Архіў дня: здымкі, зробленыя падчас пандэміі
- Рубрыка: УЛОЎ
- 13.04.2020
- 5592
Партал ZNYATA ў асобе яго заснавальніка Сяргея Міхаленкі запрашае фатографаў(-ак) далучыцца да ініцыятывы збору фатаграфій, што былі зробленыя падчас пандэміі COVID-19. Мэта праекта – зафіксаваць, як змяняўся свет і які адбітак сітуацыя пакінула на культурным, грамадскім і прыватным жыцці беларусаў(-ак).
Падчас пандэміі каманда праекта будзе збіраць фатаграфіі пра яе, а калі ўсё скончыцца, зладзіць афлайн-выставу – як у старыя-добрыя часы: з адбіткамі, адкрыццём, камунікацыяй і куратаркай Аленай Пратасевіч. Частка здымкаў з'явіцца на сайце і ў інстаграме фотапартала ZNYATA.
Мэту сваёй задумы арганізатары фармулююць так: «З малога вопыту фармуюцца вялікія гісторыі і з'яўляецца багаты матэрыял. З якім можна працаваць далей: даследаваць, пераасэнсоўваць, рэфлексаваць, параўноўваць з міжнародным досведам».
Параметры ўдзелу ў праекце:
тэма – пандэмія COVID-19 і яе ўплыў на ўсе працэсы ў нашым жыцці;
фотаздымкі мусяць быць звязаныя з Беларуссю альбо беларусамі(-камі) за мяжой;
да ўдзелу прымаюцца як адзінкавыя кадры, так і серыі да 10 фатаграфій;
фотаздымкі можна дасылаць на адрас znyatacom@gmail.com; фармат: JPG, 1200px па большым баку, у дадатку – кароткае апісанне, дата і месца здымкі;
другі спосаб удзелу – апублікаваць фатаграфіі з апісаннем у сваім instagram-профілі, дадаўшы хэштэг #ZConcerned;
важна захоўваць зыходныя файлы, каб была магчымасць надрукаваць фота ў патрэбным памеры і добрай якасці, калі праца пройдзе ў экспазіцыю.
Ініцыятыва #ZConcerned – гэта лакальная версія міжнароднага праекта ICP – International Center of Photography (Нью-Ёрк, ЗША). Каб далучыцца да праекта ICP, трэба гэтак жа апублікаваць фота ў сваім instagram-профілі і дадаць тэг #ICPConcerned. Публікацыя фатаграфіі з указаннем двух тэгаў – #ZConcerned і #ICPConcerned – аўтаматычна ўключае ўдзельнікаў і ўдзельніц у абодва праекты.
Фота: www.icp.org