Раман Воранаў
- 30.04.2016
- 2792
Гісторык, экскурсавод і сузаснавальнік vitebsk4me Раман Воранаў у размове з 34mag расказаў, чаму не варта ўспрымаць дзяржаву як маналітны камень, дзе знайсці чароўны пендаль і як арганізоўваць падзеі ад маркету і дзіцячага свята да мініфэсту графіці ды адукацыйных курсаў.
Герой: Раман Воранаў, 33 гады. Нарадзіўся ў ГДР, большую частку свядомага жыцця пражыў у Віцебску. Скончыў гістфак Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту, магістратуру ЕГУ. Адміністратар культурніцкіх праектаў.
Чым займаецца: развіццём культуры і павелічэннем творчага асяродку Віцебску.
Арыгінальная дата публікацыі – 30.04.2016. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мяняўся герой і яго актывізм праз гады.
Гісторыя Ромы
– У мяне заўсёды прысутнічала жаданне рабіць нешта для свайго гораду, для людзей, нефармальных пляцовак, і вылівалася яно ў розныя формы. 10 гадоў я танчыў у ансамблі народнага танцу, потым у брэйк-данс тусоўках, і ўвесь час мне хацелася браць удзел у арганізацыі фестываляў або пісаць артыкулы пра гэта.
Універсітэцкія гады – часта вызначальны этап для маладых людзей. Я пазнаёміўся з культурніцкімі актывістамі, людзьмі, якія цікавіліся гісторыяй. Мы пачалі выпускаць сваю газету. Хутка намаляваліся тыя, хто рабіў штосьці падобнае, – моладзевыя суполкі «Верас», «Новая плынь» – і мы сталі тусавацца разам. Пазней ездзіў на канферэнцыі ў Польшчу, Латвію, Нямеччыну, бачыў, што там жыве моладзь з такімі ж памкненнямі ды каштоўнасцямі, як і ў нас.
«Не варта ўспрымаць дзяржаву як нейкі маналітны камень, з якім можна працаваць або не працаваць»
Пасля вучобы ва ўніверсітэце я працаваў паводле размеркавання ў Віцебскім мастацкім музеі. Такія прымусовыя рэчы, як адпрацоўка, не вельмі прыемныя і часам здольныя паламаць лёс, але можна паспрабаваць зарганізаваць сітуацыю так, што яна пойдзе на карысць. Мне праца ў музеі дапамагла абзавесціся знаёмствамі ды сувязямі, зразумець, наколькі я хачу далей з гэтым звязваць сваё жыццё. І блізкасць да візуальнага мастацтва, якая там нарадзілася, дала жаданне дапамагаць мастакам і дызайнерам.
Пра Vitebsk4me
– Vitebsk4me як брэнд паўстаў у 2008 годзе разам з аднайменным сайтам з супольнасці крэатыўных рабятаў, якія пачалі тусіць разам яшчэ ў 2004 годзе і ў той час зваліся «Новай плынню». Цяпер мэта – нарабіць паболей канкурэнтаў або папросту дапамагаць ім. Каб стала шмат актыўных маладых людзей, якія займаюцца сваімі справамі, паляпшаюць горад, медыйнае асяроддзе і гэтак далей.
V4M не далёкі ад дабрачыннасці. Рабілі падзеі для гарадскога дзіцячага дому: фотасесіі, паход у дзіцячы забаўляльны цэнтр, на канцэрт Паліны Рэспублікі. Шмат гадоў працуем з Вялікалятчанскім дзіцячым домам. Запрашалі іх на спектаклі, у тым ліку – «Был бы у меня дракон» Светы Бень. Ладзілі Адамаўскі фэст, які ўключае ў сябе экскурсію па Вялікіх Лётцах – там вельмі цікавыя мясціны, – уборку талакою на старой сядзібе і канцэрт. Гурт Vuraj нават адмовіўся ад выступу ў Менску, каб прыехаць да нас і адыграць дабрачынны канцэрт у вёсцы, дзе разам з мясцовымі жыхарамі набралася сотня параў удзячных дзіцячых вачэй. Падчас арганізацыі ўсіх гэтых актыўнасцяў стала зразумела, што такім дзецям не патрэбны ні тэлефон, ні планшэт, яны хочуць больш простых рэчаў – пагутарыць, выйсці ў простае чалавечае жыццё.
«Вельмі важна, каб маладыя людзі не азіраліся ні на кога, ні на дзяржаву, ні на такіх, як яны, а дзеялі»
У красавіку 2018-га V4M уручаў прэмію культурніцкім і сацыяльным ініцыятывам, што рабілі Віцебск лепей у 2016 і 2017 гадах. Былі адзначаныя Віцебскі клубны дом «Крылы надзеі», супольнасць «Кухня 33», творчая майстэрня «F33», арт-прастора VZAP, праект «Жывая бібліятэка ў Віцебску», фэст добрасуседства «Ільінка», майстар-класы «Арт-майстэрня», урбан-арт-форум «Прастора».
Калі я быў ужо па-за супольнасцю, актывісты V4M запусцілі пляцоўку па міжсектарнай супрацы «Добрая нагода», правялі конкурс рэпартажаў на сацыяльна значныя тэмы, зладзілі фэст на карданажнай фабрыцы «Картонка», малявалі новыя графіці. Карацей, усё гуд, новае пакаленне паліць круцей за старых пнёў.
Для V4M важна, каб заўсёды былі такія актывісты, якім цікава развіваць сваю тэму, развязваць праблему. Мы жывем у такі час і ў такім горадзе, дзе траблаў вышэй за дах. Вельмі важна, каб маладыя людзі не азіраліся ні на кога – ні на дзяржаву, ні на такіх, як яны, – а дзеялі.
«Натуральнаю часткай развіцця Беларусі мусіць быць і жыццё рэгіёнаў. Прычым не ў парадку "Менск дапамагае, і мы тут неяк з гэтаю дапамогай цялёпаемся"»
Дзіцячая траўма
– У мяне былі знаёмыя маладыя мастакі, якія хацелі маляваць на вуліцах. Я пачаў дапамагаць ім у 2009 годзе з прыцягненнем увагі да вулічнага мастацтва. Мы арганізоўвалі невялічкія івэнты, як фестываль «Гравітацыя», лозунг якога быў «Двары таксама маюць права быць прыгожыя». Падчас гэтага фэсту размалёўваліся невялікія тэрыторыя, гаражы, удзел бралі мастакі з усёй Беларусі. Па вялікім рахунку, сем гадоў таму важна было не столькі аздобіць тэрыторыю, колькі давесці грамадству і мясцовай адміністрацыі: вулічныя мастакі – нармальныя рабяты, а вулічнае мастацтва – гэта мастацтва. І тым, хто хоча працаваць, трэба радавацца, а не супрацьдзеяць.
Каб дапамагаць, не заўсёды абавязкова праводзіць нейкія буйныя мерапрыемствы. Што можа зрабіць чытач 34mag, напрыклад? У мастакоў, звычайна, стае справаў. А вы можаце скласці прапанову для ўзгаднення малюнку і пайсці з ёй у мясцовы аддзел архітэктуры, мастацкі савет, пахадзіць па вытворцах і папрасіць фарбу, звярнуцца да будаўнічых кантораў і папрасіць будаўнічае рыштаванне ці аўтавышку, калі ёсць ідэя зрабіць вялікі малюнак, дапамагчы з рэкламаю. Для гэтага не трэба шмат уменняў. Напэўна, пачатак гэтай маёй дзейнасці дала нейкая дзіцячая траўма, бо, калі я вучыўся ў школе, псаваў сценкі гораду і меў з тае прычыны траблы. Я не стаў вулічным мастаком, але жаданне дапамагаць развівацца стрыт-арту засталося. Не думаю, што ў гэтым мая вялікая роля, але цяпер у Віцебску ёсць годныя майстры.
Супраца з дзяржаваю і замежжам
– Не варта ўспрымаць дзяржаву як нейкі маналітны камень, з якім можна працаваць або не працаваць. У розных кабінетах сядзяць розныя людзі, некаторыя вельмі адкрытыя і гатовыя да камунікацыі, зацікаўленыя ў тым, каб выконваць сваю місію. Маючы «дзяржаўную арганізацыю» ў спісе партнёраў, прасцей ісці да спонсараў. Калі Vitebsk4Me дапамагалі з арганізацыяй чэмпіянату па футбольным фрыстайле «Вежа», то, думаю, партнёрства з аддзелам спорту і турызму дапамагло спонсарству «Белвеста». З іншага боку, дзяўчаты, якія робяць у Віцебску маркеты для маладых рамеснікаў, маюць у памагатых фабрыку «Віцьба» і без падтрымкі з дзяржкабінетаў.
Каб развівацца, варта быць адкрытым да замежнага досведу. Як яго знайсці? Ёсць шмат адкрытых крыніцаў, дзе можна адшукаць абвесткі пра адукацыйныя праграмы, фестывалі, стажыроўкі: напрыклад, adukacyja.info, by.odb-office.eu, ngo.by.
Vitebsk4Me працаваў над супольным беларуска-польскім праектам Polis(h) Photo Lab, які зарганізавалі пры дапамозе Таварыства творчых ініцыятываў «ę». Выкладчыкі з Польшчы дзяліліся досведам, распавядалі на ўласных прыкладах, як выходзіць на ўзровень міжнародных конкурсаў, рабіць сваю ўласную фотакніжку, выставу. А маладыя людзі ў беларуска-польскіх парах рыхтавалі супольныя фотапраекты. Галоўнае тут – досвед, зніжэнне невядомасці ды напружанасці адносна адзін аднаго, асэнсаванне, што ў краінах побач жывуць такія ж людзі, з такімі ж каштоўнасцямі і любоўю да свабоды, самавыяўлення, вандровак, якія імкнуцца жыць без дзяржаўных шлагбаумаў і змяняць рэчаіснасць да лепшага.
Чароўны штуршок
– Заўсёды хацелася паказаць, што грамадская дзейнасць прасцейшая, чымся яна падаецца. Трэба пачынаць сваю справу, не абмяжоўвацца, думаючы, што трэба гэта, гэта і гэта ды інакш ніяк. Насамрэч, ты ўжо маеш шмат. Кітайскі смартфон за 100 баксаў ідзе ў камплекце з дыктафонам, камераю. Ёсць магчымасць выйсці ў інтэрнэт, а там ужо сацыяльныя сеткі, рэклама і гэтак далей. Маючы адзін гэты дэвайс, які цяпер, здаецца, ёсць у кішэні кожнага маладога чалавека, можна пачаць шмат справаў. Для таго, каб больш зразумець, як гэта працуе, мы ладзілі для менеджараў культуры адукацыйныя курсы «Lumini». На іх тыя, хто ўжо прайшоў гэты этап, распавядалі пра сваё і казалі: «Хочаце зрабіць маркет – рабіце. Няхай не атрымалася дамовіцца пра перасоўную кавярню, вазьміце дома імбрык і зрабіце каву так».
«Мэта – нарабіць паболей канкурэнтаў, каб стала шмат актыўных маладых людзей, якія займаюцца паляпшаюць горад»
Пасля курсаў выпускнікі зрэалізавалі шмат праектаў ды ідэяў: адкрылі сваю фотастудыю, правялі некалькі маркетаў, зарганізавалі cпеўны сход, паехалі ў тур па Беларусі з акустычнымі канцэртамі. Гэта такі чароўны «штуршок» тым, хто хоча нешта зрабіць, але варыцца пастаянна ў сваім гаршчочку і баіцца рэакцыі: «Это полная лажа, сиди лучше читай ВКонтакте ленту».
Апроч лекцыяў, удзельнікі маглі паехаць папрактыкавацца, амаль як ва ўніверы. Толькі ў ВНУ гэта часта рэалізуецца леваю пяткай, калі нас кудысьці адпраўляюць, дзе мы не патрэбныя ўвогуле. А мы зрабілі якасна: дамовіліся з галерэяй «Ў», ЦЭХам, Adnak, Шаблі.
Усе сустрэчы праводзіліся на базе творчай супольнасці Vitebsk4Me, якая і была галоўным арганізатарам. Я быў каардынатарам навучання, хтосьці адказваў за афішу, твітэр-фэйсбук, відыаздымкі ды мантаж.
Стратэгіі развіцця рэгіёнаў
– Лічбавая эпоха павысіла каштоўнасць папяровай рэчы, якую можна памацаць. Таму, калі паўстае магчымасць выпусціць віцебскі нумар «Arche» ці паштоўкі, звязаныя з гісторыяй гораду, гэтаму надаецца шмат увагі. Arche сабраў мясцовы пул навукоўцаў, даследчыкаў, адмыслоўцаў. Быў сярод іх і прадстаўнік «неакадэмічнай» плыні − рэканструктар Макар Бабенка, які распавёў, як ён аднаўляў строй віцебскага шляхціча ХVII ст. V4M разам з супольнасцю «Таямніцы Віцебску» выпусцілі пару гадоў таму паштоўкі «Віцебск. Папулярнае мінулае». Іх намаляваў менскі мастак Алесь Благі. Апроч малюнкаў, на паштоўках размяшчаліся спасылкі на арыгінальныя артыкулы віцебскіх краязнаўцаў.
Заўсёды хочацца выносіць віцебскую тэматыку на больш шырокую аўдыторыю, на рэспубліканскі ўзровень і неяк нішчыць гэтую менскацэнтрычнасць, на якую хворае наша грамадства. Я разумею прычыну – два мільёны з дзесяці жывуць у адным горадзе. Але натуральнай часткай развіцця Беларусі мусіць быць і жыццё рэгіёнаў. Прычым не ў парадку «Менск дапамагае, і мы тут неяк з гэтаю дапамогай цялёпаемся», у парадку самастойнага рэгіянальнага развіцця.
«Новае пакаленне паліць круцей за старых пнёў»
У Гданьску ёсць арганізацыі, самыя паспяховыя ў сваім профілі ўва ўсёй Польшчы. У Вроцлаве праходзіць эканамічны форум, які не горшы, а, можа, нават і лепшы, чым тыя, якія праводзяцца ў Варшаве. Сустрэча дэлегацыяў Вышэградскай чацвёркі ва Украіне ў 2015 годзе адбывалася не ў Кіеве, а ў Чарнігаве, бо так захацелі тамтэйшыя грамадскія арганізацыі. Рэгіёны мусяць не азірацца, а думаць сваёй галавой і быць больш смелыя, не самаабмяжоўвацца. Можна быць крутым у нейкай сферы не толькі ў межах вобласці, ты можаш быць круты ўва ўсёй краіне і на ўсім кантыненце.
Гісторыя Віцебску пачатку XX стагоддзя гэта даказала, выпусціўшы адсюль цэлую плеяду авангардных мастакоў, якія ў свой час былі самыя перадавыя на сусветным узроўні. Нам варта, вядома, гэтым карыстацца. А яшчэ важна не губляць сувязяў. Ёсць тыя, хто ўжо не жыве ў тваім горадзе, але, як пісаў Скарына: «Людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць», і звычайна сябры з суседняй вуліцы не адмаўляюцца дапамагчы, намаляваць тую ж афішу, − нават калі перабываюць у іншай краіне.
Тэкст і фота by Таня Аліпчыкава