Сусветны банк: Беларусь яшчэ не дасягнула гендарнай роўнасці
- Рубрыка: УЛОЎ
- 01.03.2019
- 5328
Свежая справаздача Сусветнага банка «Жанчыны, бізнэс і закон» дэманструе, што да гендарнай роўнасці Беларусь пакуль не дацягвае. У адмысловым даследаванні наша краіна набрала па гэтым паказчыку 78,75 бала са 100 магчымых. Такая ж лічба – у Азербайджана, Украіны ды Замбіі.
Толькі шэсць краін свету з 187 атрымалі 100 балаў: гэта Бельгія, Данія, Латвія, Люксембург, Францыя і Швецыя. Цікава, што 10 гадоў таму ніводная краіна не заслугоўвала 100 балаў. Пры гэтым на 10-гадовым адрэзку найбольш прагрэсіравала Францыя: рэформы дазволілі ёй палепшыць вынік з 91,88 бала ў 2009 годзе да 100 балаў у 2019-м.
Каб выявіць, наколькі канкрэтная краіна «гендарна-нейтральная», эксперты даследавалі заканадаўчыя базы і звярталі ўвагу на змяненні, якія былі ўнесеныя ў дзяржаўныя законы і неяк паўплывалі на правы жанчын. Базавыя індыкатары былі такія: аплата працы, працаўладкаванне, вядзенне ўласнага бізнэсу, кіраванне ўласнымі актывамі, пенсія, свабода перамяшчэння, а таксама шлюб і наяўнасць дзяцей.
Беларусь атрымала па 100 у катэгорыях «Свабода перамяшчэння», «Шлюб і наяўнасць дзяцей», «Кіраванне ўласнымі актывамі». На 75 балаў краіну ацанілі па крытэрах «Пенсія» і «Вядзенне ўласнага бізнэсу». А вось у катэгорыях «Працаўладкаванне» і «Заробак» – усяго па 50.
Даследаванне Сусветнага банка дэманструе некаторую сувязь паміж узроўнем эканамічнага развіцця і гендарнай роўнасцю. З 39 краін, якія набралі 90 балаў і больш, 26 уваходзяць у лік дзяржаў з высокім узроўнем даходаў (ВУП больш за $ 12 000 на чалавека ў год).
А вось якіх рэзультатаў дасягнулі нашы суседзі: 100 – Латвія, 93.75 – Літва, 93.75 – Польшча, 78,75 – Украіна, 73,13 – Расія.