Петыцыя дня: ратуем рысь!
- Рубрыка: УЛОЎ
- 13.09.2019
- 8419
Абаронцы дзікай фаўны б'юць трывогу: Мінлясгас хоча адкрыць паляванне на рысь, а гэта, на хвіліначку, чырванакніжная жывёла.
У інтэрнэце з’явіўся ліст Мінлясгаса, які адрасаваны Савету Міністраў і з якога вынікае, што чыноўнікі прапануюць выкрасліць рысь з Чырвонай кнігі, куды прыгажуня трапіла ў 1981 годзе, і ўключыць яе ў спіс нарміраваных відаў паляўнічых жывёл.
Цяпер рысь – адзінае дзікае кацінае ў нашых лясах (быў яшчэ дзікі кот, але ён знік яшчэ да вайны). Каб яна не трапіла пад кулі, зоаабаронцы просяць усіх неабыякавых падпісаць петыцыю, якую накіруюць у Саўмін і Дзяржаўную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце РБ.
Аўтары петыцыі патрабуюць:
1. адмовіцца ад выключэння рысі з Чырвонай кнігі і ўключэння віду ў паляўнічы спіс;
2. стварыць план дзеянняў па захаванні папуляцыі рысі ў Беларусі;
3. павялічыць фінансаванне на маніторынг колькасці рысі;
4. аказаць садзейнічанне лясным і паляўнічым гаспадаркам у вывучэнні замежнага вопыту па дэманстрацыі рысі як аб'екта экатурызму.