Сезам для Белай Царквы
- Рубрыка: РЭПОРТЫ
- 16.05.2018
- 11108
Невядома, якім крэатыўным багам дагадзілі жыхары вёскі Белая Царква і суседняга аграгарадка Чарэя, але пасля леташняга фестывалю SPRAVA на іх зваліўся яшчэ адзін масіўны дзвіж, які пачаўся гэтай вясной. SESAM 2018 Ex Nihilo – міжнародная школа архітэктуры, арганізаваная МГА «Беларуская асацыяцыя студэнтаў-архітэктараў». У выніку амаль двух тыдняў даследаванняў і будаўніцтва, 120 студэнтаў-архітэктараў з 20 краін прэзентавалі 12 праектаў, што павінны саслужыць мясцоваму кам’юніці. Ад мабільнай саўны да філасофскай пляцоўкі – мы наведалі новыя архітэктурныя аб’екты і даведаліся ў аўтараў, што натхняла іх на працу.
Андрэй Крохін, арганізатар SESAM 2018 Ex Nihilo:
– Беларускія вёскі цяпер перажываюць не лепшыя часы: колькасць сельскіх жыхароў пастаянна змяншаецца, зачыняюцца дзіцячыя садкі, школы, сельскія клубы і бібліятэкі. Чарэя і Белая Царква не з’яўляюцца выключэннем. Ад самага пачатку нашай інтэнцыяй было паспрабаваць вярнуць вёску людзям, а людзей – вёсцы. Па маім досведзе арганізацыі летняй практыкі ў Крэве я разумеў, што найлепей гэтай мэты можна дасягнуць, калі існуе рэальнае супрацоўніцтва і падтрымка ад мясцовых уладаў. Ад знаёмага мы ведалі пра фестываль SPRAVA, на якім той працаваў валанцёрам, таму адразу падумалі пра гэтае месца. У выніку старшыня сельсавета Нэлі Леанідаўна нас кансультавала, дзе што лепей паставіць, а райвыканкам забяспечыў дровамі, прыбіральнямі і выдаў будынак школы, якая стала нашай базай і жытлом.
Да ўдзелу мы прыцягнулі прадстаўнікоў з EASA (Еўрапейскай асамблеі студэнтаў-архітэктараў) і MEDS (Міжнародная арганізацыі студэнтаў-дызайнераў), якія даслалі нам каля 20 праектаў варкшопаў. Гэта сталася шокам, бо мы былі ўпэўненыя, што прыйдзецца ўсіх прымушаць ехаць у нейкую беларускую вёску. Варкшопы абіралі зыходзячы з цікавасці, карысці для мясцовага кам’юніці, а таксама з нашых абмежаваных рэсурсаў.
Мне падаецца, што галоўная праца, якая адбылася, – гэта зрух у свядомасці мясцовых жыхароў. Напэўна, усе чакалі, што прыедуць студэнты, якія будуць бухаць і знашацца, дзе прыйдзецца. Нам давялося тлумачыць, што мы будуем для іх і пакінем пабудаваныя аб’екты ў Чарэі, каб усе маглі імі карыстацца. Такое нематываванае будаўніцтва, ды яшчэ з пытаннямі «Як вам лепей будзе?», канешне, ускалыхнула іх. Збольшага ўсе паставіліся пазітыўна, хоць на першы ж дзень адну з пабудаваных лавак нехта скраў. Таму мы імкнуліся прыцягнуць мясцовых да працэсу, прасілі ў нечым дапамагчы. Бо, калі чалавек адчувае асабістае дачыненне, у яго з'яўляецца адказнасць за выкананую працу.
THE ALTER / Алтар
Цьютары: Bebis Ilia, Depasta Lida (Грэцыя)
Ілія Бебіс і Ліда Дэпаста, цьютаркі
– To alter – значыць змяніць характар або кампазіцыю, мадыфікаваць. Драўляная канструкцыя, якая паўтарае контуры старой цалкам разбуранай апсіды (алтарнага выступу), мае сваёй мэтай з павагай да гісторыі і мінулага адрадзіць старую святыню. У той жа час гэта новы пласт гісторыі. Гэта свежае і новае. Гэта натхняе на змены, альтэрацыю. Гэта Alter. Канструкцыя складаецца з некалькіх драўляных элементаў, афарбаваных у сучасных колерах царквы, ствараючы дэкарацыю, ідэальна адпаведную яе наваколлю. Чаргаванне шчылін і блокаў паступова змяняецца ў верхняй частцы, ствараючы ўражанне алтара, які знікае ў небе.
Наша задача заключалася ў тым, каб пераканаць мясцовых жыхароў без слоў, але толькі сілай новага чароўнага элемента, узяць на сябе ініцыятыву, каб аднавіць алтар і ажывіць іх царкву.
Roller-Booth
Цьютары: Alexandra Polyakova (Украіна – Германія), Louis Currie (Францыя)
Гэта стэнд на колах, які можа перасоўвацца між людзей і падзей. Яго можна выкарыстоўваць на святах і іншых мерапрыемствах самымі рознымі спосабамі, каб даследаваць ваколіцы і вылучаць новыя кропкі прыцягнення.
Dream-It!
Цьютары: Joonas Parviainen (Фінляндыя), Brett Mahon (Паўночная Ірландыя)
Ёнас Парвіайнен і Брэт Махон, цьютары
– Наша майстэрня складалася з двух этапаў. На тэарэтычным удзельнікі вывучалі прастору, рабілі эскізы і дачыняліся з мясцовымі жыхарамі. Неўзабаве яны сфармулявалі ідэі праектаў, аб'яднаных агульнай эстэтыкай і практычным зместам. Гэта шэсць невялічкіх аб'ектаў, якія з'яўляюцца своеасаблівымі рамкамі для назірання наваколля. Гэта павільён побач з возерам для адпачынку, арэлі з захапляльным відам на вёску і сістэма з рамак, якая звяртае ўвагу на амаль забытыя габрэйскія могілкі. Усе яны выкананыя з неачышчанай і пафарбаванай белым драўніны, якая адлюстроўвае навакольную атмасферу.
Flexible space
Цьютары: Elaine Bonavia (Мальта)
Часовая адаптыўная інсталяцыя ў былой воданапорнай вежы са шклапластыкавай арматуры, якая павінна надаць закінутай пустой прасторы новы рух.
Dome Ex Nihilo
Цьютары: Andrea Aleksić, Igor Rajković (Сербія)
Часовы амфітэатр на паўвостраве для канцэртаў, перформансаў і іншых культурных мерапрыемстваў. На прэзентацыі тут выступіў хор чарэйскага дома культуры «Натхненне».
Reciprocal Landscape
Цьютары: MONOGROUP – Nataly Nemkova, Aliaksandr Khadzyakou, Yana Sukhostkaya (Беларусь)
Аляксандар Хадзякоў, цьютар
– Мясцовыя людзі – таварыскія, спагадлівыя, глыбакадумныя, таму нам было важна зрабіць аб'ект, які б упісаўся ў мясцовыя звычаі і ў ландшафт. У нейкім сэнсе мы нават знайшлі сабе замоўцу з мясцовых. Таксама нам хацелася паэксперыментаваць з узаемазлучанымі канструкцыямі (reciprocal structures) і паказаць метады працы ландшафтнага ўрбанізму (landscape urbanism) – горадабудаўнічага напрамку, які грунтуецца на глыбокім вывучэнні мясцовых умоў, прыродных, сацыяльных і тэхнагенных.
Плошчы ў такіх месцах – гэта заўсёды транзітная прастора: cтол, на якім стаяць скрынкі дамоў. Чалавек не знаходзіць фармальнай прычыны для свайго доўгага знаходжання ў гэтай прасторы. Мы вырашылі стварыць гэтую прычыну. Выдаць чалавеку нешта накшталт мыліцы з работ Далі.
Зразумелі, што дзецям, якія ездзяць у школу, патрэбны прыпынак. Штотыднёваму рынку патрэбна кропка зносін. Загароджаны парк трэба інтэграваць у жыццё. Аб'ект павінен быў забяспечваць умераныя адпачынак і зносіны, але ўскладняць п'яныя дэбошы.
Мы кіраваліся вобразам закручанай марской хвалі. Але гэты вобраз быў не самамэтай, а проста фокусам для абмеркавання. Думаю, усё атрымалася і працуе.
Catch the moment
Цьютары: Ivanov Mikhail, Kryuchkova Kristina, Kuznetsova Olga (Расія)
Альтанка з арэлямі. Перад назіральнікам(-цай) знаходзяцца вада, сонца і зямля – сімвалы жыцця, за назіральнікам(-цай) – могілкі, сімвал смерці. Гойдаючыся на арэлях, назіральнік(-ца) увесь час знаходзіцца паміж гэтымі двума станамі, а з пэўнай кропкі (моманту, які прапануецца злавіць) можна пабачыць у вакенца Троіцкую царкву ў суседняй вёсцы.
PLATFORMIX
Цьютары: Katliarski Ilya, Lemiashonak Anastasiya (Беларусь)
Плывучая платформа для пікнікоў на вадзе, што вырашае праблему адсутнасці добраўпарадкаванага грамадскага пляжа ў Чарэі.
Sauna to go
Цьютары: Djordje Zdravkovic, Ivana Petrovic (Сербія)
Мабільная саўна, якую можна перасоўваць па розных лакацыях Чарэі і Белай Царквы, зыходзячы з неабходнасці для мясцовых жыхароў.
Фота – Аліна Крушынская і Саша Канончанка
Тысячу здымкаў знойдзеш тут
КАМЕНТАРЫ (2)
Hellooo! Can I ask something, please?
Sure