Расчараваныя

  • 21.04.2016
  • Аўтар: 34mag
  • 9879
Некалькі маладых беларусаў зрабілі для нас тое, што яны і так робяць кожны дзень, – трохі панылі ды распавялі, у чым яны паспелі расчаравацца: пад раздачу трапіла адукацыя, армія, калегі ды нават мексіканскі гаражны псіхадэл.
 

 

Зміцер, 26 гадоў, сцэнарыст

 

– Цяжка казаць пра галоўнае расчараванне ў жыцці, калі ў цябе няма дзяцей. Затое я ведаю, як бы на гэтае пытанне адказалі мае бацькі. Жартую.

Кожнае маё расчараванне важнае і непаўторнае. Нават нягледзячы на тое, што сярод іх няма глабальных. Я ніколі не расчароўваўся ў сістэме, палітыках або ў асновах светабудовы. Маленькім людзям – маленькія штодзённыя расчараванні. І адзіны чалавек, які можа штодня мяне расчароўваць, – гэта я сам.

«Самае цікавае, што я прыдумаў за апошні час, гэта графік залежнасці развіцця лысіны ў мужчыны ад ягонага захаплення пацешнымі кепкамі»

Так атрымалася, што ў маім асяродку вельмі шмат звышталенавітых людзей прыкладна майго ўзросту, якія дабіліся большага чымся я. Яны пішуць серыялы, здымаюць кліпы і поўнаметражныя фільмы. Самае ж цікавае, што я прыдумаў за апошні час, гэта графік залежнасці развіцця лысіны ў мужчыны ад ягонага захаплення пацешнымі кепкамі.

І калі раней дасягненні маіх сяброў стымулявалі мяне, давалі штуршок для росту і выклікалі радасць і гонар, то цяпер жа да гэтага пачуцця дадалося мінімальнае расчараванне: «А што я? А дзе я? А чаму не я? Што ты зрабіў для хіп-хопу ў свае гады?».

Пазбегнуць такіх дробных расчараванняў амаль немагчыма для чалавека, які ставіць сабе якія-небудзь мэты. Можна, у прынцыпе, абстрагавацца ад усяго, не звяртаць увагі на тое, што адбываецца навокал, уціхамірыцца і, паступова пакрываючыся пылам і павуціннем, сказаць сабе: «Усё не так ужо і дрэнна, ды і вунь твае аднакласнікі наагул... А ты яшчэ нічога!». І гэта таксама шлях, толькі шлях на дно. Але хто сказаў, што гэта дрэнна?

 

Алеся, 24 гады, біёлаг

 

– Маё расчараванне – гэта адукацыя. У маладосці маіх бацькоў культ вышэйшай адукацыі не стаяў настолькі катэгарычна. Безумоўна, адмыслоўца з вышэйшаю адукацыяй быў у пашане, але стэрэатыпнай задачы скончыць ВНУ раней не існавала.

Калі ты сканчаеш курсы цырульніка, то маеш асноўны навык, які, пры пэўных амбіцыях, ты развіваеш і адточваеш. Пры гэтым на атрыманне базавага навыку ты не губляеш паловы сваёй маладосці ды нерваў.

Я расчараваная ў адсутнасці карыснага навыку на выхадзе, у разрыве адукацыі з рэальным рынкам працы, у марнаванні часу на вывучэнне другасных «абавязковых» прадметаў.

«Я расчараваная ў адсутнасці беларускага gap year»

Я расчараваная ў адсутнасці беларускага gap year. Ці мае чалавек пасля заканчэння школы час на разважанні пра тое, куды паступаць і які шлях выбраць? Хіба ў 17–18 гадоў мы маем рэальнае ўяўленне пра тое, кім хочам стаць? Рэдкія адзінкі.

На жаль, у выпускным класе ў падлеткаў існуе толькі адная думка: здаць іспыты і ЦТ і, як на канвееры, заскочыць на новы этап запіхвання «ведаў».

Мне б вельмі хацелася, каб атрыманне прафесійных ведаў грунтавалася не на акадэмічным адчужэнні, а на канкрэтнай практыцы. І каб тэрміны навучання станавіліся максімальна сціснутыя і эфектыўныя. Каб культ вышэйшай адукацыі паступова знік, і на месца строгай акадэмічнай адукацыі прыйшла адукацыя факультатыўная і ліберальная.

 

Юрась, 26 гадоў, журналіст, музыка

 

– Галоўнае расчараванне ў жыцці майго сябра, паводле яго, тое, што ён нарадзіўся ў Менску на пачатку 90-ых, а не ў Каліфорніі ў 40-ых. Бо ў адваротным выпадку мой сябар мог бы тусавацца ў Сан-Францыска 60-ых, закусваць піва ЛСД на «кіслотных тэстах» The Grateful Dead, хадзіць на Джымі Хэндрыкса і практыкаваць свабоднае каханне адначасова з дзвюма дзяўчатамі-хіпі, не адыходзячы ад мосту Залатая брама. Каб трошкі развеяць ягоны адчай, я казаў, што ён, нарадзіўшыся там і тады, меў бы не менш шанцаў сядзець у в’етнамскім лесе, лавіць таго самага Хэндрыкса па пераносным радыё, асабіста пазнаёміцца з такім персанажам, як «наш лётчык Лі Сі Цын», і, урэшце, на сваім досведзе даведацца, што такое напалм.

З расчараваннямі нашага пакалення ўвогуле цяжка – кагосьці з дзяцінства расчаравала палітыка шматвектарнасці ды прынцып аднаго акна, кагосьці, наадварот, страшна расчароўваюць паводзіны нашых суседзяў з Захаду. І нават памежнікі пытаюцца, прынамсі ў мяне: «З якою мэтай вы пакідаеце краіну?».

Але не будзем пра расчараванні глабальныя. Як на мяне, лепей паразмаўляем пра расчараванні дробныя, якія таксама маюць месца ледзь не штодня.

Пакутаваў на меламанію. Слухаў мексіканскую гаражную псіхадэлію 60-ых. Яна аказалася лайном. Расчараваўся. З іншага боку, чаго чакаў? Меламанія затое прайшла.

Схадзіў ва ўніверсам «Цэнтральны» – піва падаражэла. Такое адчуванне, што яно там да долара прывязанае. Як курс скочыць – піва скочыць за ім. Раздражняе.

Два гады ганяўся за кнігай Эбі Хофмана пра Вудстак. Здабыў. Далей працягваць не буду – хай букіністы расказваюць, што яны з ёй цяпер робяць.

«Схадзіў ва ўніверсам «Цэнтральны» – піва падаражэла»

Два гады не быў на лецішчы, прыехаў на тры гадзіны – калі ласка, усе, каго ведаў, перажаніліся ў рандомных спалучэннях, нехта таксуе ў таджыкаў у Піцеры, нехта практыкуе свінг… І на ўвазе маецца зусім не джаз у стылі Бэні Гудмэна. Апошняе, дарэчы, таксама не весела, як здавалася раней.

Пісаў беларускамоўную песню. Зрыфмаваў «вецер» і «вецер». Перачытаў.

Публіка тухлая – ты ім блюз, яны: «А ты «Сплін» можаш?». Відаць, падобна было. І яшчэ запаліруйце «Чайфам», калі ласка. Калі не ўмееш «Сплін-чайф» – не музыка.

У двары, здаецца, дабудавалі ветлякарню. Нават шкада, бо будавалі яе столькі гадоў, што, пакуль з’явіўся новы корпус, стары рассыпаўся. Пакуль рэстаўравалі стары, на першы наклеілі абвестку «Куплю кватэру ў вашым доме».

Усё вышэйпералічанае, вядома, фігня. Але, мне здаецца, лепш пра гэта, чымся пра «О, мне хутка… А-а-а! 30! А я! Ніхто!». Любяць у нас такое. «А Джымі Хэндрыкс у маім узросце…». Памёр, дарэчы. Можа, не ўсё так кепска?

 

Вольга, 23 гады, дызайнерка, адмыслоўца ў рэкламнай камунікацыі

 

– Напэўна, шмат хто казаў пра расчараванне пасля заканчэння ўніверсітэту? Я скончыла ўніверсітэт, але не магу практычна выкарыстоўваць увесь той аграменны аб’ём інфармацыі, які праглынула за 5 гадоў.

Тым не менш, калі я чую, як нехта негатывіць з нагоды бессэнсоўнай адукацыі, я шчыра злуюся. Так, я працую не паводле спецыяльнасці, але ў мяне ўсё выдатна, і я ганаруся сваім досведам. Я ганаруся тым, што мая медычна-экалагічная адукацыя, як мінімум, дазваляе мне дапамагаць блізкім арыентавацца ў медычных прэпаратах, разбірацца ў пытаннях здаровага харчавання ды ЗЛЖ увогуле і, урэшце, разумець лекараў, калі яны выкарыстоўваюць сваю тэрміналогію! Між іншым, гэта вельмі важна! Так што я не расчараваная, а толькі не задаволеная з таго, што не выкарыстоўваю сваіх ведаў на працы.

«Вось сур’ёзна, мне жудасна назіраць, як людзі ўпіваюцца інтрыгамі, злосцю і хістальнікам негатыву, які самі раскалыхалі»

Асобная тэма – людзі. Для мяне заўсёды вялікім пытаннем будзе тое, чаму людзі настолькі злыя ў адносінах да тых, хто побач. У мяне па жыцці прынцып просты: я не люблю, калі мяне гвалцяць, таму і іншых гвалтаваць не буду. Я не разумею, чаму людзі, перабываючы на працы, часам ставяцца да тых, хто побач, як да нейкіх аб’ектаў, пазбаўленых чалавечых якасцяў.

Ну, рабяты, вы траціну свайго жыцця праводзіце плячом да пляча з гэтымі людзьмі, дык навошта вы калечыце адзін аднаго? Вось сур’ёзна, мне жудасна назіраць, як людзі ўпіваюцца інтрыгамі, злосцю і хістальнікам негатыву, які самі раскалыхалі.

Вельмі хочацца, каб у сучаснага чалавека павысіўся ўзровень усвядомленасці, каб усе мы пераступілі на нейкі новы духоўны ўзровень. Тады і сістэма, у якой мы варымся, зменіцца. Вось лепш казаць пра гэта і развіваць у сабе зацікаўленасць да свету і людзей, чымся ныць пра расчараванні!

 

Алег, 22 гады, бухгалтар

 

– Па-першае, як хлопец, я расчараваўся ў тым, што нашая краіна выкарыстоўвае вайсковую павіннасць. Я лічу гэта перажыткам ваенных часоў, бо ў мірны час вучыцца абараняць краіну, на маю думку, мусяць толькі добраахвотнікі на кантрактавай аснове, паводле прыкладу краінаў Захаду.

Па-другое, мяне вельмі турбуе нераўнапраўе і карупцыя. Людзі «вышэйшага рангу», якія здзейснілі сур’ёзныя злачынствы, адмазваюцца смешным штрафам, у той час як звычайны чалавек за дробную правіну адказвае паводле ўсёй строгасці закону. У такім грамадстве ты не можаш сябе адчуваць абароненым, не можаш спадзявацца на закон і дзяржаву. Адсюль і пытанне: навошта такі закон і такая дзяржава?

«Калі пры ўладкаванні на працу, працадаўца бачыць перад сабой хлопца з тунэлямі ў вушах, у яго ствараецца перадузятае меркаванне аб несур’ёзнасці ды юнацкім максімалізме»

Хочацца сказаць пра расчараванне, якое нясе ў сабе грамадства, здольнае мысліць выключна стэрэатыпамі, кансерватыўнае і самаўпэўненае. Сучасная моладзь стала больш вольная ў выбары дзейнасці, у выбары стылю адзення і музыкі, яна стала больш разняволеная. І гэта выдатна, аднак шмат якія людзі старэйшага ўзросту так не лічаць. Мы маем каласальны разрыў у разуменні пэўных рэчаў, якога не было раней. Дакладней, ён быў, але не такі вялікі.

Калі пры ўладкаванні на працу працадаўца бачыць перад сабою хлопца з тунэлямі ў вушах, у яго ствараецца перадузятае меркаванне аб несур’ёзнасці ды юнацкім максімалізме. І, хоць з пастаўленаю задачай я заўсёды спраўляюся, я магу не атрымаць працы толькі праз гэтую самую прадузятасць.

 

Дзяніс, 37 гадоў, фатограф, журналіст

 

– А можна казаць пра краіну ў цэлым? Я расчараваны тым, што мы не сталеем. Цалкам краіна і кожны грамадзянін паасобку – мы ўсе завіслі паміж двух сусветаў. Мы часткова ўвабралі ў сябе каштоўнасці з Захаду і Усходу, памножылі на тутэйшыя традыцыі ды стаім з гэтаю баландай дзесьці ў міжчасоўі, прыгаворваючы «абы не было вайны», і з надзеяй, што «там» ведаюць, куды ісці.

Я расчараваны тым, што нашае грамадства ніяк не ўсведамляе сябе як крыніца, якая можа і мусіць кіраваць сваім жыццём. Я расчараваны ў таксоўцах, якія дамаўляюцца пратэставаць супраць няроўных умоваў, пры гэтым на збор прыходзіць 100 чалавек, а на лінію выходзіць 500 – секчы капусту. І ў ІП, калі частка пратэстуе, а іншая частка – узмоцнена працуе, карыстаючыся адсутнасцю канкурэнцыі.

«Я расчараваны тым, што шмат хто з маіх разумных сяброў, якія маглі б стаць моцным сярэднім класам, ужо за мяжою і ніколі не вернуцца»

Я расчараваны хатай, якая стаіць з краю. У такой хаце жыве амаль усё насельніцтва краіны. Мы – краіна скрайніх хатаў. Я расчараваны грамадскім кансэнсусам. Льготныя метры на Каменнай Горцы, недарагая іншамарка і адносны спакой – медыяна кансалідаванага шчасця.

Я расчараваны тым, што шмат хто з маіх разумных сяброў, якія маглі б стаць моцным сярэднім класам, ужо за мяжою і ніколі не вернуцца.

 


КАМЕНТАРЫ (2)

Pavel
Pavel | 21.04.2016 15:05

добры артыкул, дзякуй. Дарэчы, ідэя gap year здаецца тое, што мне зараз трэба як паветра..

12 0 +12
owow
owow | 26.04.2016 21:03

гэта насамрэч вельмі файная ідэя

0 0