Ганна Бандарэнка
- 06.02.2019
- 6284
Сустрэліся са стваральніцай сацыяльна-спартыўнага праекта для жанчын «Здольная» Ганнай Бандарэнка, каб распытаць яе пра тое, каму патрэбны аматарскі жаночы футбол і на якія грошы ён можа існаваць.
Пра праект: «Здольная» запусцілася 1 жніўня 2016 года. Першапачаткова праект пазіцыянаваўся як пляцоўка, што прапануе жанчынам любога ўзросту і любых фізічных здольнасцей разнастайныя спартыўныя актыўнасці: рэгбі, баскетбол, футбол, буцідэнс, скейтбордынг, каратэ. Аднак пазней яго кірунак значна звузіўся і трансфармаваўся. Сёння «Здольная» – гэта футбольная школа + іншыя праектныя актыўнасці.
Гераіня: Ганна Бандарэнка, 30 гадоў, спецыялістка ў галіне кіравання персаналам, заснавальніца і каардынатарка спартыўнага жаночага праекта «Здольная». У мінулым – прафесійная футбалістка, якая выступала за зборную Беларусі.
Як была прыдуманая «Здольная»
– З праектам This Girl Can, які стаў прататыпам «Здольнай», я пазнаёмілася ў UK, калі вучылася ў магістратуры. Мэта гэтага праекта – зацікавіць жанчын быць больш актыўнымі, выбраўшы для сябе прыдатны від актыўнасці. Сам праект нічога не арганізоўвае – ён толькі аб'ядноўвае ўжо існуючыя клубы і супольнасці па ўсёй краіне, такі network. Цэнаўтварэнне вольнае: штосьці прапануюць за пяць фунтаў, штосьці – за дваццаць, штосьці – за членскія ўзносы. Бясплатныя актыўнасці – толькі на ўзроўні нейкіх кам'юніці: напрыклад, мы, вось такія, бегаем у вось такім парку.
This Girl Can захапіў мяне яркімі прывабнымі вобразамі, на якіх будуецца яго кампанія. Іх ролікі ў Instagram і на YouTube зроблены вельмі класна: там і бабулі, і дзяўчынкі, вялікія і маленькія, худзенькія і тоўсценькія, людзі з disabilities, прадстаўніцы розных канфесій. Я гляджу ролікі – і адразу хачу да чаго-небудзь далучыцца. Але да чаго менавіта?..
«Колькі людзей жывуць і нічога іх не парыць, а ты чамусьці так не можаш»
«Сям’я»
– Калі я вярнулася ў Беларусь, у мяне не было думкі, што вось цяпер я вазьму і нешта зраблю, але ёсць такі момант: добрыя рэчы з'яўляюцца на свет не ад добрага жыцця. Існуе праблема, якая для цябе актуальная, і, нават калі ў цябе няма падтрымкі і плана, ты ўсё роўна хочаш нешта памяняць. На мой погляд, гэта крыху неўратычная тэма. Бо колькі людзей жывуць і нічога іх не парыць, а ты чамусьці так не можаш.
Я напісала ў сацсетках пост пра тое, што хачу зрабіць і як, і, калі ў інтэрнэце сабраўся пул людзей, якія падтрымалі ідэю, я запрасіла ўсіх на сустрэчу. У парку Горкага сабраліся каля дваццаці чалавек – я аж ачмурэла. Сімвалічна, што з-за дажджу нам прыйшлося перамясціцца пад дах – і мы апынуліся ў кавярні з назвай «Сям'я».
Усе былі вельмі розныя. Хтосьці хацеў праводзіць заняткі як валанцёр, хтосьці быў гатовы ўзяцца за кантэнт. Пры гэтым усе людзі рэальна ўмелі нешта рабіць, а не былі такія рабяты ў стылі «мы хочам зрабіць праект, але мы можам толькі гарбату насіць».
Тры месяцы мы рыхтавалі «Здольную» да адкрыцця: распланавалі графік, знялі прышпільныя ролікі, зрабілі сайт, напоўнілі кантэнтам сацсеткі. Да моманту запуску нас набралася чалавек трыццаць, але пры гэтым быў core – ключавая каманда ў шэсць чалавек з больш высокім узроўнем адказнасці.
Я не наважвала ніякіх абавязацельстваў, усё ў нас было пабудавана на прынцыпе краўдсорсінгу, то-бок, калі ёсць куча людзей, значыць, на канкрэтны івэнт хтосьці абавязкова знойдзецца. Усе былі на адной хвалі, хтосьці казаў: «Я зраблю» – і ўсё, мы не размяркоўвалі задачы, проста core-каманда брала на сябе больш адказнасці. З іншага боку, краўдсорсінг даваў людзям пачуццё прыналежнасці да праекта, а разам з тым з часам я стала задавацца пытаннем: «А гэтыя людзі, якія ўваходзяць ва ўсе нашы камандныя групы, але па факце нічога не робяць, – яны, уласна, хто?»
Спачатку я меркавала, што ў нас будуць пастаянныя заняткі па розных відах спорту, але потым зразумела, што не магу быць упэўненай у тым, што гэтыя людзі будуць са мной заўтра і паслязаўтра. Таму з цягам часу «Здольная» перафарматавалася ў праектную гісторыю. Напрыклад, калі ў Менску адкрываўся набор у каманду па амерыканскім футболе, мы арганізавалі два сумесныя івэнты: прэзентацыю каманды і адкрытую трэніроўку. Другі прыклад праектнага падыходу – прывоз з Піцера дзяўчат, якія гуляюць у ролер-дэрбі. У такім фармаце з агульнага пула «Здольнай» кожны раз стваралася каманда на канкрэтны кароткатэрміновы праект, і гэтыя людзі бралі на сябе канкрэтныя задачы.
«У праекце, дзе я была founder'ам і owner'ам ідэі, я засталася адна і без памочнікаў. Гэта прымусіла мяне задумацца аб мэтазгоднасці таго, што я раблю»
Як праект зайшоў у тупік і сышоў на перазагрузку
– Людзі прыходзілі, людзі сыходзілі. Хтосьці чакаў большага ў плане прафесійнага развіцця, хтосьці палічыў, што больш не можа інвеставаць свой час, хтосьці атрымаў ад «Здольнай» усё, што хацеў. У выніку ўсё прыйшло да таго, што ў праекце, дзе я была founder'ам і owner'ам ідэі, я засталася адна і без памочнікаў. Гэта прымусіла мяне задумацца аб мэтазгоднасці таго, што я раблю.
Неяк на дыскусіі пра фінансавую ўстойлівасць я сказала: «Рабяты, ведаеце, галоўным "донарам", які дазваляе майму праекту існаваць, з'яўляецца мой бягучы працадаўца, якому ў добрым сэнсе пофіг на тое, што я раблю. Гэта значыць, я выконваю сваю працу, атрымліваю за гэта добрую справядлівую кампенсацыю і магу гуляцца з тым, што мне цікава і што я лічу значным». Але гэта ж няправільная нейкая парадыгма – рэжым нон-стоп працы і актывізму.
Калі праект толькі з'явіўся, да яго быў выбух увагі. Усім было цікава пагаварыць з табой, зразумець, хто за гэтым стаіць, як гэта нарадзілася. Але з цягам часу я зразумела, што фармат, які я раблю, неадэкватны. І я пачала думаць пра мадэлі, якія дазволілі б нам стаць фінансава ўстойлівымі.
Я ўжо не разлічвала на донарскую дапамогу, таму што ні адна мая заяўка ў фонды не была акцэпнутая. Так, у мяне былі сумесныя праекты з пасольствам ЗША і некаторымі грамадскімі арганізацыямі, але гэта крупінкі, мікрафінансаванне. Па сутнасці, усё было з маёй кішэні, бо нават калі мы кажам, што валанцёры робяць усё бясплатна, нельга забываць, што гэта наогул працоўныя гадзіны і па-добраму іх трэба неяк кампенсаваць. Пры любой магчымасці я старалася даць людзям кампенсацыю – фінансавую ў тым ліку.
Як «Здольная» стала футбольнай школай
– Мае кліенты, якія хацелі займацца чымсьці вызначаным і рабіць гэта рэгулярна, казалі мне: «Аня, элемент бясплатнасці – ён як бы не заўсёды важны настолькі, што мы будзем выбіраць толькі бясплатнае». І я падумала: акей, я паспрабую развіць адзін напрамак – футбол, таму што гэта мне блізка, і прапаную людзям, якія хочуць гуляць рэгулярна, рабіць гэта на камерцыйнай аснове, каб праект мог карміць сам сябе хоць бы ў нуль.
У ліпені 2018-га я адкрыла футбольную школу, і цяпер гэта больш-менш фінансава ўстойлівы праект. Пры гэтым з некаторых бакоў з'явілася неразуменне. Калі я заявіла, што ў рамках вялікага асартыменту таго, што я раблю, я пачну аказваць платныя паслугі, частка аўдыторыі сказала: «"Здольная" платная! Божа мой, я ніколі сюды больш не прыйду!» І не прыйшлі. А іншыя сказалі: «Футбол? Клас!» Бо для многіх гэта мара – згуляць на турніры, а «Здольная» цяпер выступае ў прафесійным турніры па міні-футболе.
Калі ты пачынаеш аказваць платныя паслугі, у некаторых узнікае фантазія, быццам ты сядзіш такая на мяшках з грашыма. Але, рабяты, мне ніхто не дае грошай, і я не хачу кожны месяц пісаць пасты аб тым, што альбо я зачынюся, альбо пералічыце мне грошы на рахунак. І я не рэгістравала грамадскую арганізацыю менавіта таму, што гэта прымушае цябе траціць перш, чым ты зарабіла. Цяпер я зарэгістравала іншую форму арганізацыі, якая дазваляе мне аказваць платныя паслугі, вось і ўсё.
«Я выконваю сваю працу, атрымліваю за гэта добрую справядлівую кампенсацыю і магу гуляцца з тым, што мне цікава і што я лічу значным»
«Частка аўдыторыі сказала: “«Здольная» платная! Божа мой, я ніколі сюды больш не прыйду!" І не прыйшлі. А іншыя сказалі: "Футбол? Клас!”»
Куды рухаецца «Здольная 2.0»
– Ружовыя акуляры ў мяне ўжо ўпалі: на многае я гляджу значна больш рэалістычна. Напрыклад, у мяне была вялікая мара працаваць з інклюзіяй і напачатку я казала ў інтэрв'ю, што мы хочам рабіць нешта ў гэтым кірунку. Тады здавалася, што мы рэальна зможам інтэграваць людзей з інваліднасцю, калі ў нас будзе добры канэкшан з адпаведнымі арганізацыямі. У шырокім сэнсе мы, вядома, інклюзіўныя, і на заняткі да нас прыходзілі людзі з інваліднасцямі, але па факце нічога канкрэтнага ў гэтым кірунку я не рабіла, так што ўсе словы апынуліся на вецер. Такім жа непасільным пластом працы апынулася і маштабаванне ў рэгіёны. Калі сёння са мной гатовыя рабіць нешта дзесяць чалавек, а заўтра нуль, то якія рэгіёны?.. Таму на гэтыя тэмы я больш не размаўляю. Для мяне важнейшы той фокус, які ёсць цяпер.
Я лічу, што сацыяльная накіраванасць таго, што я раблю, захоўваецца нават тады, калі я раблю нешта платна. Мы прапануем не проста платныя паслугі па арганізацыі спартыўных заняткаў. Мы займаемся развіццём кірунку, якім ніхто не займаецца, – гэта жаночы аматарскі футбол для дарослых.
«Здольная» – першая ў Беларусі футбольная супольнасць, што не ўключана ў пласт прафесійнага спорту, для дзяўчат, якія хочуць гуляць у футбол. І гэтая супольнасць скіраваная на інстытуцыйныя змены, якія закрануць вялікую колькасць людзей. Мне не цікава развівацца як футбольны клуб з пятнаццаці чалавек. Мне цікава, каб кожны месяц да мяне прыходзілі розныя людзі. Хай яны паспрабуюць раз-два-тры, хай яны, можа, і не будуць хадзіць на заняткі, але яны пераадолеюць сябе ў гэтым выкліку, быццам жанчына не можа гуляць футбол.
На жаль, у Беларусі няма аматарскіх ліг для жанчын, і мы вымушаныя ўдзельнічаць у прафесійных турнірах. Зараз я вяду перамовы з рабятамі, якія робяць «Кубак бізнэсу па футболе» – гэта спаборніцтвы паміж арганізацыямі. Я прапанавала ім зрабіць у наступным годзе жаночы турнір, у якім паўдзельнічала б і «Здольная».
У будучыні я, вядома, хачу мець добрага бізнэс-партнёра, якому будзе цікава нас падтрымліваць у рамках сваёй карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці. Тады я магла б забяспечыць адэкватную каманду людзей, якія будуць працаваць над праектам у якасці арганізатараў, будуць рабіць гэта прафесійна, нарошчваючы магутнасць праекта і маштабуючы яго. Тады можна і ў рэгіёны выходзіць.
Каму адрасаваны праект Ані
– Тое, што мы робім, працуе, хутчэй, на image – успрыманне такой актыўнасці, як жаночы футбол, разуменне таго, што жанчына можа займацца чымсьці непадобным да фітнэсу або ёгі.
Таксама «Здольная» працуе на ўзмацненне ўдзельніц – раскрыццё іх фізічнага і лідарскага патэнцыялу. Кліенты, якія прыходзяць да мяне на занятак, рассыпаюцца ў падзяках і кажуць, што іх жыццё змяняецца да лепшага. Яны адчуваюць у сабе рэальную сілу, не толькі фізічную, але і больш здаровае стаўленне да сябе. Гэта такія soft skills, якія вельмі складана вымераць, – не тая вага, якую вызначаеш, становячыся на вагі, а тая, што дазваляе табе спадзявацца на ўласнае меркаванне ў грамадстве.
«Мы займаемся развіццём кірунку, якім ніхто не займаецца, – гэта жаночы аматарскі футбол для дарослых»
Калі мне кажуць: «Дык які вы сацыяльны праект, калі вы не бясплатныя?», то я заўсёды думаю: «Чорт пабірай, калі мы аказваем платныя паслугі і не ходзім з працягнутай рукой, то гэта ніяк не супярэчыць таму, што мы робім нешта сацыяльна значнае – развіваем футбольную супольнасць аматараў і мяняем стаўленне да жаночага футболу».