На паўвостраве Чарэйскага возера з’явіўся сад авангарднай культуры
- Рубрыка: УЛОЎ
- 01.07.2024
- 2623
Фестываль SPRAVA сёлета не адбудзецца, але каманда запрашае прыхільнікаў і прыхільніц фэсту ў эмбіент-сад – рэальны або віртуальны.
З 29 чэрвеня на паўвостраве каля Белай Царквы можна падзівіцца на эксперыментальны праект Sad Orchestra – патаемны сад авангарднай культуры, дзе можна гуляць сярод гукаў і водгаласаў, сэнсаў і ўспамінаў, недзе на памежжы. «Аркестр Сад» прысвечаны тром яскравым асобам незалежнага беларускага мастацтва, якія заўчасна пакінулі гэты свет: кампазітару, гітарысту Леаніду Нарушэвічу, музыку, бубначу Арцёму Залескаму, тэатральнаму крытыку, рэжысёру Аляксею Стрэльнікаву.
«Мы не толькі хочам зрабіць свой унёсак у захаванне іх культурнай спадчыны, – пішуць стваральнікі Sad Orchestra, – але і пераасэнсаваць яе, прапануючы замест статычнага мемарыяла жывую, наравістую прастору – сад, у які можна ўвайсці, каб успомніць. Памяць, у якую можна ўвайсці, як у сад, дзе ўсё збіраецца ў новы досвед».
Каардынаты саду: 54°38'30.0"N 29°18'29.6"E.
Але сад існуе і ў віртуальнай прасторы. У аўдыявізуальнае падарожжа можна выправіцца па адрасе sadorchestra.space. Для якаснага прачування атмасферы рэкамендуюць скарыстацца навушнікамі.