Sprava мае плён: рэпорт з найлепшага фэсту 2022-га

На мінулых выходных у вёсцы Белая Царква на Віцебшчыне чацвёрты раз прайшоў фестываль месца Sprava. Гісторыю фэсту ты можаш пачытаць вось тут, а ніжэй знойдзеш фотарэпартаж Касi Palasatka з самага жывога беларускага мерапрыемства гэтага лета.

Калі бярэш квіток на фестываль, які нават не абвясціў праграму, цяжка растлумачыць некаторым знаёмым, чаго ты чакаеш ад гэтай падзеі і «а хто там будзе спяваць?» -- бо табе абсалютна няважна, хто будзе «спяваць». Ты проста ведаеш, што будзе цудоўна. І ведаеш не ты адна – sold out на Sprava здарыўся за тыдзень да фестывалю, а дадатковыя пару сотняў квіткоў сышлі за дзве хвіліны.

«Справу» нават цяжка з нечым параўнаць. Бо звычайна оўпэн-эйр – гэта як? Прыходзіш на лётнае-нялётнае поле, чапляеш піўко, трасеш галавой пад музыку, ківаеш сябрам. На Sprava ж атрымліваеш якасна іншы, вельмі глыбокі вопыт.

Спярша ты ізалюешся ад «вялікай зямлі» на паўвостраве, а па адчуваннях гэта роўна востраву: куды ні кроч – упрэшся ў ваду. Вада акрэслівае тэрыторыю пражывання на гэтыя пару дзён, і ты пачынаеш фізічна адчуваць нейкую блізкасць з людзьмі, якія апынуліся тут жа. Вы на адным «востраве», а значыцца, вы заадно.

 

Потым даследуеш тэрыторыю: намёт пастаўлены тут, ежу можна знайсці там, цішыню – там, пляж – там, танцы – вось там. Паступова разумееш, як «карыстацца гэтай вечарынкай». Асвойваешся. Сустракаеш знаёмых і напаўзнаёмых. Абдымаешся. Ад гэтых судотыкаў месца набрыньвае жыццём. І зусім хутка месца пачынае існаваць як хуткарослы арганізм, ва ўсіх сістэмах якога паралельна і бурна нешта адбываецца.

 

На Sprava ты можаш хадзіць аднымі і тымі ж сцежкамі – і кожны раз атрымліваць новы вопыт. Забрацца ў арт-аб'ект – нару, напісаць ліст незнаёмцу, парэйвіць, паляжаць на дыване, паслухаць, як у закінутай царкве XVI стагоддзя сям'я з суседняй вёскі спявае песеньку пра «пусть всегда будет солнце», наведаць лекцыю бібліятэкаркі мясцовага ДК або выправіцца на шпацыр з біёлагам, высушыць ля вогнішча талстоўку, падхапіць класічную песню Каржа, пасмакаваць незнаёмую ежу.

 

«Вы на адным "востраве", а значыцца, вы заадно»

 

Музычная праграма Sprava разгортвалася на некалькіх пляцоўках, прычым разгортвалася стыхійна з папраўкай на дождж і была такой жа жывой, як само месца. Жанры чаргаваліся без усялякіх правілаў: іранічны постпанк «Снов синей собаки», магія нябесных сфер ад «5/4», постмадэрновы Вівальдзі ў выкананні аркестра «Око», народныя спевы майстэрні Дар'і Зуевай, гарадскі шансон ад Воўкі Плюмбума. Кожная новая музыка намацвала ў целе слухача нейкі новы нерв. Ты насычаў месца жыццём, а яно вяртала да жыцця цябе – такая аўдыятэрапія.

 

І, вядома, перадусім – людзі. Абсалютна свае, нават калі бачыш іх упершыню. Дапамогуць, падкажуць, пажартуюць, нечым падзеляцца. Аб'яднаюцца, калі трэба, і пакінуць у спакоі, калі захочаш.

Паўвостраў ля Белай Царквы павінны штогод пераўтварацца ў «востраў», каб нагадваць тым, хто забыўся: калі кожны добра робіць сваю справу, то і агульная справа дае плён. Гэтае месца ніколі не стала б такім, калі б не арганізатары, валанцёры і мастакі, якія прыехалі сюды на тыдзень раней. Іх намаганнямі была скалочаная інфраструктура, якая вытрымала і +30, і лівень з навальніцай. З'явіліся арт-аб'екты, якія не стаялі музейнымі экспанатамі-недатыкамі – народ пастаянна з імі ўзаемадзейнічаў. Вырашаліся ўсе форс-мажоры. А галоўнае – стваралася жывая атмасфера агульнай справы, калі кожны і кожная можа падлучыцца і стаць карысным(-ай), чым здольны(-ая), – хоць сыграць на гітары, а хоць паштурхаць угразлы смеццявоз. Дзякуй.

 

 Фота: palasatka