццямі, якая не можа даваць свайму дзіцяці цеплыню. Гэтая дзяўчына, што пазней звярнулася па дапамогу, усё старалася, каб убачыць бляск любові ў вачах маці, але не змагла. І тады яна стала ідэнтыфікавацца з ёй праз адсутнасць пачуццяў да сваёй сям'і. А сэкс з палюбоўнікамі дапамагаў ёй дакрануцца да яе гора, увайсці ў сэрца сямейнай траўмы.

 

 

Разумець больш праз эмоцыі

– Для сябе я раздзяляю паняцці сямейнай гісторыі і сямейнай спадчыны. Сямейная гісторыя – пра факты, даты нараджэння і даты смерці, вывучэнне архіўных дакументаў. А сямейная спадчына – пра эмоцыі, пачуцці, перажыванні, пачынаючы ад нашага пакалення і ўглыб. Мяне цікавіць менавіта эмацыйнае жыццё продкаў.

Ёсць такое практыкаванне, калі гісторыю сям'і малюеш у выглядзе драўняных кольцаў на шкале часу, і ты бачыш, як падзеі гісторыі накладаюцца на жыццё тваіх родных. Часам выходзяць вельмі нечаканыя назіранні. Мы ўсе напэўна думаем пра Другую сусветную, а пра Першую сусветную – менш. Але яе таксама ўсе нашы продкі так ці інакш перажылі: былі бежанцамі ці іх мабілізавалі. Можа, хтосьці, напрыклад, навучыўся ў войску чытаць, і гэта стаў першы пісьменны чалавек у сям'і?

І мы зусім не думаем яшчэ далей. Як было да адмены прыгону, калі людзі працавалі фактычна як рабы? Як было потым, калі яны атрымалі зямлю? Як змяняліся іх мары і адчуванні жыцця? Большасць з нас – нашчадкі людзей, якія аднойчы атрымалі волю і зямлю. Цікава падумаць пра гэта ў эмацыйным кантэксце.

 

«Большасць з нас – нашчадкі людзей, якія аднойчы атрымалі волю і зямлю. Цікава падумаць пра гэта ў эмацыйным кантэксце»

 

Думаць можна нават без сведкаў тых падзей. У мяне быў універсітэцкі курс пра сямейную спадчыну, дзе людзі аказаліся на розных пазіцыях: у адной дзяўчыны былі звесткі пра 500 продкаў і яна хацела даведацца яшчэ больш, другая шукала матывацыю, каб нарэшце запісаць усё, што яна ведае, а трэцяя сказала: «Мне няма з кім гаварыць». Яе сваякі або памерлі, або знаходзіліся далёка, і яны не камунікавалі. Што падказаць чалавеку ў такой сітуацыі? Я прапанавала ёй паразмаўляць з сабой, бо многа адказаў – у нас саміх. У выніку яна напісала вельмі добрае эсэ пра сваё дзяцінства: яна ўзнавіла, як ідзе ў кватэру бабулі і дзядулі – якая плітка ў пад’ездзе, паштовыя скрыні, святло на лесвіцы, як у кватэры выглядае кожны пакой, якія там пахі. Праз свой успамін сапраўды можна зразумець штосьці пра жыццё родных, пра іх досвед.

 

Сямейныя сакрэты

– Ёсць такое паняцце «аўтаэтнаграфія». Гэта жанр на мяжы навукі і мастацтва, які прыдумалі амерыканцы Кэралін Эліс і Артур Бохнер. У канцы васьмідзясятых яны прыйшлі да высновы, што сучасная навука не адпавядае жыццю. Калі на патрабаванне аб’ектыўнасці ты даеш сухія факты і не можаш падзяліцца досведам, гэта збядняе навуку. І яны загаварылі пра даследаванне ўласнага досведу. Іх паплечнік сфармуляваў прыкладна так: «Калі нехта прыйдзе, збярэ пра мяне ўсе даведкі, правядзе са мной дзесяць інтэрв’ю, і гэта будзе антрапалагічнае даследаванне, то чаму я сам не магу выказаць сябе, хоць я назіраю за сабой 24/7 і разумею, што я адчуваю, лепш за чалавека, які прыйдзе да мяне на тры гадзіны глыбіннага інтэрв’ю?»

Я цешуся, што аўтаэтнаграфія пашыраецца ў беларускім асяроддзі. Летась Віктар Марціновіч выдаў кнігу «Belarus in Autoethnographic Narratives: The Art of Mercy Against Oblivion». Яна пачынаецца з таго, што малы Віктар знайшоў за печкай у бабуліным доме ружжо. Уся сям'я ў шоку: «Дзе ты яго здабыў?» Ружжо забіраюць і ціха хаваюць. Праходзяць дзесяцігоддзі, яны гартаюць сямейныя фатаграфіі і там фота часоў Першай сусветнай. «А гэта хто?» – «Амелян, твой прадзед. Давай перагoрнем». На працягу жыцця Віктару ніхто не гаворыць, што гэта за Амелян, і толькі ў познім веку тата раскрывае сакрэт, што прадзед Амелян быў на Першай сусветнай вайне. У савецкія часы гэта было пэўнае кляймо, бо вайна «імперыялістычная». Пасля вайны прадзед проста жыў у сваёй вёсцы, калі ў Другую сусветную прыйшлі немцы і пад дулам пісталета прымусілі аднаго хлопчыка ўказаць, хто мае сувязь з партызанамі. Ён указаў на рандомных людзей, у тым ліку на Амеляна. Іх некуды забралі, і больш Амеляна ніхто не бачыў. Пазней хлопчыка, які ўказаў на людзей, пасадзілі ў ГУЛАГ за супрацоўніцтва з нацыстамі, а калі ён вярнуўся, то сын расстралянага ледзь яго не забіў.

Вельмі дзікая гісторыя, якая па зразумелых прычынах была ахінутая маўчаннем. Дарэчы, гэта вельмі цікавы спосаб даследавання – калі мы вывучаем, пра што ў сям'і маўчаць. Бо маўчаць пра тое, што псіхіка не змагла пераварыць. Гэта перадаецца наступнаму пакаленню, якое атрымлівае табуяванай пэўную тэму. У Амерыцы і Ізраілі тэма маўчання добра вывучаная на прыкладзе ацалелых з Халакосту, а ў нас такім пакуль ніхто не займаўся, хоць, відавочна, нацыянальныя і сямейныя траўмы на нас вельмі ўплываюць.

 

«Гэта вельмі цікавы спосаб даследавання – калі мы вывучаем, пра што ў сям'і маўчаць»

 

 

Што хаваецца за маўчаннем

– Ёсць спіс пытанняў «The Essential Questions» амерыканскай даследчыцы вуснай гісторыі Эліс Кіцінг, якія можна задаваць сваім родным і сабе. Праз пытанні можна намацаць у тым ліку недагаворванні, якія потым раскрыюцца праз дакументы. Напрыклад, ведаеш, што прадзед у 30-я гады працаваў у дзяржаўных структурах, але ніхто не кажа дзе. Можа быць, гэта НКУС? І можа быць, дакументы дапамогуць зразумець, што і як. Калі родныя ўнікаюць некаторых пытанняў, варта вяртацца да іх у наступных размовах пад рознымі вугламі. Безумоўна, можа раскрыцца штосьці непрыемнае, але гэта таксама тваё і яно табе тлумачыць, чаму ты такі.

Швейцарскі журналіст Саша Бат’яні выявіў, што яго стрыечная бабуля ў родавым замку ў Венгрыі арганізавала баль для нацыстаў, на якім яны забілі вялікую колькасць мясцовых габрэяў. Пра гэта стала пісаць швейцарская прэса. І хоць гэта жонка стрыечнага дзядулі Бат’яні, але ж гэта яго прозвішча. У выніку ён напісаў кнігу «A Crime in the Family» пра тое, як шукаў сваякоў ахвяраў і ездзіў да іх, каб распавесці праўду.

Амерыканскі журналіст Буркхард Білгер напісаў кнігу «Fatherland», спрабуючы разабрацца, ці быў яго дзядуля нацыстам. НСДАП паставіла таго функцыянерам у нейкім эльзаскім горадзе, і пасля вайны дзед быў люстраваны. Білгер выявіў, што дзядуля сапраўды раздзяляў нацысцкую ідэалогію, але з таго горада нібыта нікога не забілі. Дык наколькі той дзед быў злы?

У кніжцы «Belonging: A German Reckons with History and Home» нямецка-амерыканская мастачка Нора Круг працуе з усведамленнем сябе немцамі пасля Другой сусветнай вайны. У дзяцінстве яна разумела, што пра многае ёй не гавораць, а калі дарослая паехала ў Амерыку вучыцца маляванню, пасля адказу на пытанне, адкуль яна, яна магла пачуць: «Немцы забілі ўсю маю сям’ю». З гэтага нарадзілася ідэя кніжкі.

Беларуская псіхалагіня Кацярына Розіна прыводзіла псіхааналітычны кейс, калі хлопец кожную ноч ускокваў са страшным крыкам, яму казалася, што не хапае дыхання. Потым выявілася, што гэта ўнук чалавека, які стварыў першыя газавыя камеры. Калі ён даведаўся пра гэта, яго пакуты прайшлі.

 

 

Ёсць прамая логіка ў тым, як звязаныя нашыя рэакцыі з тым, што не прамоўлена. Напрыклад, калі ты ні на што вялікае не можаш назбіраць грошы, яны ў цябе заўжды сплываюць, можа, такая стратэгія паводзін успадкаваная ад тых, каго раскулачылі?

 

«Калі ты ні на што вялікае не можаш назбіраць грошы, можа, такая стратэгія паводзін успадкаваная ад тых, каго раскулачылі?»

 

Мне ўвогуле нічога не вядома пра бабулінага тату са Старажоўкі. Ён прыйшоў, прыжаніўшыся, у дом маёй прабабулі. І ўсё, што я пра яго знаю, нібыта ён быў разарваўшы сувязь са сваёй сям'ёй, хаця па дакументах яны жылі на той жа вуліцы, праз некалькі дамоў. Мая бабуля – позняе дзіцё і нічога не ведала пра сваіх дзядулю і бабулю. Яна не знала, дзе яны пахаваныя. Думаю, што яны пахаваныя на Старажоўскіх могілках, якія пасля былі знесеныя. Мала таго, што знесеныя дамы, дык яшчэ і могілкі – няма куды прыйсці са свечкай. Гэта былі самыя вялікія могілкі Мінска, яны дзейнічалі паўтара стагоддзя і пасля іх узялі і пераўтварылі ў сквер «для адпачынку пралетарыяту». Я вучылася ў школе па суседстве, нас ганялі туды на фізкультуру, але я тады не думала, што тут маглі ляжаць мае родныя. Помню толькі адчуванне: бяжыш, а зямля пад табой спружыніць, тут ямка, там ямка.

Пра прадзеда была сямейная легенда, што ён быў не Астроўскі, а Астравух, і што ён з Заходняй Беларусі. Можа быць, некалі за жыццё я знайду канцы і стане ясна, чаму ён разарваў сямейныя сувязі.

 

Пра што кажуць сямейныя рэліквіі

– Чытала аўтаэтнаграфічны артыкул амерыканскай даследчыцы, дзе яна едзе ў дом памерлых бацькоў і выбірае, ад якіх рэчаў пазбавіцца, а што пакінуць. І яна паліць фатаграфіі ХІХ стагоддзя: «Я нікога тут не знаю, так што попел да попелу». Чытаеш і думаеш: «Вось бы ў нас у каго была хоць адна фатаграфія ХІХ стагоддзя!» У нас нават не стаіць пытанне, што захоўваць, а што не. У дзікіх умовах ХХ–ХХІ стагоддзяў проста думаеш захаваць хоць нешта.

Цікава, што часам мы даведваемся, што нешта было рэліквіяй, толькі калі яе не стане. Аднойчы я незнарок разбіла авальную талерку пад селядзец – і тут бацька: «Гэта ж крапоткінская талерка!» То-бок талерка маёй прабабулі. І я тады ўжо, канешне, думаю, што трэба яе ратаваць, паклеіць прыгожа, як японскае кіцугі.

 

«У дзікіх умовах ХХ–ХХІ стагоддзяў проста думаеш захаваць хоць нешта»

 

Ёсць яшчэ і страчаныя рэліквіі – рэчы, якія засталіся толькі ў памяці. Са знесенага дома на Крапоткіна шматлікія рэчы проста пакінулі, і тата, ужо дарослы, казаў: «Чаму мы не ўзялі адрасную таблічку з дома?» Гэта настолькі мяне зачапіла, што пасля я знайшла знаёмых, якія куплялі дамы, даведалася, што дом з нашай вуліцы трапіў у Мядзельскі раён, і хтосьці казаў, што недзе была адрасная таблічка. Я маніякальна загарэлася, мне хацелася кампенсаваць сваёй сям’і пачуццё страты ўсяго. Але таблічку так і не знайшлі.

Спіс страчаных рэліквій таксама можа быць вельмі карысным і нешта патлумачыць нам пра нас і нашых продкаў. Бо, на маю думку, рэліквія – гэта не проста рэч, а якасць ці вартасць вакол гэтай рэчы, якую нам хочуць перадаць.

 

 

Фота: Unsplash.