Marks – новая кавярня з прыгожымі кнігамі
- Рубрыка: УЛОЎ
- 07.07.2023
- 3336
У доме каля Траецкага прадмесця ў Менску адкрылася трэцяя кавярня-кнігарня Marks. На тамтэйшых палічках – кнігі выключна двух выдавецтваў: Taschen і Gestalten.
Taschen (TASCHEN) – нямецкае выдавецтва, якое спецыялізуецца на альбомах па мастацтве, кнігах пра архітэктуру, дызайн, музыку, кіно. Менавіта там у 1999 годзе надрукавалі фотакнігу Хельмута Ньютана, якая стала самай дарагой і вялікай (30 кг – не жартачкі!) кнігай ХХ стагоддзя.
Gestalten (gestalten) – таксама выдавецтва з нямецкай прапіскай і вельмі прыгожымі кніжкамі пра дызайн, моду, архітэктуру, інтэр’еры, візуальную культуру, ежу ды напоі, падарожжы, лайфстайл. У іх серыі Monocle guide выходзяць яскравыя і падрабязныя агляды і гайды на любыя тэмы: ад бізнэсу да трэвэл-даведнікаў па гарадах. А little gestalten – гэта лінейка дзіцячых кніг, якія цалкам адпавядаюць наказу Джорджа Бернарда Шоу «ніколі не даваць дзіцяці кнігу, якую б не чыталі самі».
Асартымент новага Marks – выданні для эстэтаў, з якаснымі выявамі, унікальным і пазнавальным дызайнам. «Гэта кнігі, якія вельмі прыемна трымаць у руках, яны натхняюць, іх хочацца паставіць на сваю палічку ці падарыць блізкаму чалавеку, – кажуць у Marks. – Амаль усе выданні ў нас на англійскай мове, ёсць яшчэ трохмоўныя: англійская, нямецкая, французская. Але апавяданне часам ідзе па-за межамі тэкстаў, бо выявы цудоўна перадаюць інфармацыю, дух і настрой».
Завітвай у новы Marks на смачную каву і кнігашопінг па адрасе: вул. Максіма Багдановіча, 23.
Падрабязней пра ўсе заклады Marks даведаешся з іх інстаграма.
Фота: palasatka