«Школы маглі б праз гульні перадаваць веды»: гісторыя Games for Belarus
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 17.06.2024
- 2371
Ва ўсім свеце людзі гуляюць у «Манчкін» ці «Уна», але ж крута, калі з’яўляюцца арыгінальныя настолкі з лакальным кантэкстам. Ініцыятыва Games for Belarus намагаецца развіваць беларускую школу гейм-дызайну, каб у беларусак і беларусаў былі гульні са сваімі пасхалкамі ды магчымасцю атрымаць актуальныя веды і досвед. 34 пагутарыў з заснавальніцай ініцыятывы Games for Belarus, мастачкай, гейм-дызайнеркай Ленай Рабкінай пра тое, як яе гульні яднаюць, падтрымліваюць і натхняюць людзей у Беларусі і па ўсім свеце.
– Мяне заўсёды цікавілі гульні, я доўга гуляла ў «Што? Дзе? Калі?», была трэнеркай. Потым я пачала ствараць ларпы – ролевыя гульні прамога дзеяння, і тады вельмі шмат даведалася пра гульні ўвогуле і зразумела, якую трансфармацыю яны могуць даваць. Мне вельмі падабалася ствараць так званы magic circle («чароўнае кола»), у якім існуюць свае правілы і ў бяспечным асяроддзі якога можна штосьці даследаваць. Пасля гульні кола знікае, але досвед, які ты ў ім пражыў, застаецца з табой.
Потым я паставіла пры Цэнтры беларускай драматургіі эксперыментальны спектакль, які спалучаў гейм-дызайн з тэатрам. У нейкі момант, адчуўшы, што дасягнула столі, я пачала шукаць новыя вопыты і звярнулася да настольных гульняў. Я патрапіла на міжнародны праект, які закранаў гэтую тэму, і ў 2021 годзе стварыла сваю першую настолку – пра выгаранне.
«Я ў парадку»
– Я стварала яе не столькі як настольную гульню, колькі як тэрапеўтычны інструмент і мастацкае выказванне. Я брала ўдзел у праекце, дзе мая лабараторыя была прысвечана паблік-арту – гэта калі аб'екты мастацтва або мастацкія выказванні размяшчаюць у публічным штодзённым асяроддзі. Для мяне было важным казаць пра выгаранне, і я хацела стварыць прэцэдэнт, калі людзі робяць выгаранне бачным. Таму для выставы я выбрала фармат гульні. Праз сваё мастацтва я заўсёды нешта даследую. І даследаванне на тэму выгарання мне было цікава заключыць у гульню. Наўрад ці мы часта чытаем навуковыя даследаванні проста так. Іншая справа – атрымаць інфармацыю праз гульню і праз яе ж атрымаць пэўны досвед.
Ідэю вельмі падтрымалі. Я зрабіла апытанне – і людзі даслалі сотні адказаў на тэму таго, што выклікае ў іх выгаранне і што дапамагае даць рады. На іх аснове і была створаная гульня «Я ў парадку».
У настольнай гульні «Я ў парадку» сабраныя практычныя парады, як адчуваць сябе лепш, ад самых розных людзей. Гульня дае магчымасць узгадаць знаёмую сітуацыю, пасмяяцца з яе, падтрымаць адно аднаго, добра прабавіць час.
Я хацела падтрымаць беларусаў і заклала пэўныя механікі, якія ператвараюць канкурэнтную з выгляду гульню ў інструмент падтрымкі. Напрыклад, калі справы ў гульцоў ідуць добра, яны адпраўляюцца на аблачыну, адкуль пры жаданні могуць падцягваць іншых удзельнікаў гульні. Ці яшчэ момант: звычайна, калі нехта даганяе цябе на клетцы ў пахадовай гульні, ты думаеш: «Ай-яй-яй! Яны наступаюць мне на пяткі!» А тутака, калі вы апынуліся на адной клетцы, то па згодзе можна абняцца – і тады ў вас з'явіцца плюс бал энергіі, якая не дазваляе вам выгараць. Ёсць жа даследаванні, якія пацвярджаюць, што абдымкі змяншаюць узровень стрэсу.
Праз ковід мы прэзентавалі гульню анлайн, і ў такой гульнявой сітуацыі я казала гульцам: «Заплюшчыце вочы і ўявіце, што вы абдымаецеся». І калі яны расплюшчвалі вочы, было відаць, што яны змяняліся ўнутрана. Значыць, гэта працуе нават на ўзроўні фантазіі!
«Калі яны расплюшчвалі вочы, было відаць, што яны змяняліся ўнутрана»
Гульня вельмі хутка разышлася. Я стварыла такую схему, калі можна было проста набыць гульню, а можна было заплаціць больш, каб тыя, у каго няма сродкаў, атрымалі яе бясплатна, аплаціўшы толькі дастаўку. Сярод іншых мне напісалі «Гарадскія бібліятэкі Гомеля»: хацелі арганізаваць гульні для сваіх пажылых людзей. Мяне гэта вельмі кранула, бо я не чакала прызнання на ўзроўні інстытуцыі.
У ідэале мне хацелася б, каб гульні дасягалі сістэмы адукацыі. Школы маглі б праз гульні сістэмна перадаваць веды новым пакаленням. Але для мяне аднолькава важна, ці патрапяць гульні ў арганізацыю, ці ў супольнасць, ці ў сям'ю. Галоўнае – каб гульні адпраўляліся ў рукі, якія будуць у іх гуляць. Людзі так ці інакш будуць дзяліцца.
Як гульні пашыраюць магчымасці
Я працую над гульнямі як гейм-дызайнер. Супрацоўнічаю з ілюстратарам ці дызайнерам, бяру дапамогу асістэнта па адпраўках і часам звяртаюся па дапамогу SMM-шчыка. Яшчэ ёсць тэсціроўшчыкі – людзі, якія гуляюць у гульню на этапе тэсціравання і дапамагаюць зрабіць яе лепш. Гульня тэстуецца мінімум дзесяць разоў. Ты крыху як алхімік тут: круціш нешта, дадаеш, спрабуеш ідэі. Без тэсціроўшчыкаў стварыць гульню немагчыма, і гэта не абавязкова вопытныя гульцы. Найлепшыя тэсціроўшчыкі – якраз людзі, якія не вельмі любяць гульні і не вельмі ў іх гуляюць, але такіх складана знайсці, хіба нехта за кампанію прывядзе. Затое фанаты гульняў шмат ведаюць і даюць іншыя важныя парады.
Яшчэ ёсць даследнікі. Для «Дворыка» я працавала з даследчыцай з Менскай урбаністычнай платформы. Як акадэміку ёй было ў навінку працаваць з гульнёй, але я вельмі ўдзячная, што нас звёў лёс, бо яна зрабіла вельмі шырокае даследаванне, якое заставалася як мага паўней змясціць у гульню.
Гульцы ў «Дворык» развiваюць свой раён і клапоцяцца пра яго жыхароў. Праз настолку можна больш даведацца пра мясцовыя супольнасці і раёны горада, адчуць сябе часткай зменаў да лепшага, задумацца пра тое, каб перанесці некаторыя практыкі ў рэальнае жыццё.
Даследчае пытанне было такое: «Як клопат пра гарадское асяроддзе можа ўзмацняць правы чалавека?» Я шукала варыянты, даступныя звычайнаму чалавеку. Хацелася, каб жыхар горада і вёскі, калі б у яго ўзнікаў імпульс зрабіць нешта добрае, меў падказку: можна зрабіць гэта, гэта, гэта. У гульні кожны развівае свой раён, дзе ёсць жыхары са сваімі перавагамі: камусьці вельмі падабаецца прырода, дзесьці пажылыя людзі, дзесьці – людзі з інваліднасцю, і гэтак далей. Агулам шэсць тыпаў раёнаў, для якіх можна нешта рабіць. Гульцы збіраюць розныя тыпы калекцый, а напрыканцы атрымліваюць дыпломы за самы экалагічны раён, самы крэатыўны, самы дружалюбны, дэмакратычны і гэтак далей.
Кожны, каго я пытаю, кажа: «Вядома, не ўсе мы станем актывістамі, але нешта зрабіць хочацца». У адным НДА распавялі, што карткі выкарыстоўваюць як падказкі: «Захочам нешта правесці, адкрыем карткі – і там фестываль, лекцыя, спартовая група, кніжны клуб, кінапаказ. Можна браць і рабіць!»
Адна дзяўчына расказала, як збірала ўсяго дзве пэўныя катэгорыі картак у гульні і перамагла, бо гэта былі карткі, дзе людзі аб'ядноўваюцца, і ніхто болей іх не ўзяў. Часам здаецца, што, каб нешта змяніць, трэба столькі ўсяго зрабіць, – адразу рукі апускаюцца. А пагуляеш у «Дворык» – і аказваецца, што дастаткова аднаго ці двух крокаў, каб закрыць задачу.
«Пагуляеш – і аказваецца, што часам дастаткова аднаго ці двух крокаў, каб закрыць задачу»
Гульні для ўсіх
Я раблю гульні ў рамках праекта. Закладваю бюджэт, каб можна было надрукаваць і распаўсюдзіць у суполках. Калі я рабіла «Назоўнікі», я яе распрацавала ў рамках лабараторыі і потым атрымала мікрагрант, якога хапіла на тое, каб надрукаваць 100 гульняў і адправіць па заяўках з 16 краін. Мы адпраўляем гульні з умовай, што людзі ў іх пагуляюць і зробяць фота, магчыма, падзеляцца фідбэкам.
«Назоўнікі» – гульня для тых, хто валодае пасіўнымі ведамі беларускай мовы і хоча іх палепшыць. Падчас гульні трэба называць словы на пэўныя літары, зарабляць карткі ды складаць новыя словы, выконваць розныя заданні. Гульня дапамагае пераадолець страх памылак i палепшыць валоданне мовай ў вясёлай, сяброўскай атмасферы.
Заяўкі мы прымаем па open call у інстаграме. Сёлета нам не прыйшлося камусьці адмаўляць: сабралі 40 заявак, закрылі форму і адправілі гульні ўсім, хто папрасіў. Частка ўжо адыграла. Нехта плануе ў лагерах з дзецьмі гуляць. Зараз збіралася пагуляць група жанчын, якія пацярпелі ад гвалту. У мае гульні гуляюць светлыя і прыемныя людзі. Калі я пра іх думаю, хочацца кожнага абняць і нешта яшчэ зрабіць для іх.
«У мае гульні гуляюць светлыя і прыемныя людзі»
Я намагаюся рабіць візуальна зразумелыя гульні, каб у іх можна было гуляць з дзецьмі: меней тэксту, болей карцінак. Калі я рабіла «Назоўнікі», то прыдумала такую ідэю, каб сто суполак у розных кутах свету аб’ядналіся для гульні ў адзін дзень. Гэтым разам вырашылі паспрабаваць несінхронны варыянт, калі кожны гуляе ў зручны ім час. Таксама цікава!
Фідбэк вельмі падтрымлівае. Гульцы пішуць вельмі натхнёныя, адзначаюць разнастайнасць стратэгій і кажуць пра «Дворык»: «Мы думалі, што будзем супернічаць, а там кожны раён файны!» Таксама знаходзяць мае пасхалкі. Я дадала ў гульню муралы з Vulica Brasil, розных персанажаў беларускіх. Вядома, што ў Беларусі ёсць арнамент і іншыя сімвалы, але мне хацелася нешта побытавае, зразумелае беларусам.
Гульні ёсць ужо на трох мовах. Першую гульню «Я ў парадку» рабіла па-руску. Другую – «Назоўнікі» – зрабіла яшчэ і для сябе, для беларускі, якая ведае беларускую, але размаўляе на ёй з кучай памылак. Пакуль я рабіла гульню, я стала лепш размаўляць па-беларуску. Гульня Media Mayhem пра медыяграматнасць і fake news была часткай міжнароднага праекта, я прэзентавала яе ў Аўстрыі, Румыніі, Венгрыі, і яна адмыслова зробленая на англійскай мове, але гэта ўмоўнасці, бо асноўныя механікі на мове не завязаныя. У яе гуляюць у розных краінах Еўропы.
Media Mayhem – гульня пра медыяпісьменнасць. Тут гульцы бяруць на сябе ролю журналістаў(-ак), якія працуюць у часопісе на мяжы краху. Іх мэта – працягнуць год, публікуючы праўдзівыя артыкулы і набіраючы балы, а ў выніку – заняць пост галоўнага(-ай) рэдактара(-кі).
Новая гульня – пра беларускіх жанчын
Калі мяне просяць назваць дзесяць беларускіх значных жанчын з мінулага, мне становіцца складана. Тры-чатыры імёны назаве кожны, а каб дзесяць... Калі я гэта ў сабе заўважыла, то вельмі раззлавалася. Як так? У нас жа відавочна ёсць цудоўныя беларускі! І летась я пачала распрацоўваць гульню з працоўнай назвай «Беларускі». У ёй трэба выклікаць духаў знакамітых беларусак, прывабліваць іх рознымі артэфактамі. Калі з імі пасябраваць, то яны дапамагаюць табе, а калі не, то будзе бяда. У Беларусі хапае містыцызму, і я падумала, што з гэтым было б цікава папрацаваць як мастачцы і гейм-дызайнерцы.
«Трэба выклікаць духаў знакамітых беларусак, прывабліваць іх артэфактамі»
Я мару, каб потым мы аддалі ў школы такую гульню, і дзеці ведалі гэтыя персаналіі не таму, што ім нешта ўдзёўбвалі, а таму, што яны самі выклікалі дух Ефрасінні Полацкай. Лічу, што за такой адукацыяй – будучыня. Менавіта такая адукацыя дае эфект.