Грайм, як у Брытаніі, так і па ўсім свеце, перажывае чарговую рэінкарнацыю. Skepta трымае сцэну на камерцыйным Open’er у Гдыні, маладыя і амбітныя Stormzy і Novelist узбіраюцца на верхнія радкі брытанскіх чартаў, а расійскі Oxxxymiron упэўнена нагінае ўсіх яму нялюбых трывалым грайм-рэчытатывам. У беларускай наасферы грайм таксама ўздымае музычную свядомасць. Прасоўваннем жанру займаецца менская бамбаклад-тусоўка «Бассота», якая запісала некалькі трэкаў па грайме разам з MC Saferone. На мінулым тыдні ў іх выйшаў кліп «Кто этот МС», які адразу стаў лакальным хітом. Гутарым з Саферам пра акалічнасці сцэны.
Пра Сафера
Saferone родам з Берасця, зараз жыве ў Менску. З дзяцінства граў на барабанах. У 1999 годзе захапіўся графіці і рэпам. Доўгую частку жыцця маляваў на сценах, але пасля сур'ёзных праблемаў з законам пачаў аддаваць больш часу музычнаму складніку хіп-хоп культуры.
Першыя тэксты чытаў пад трэкі Дэльфіна. У Менску пазнаёміўся з Яшарам Гасанавым, Арцёмам Прафесарам і хлопцамі з M.I.N.S.K. Першы запіс зрабіў з гуртом «Ажно-Ражно» ў 2004 годзе. У 2009-м разам з графіці-напарнікам Захарам BigZah запісаў невялікі альбом «Сырой EP». Потым быў перапынак з музыкай. У 2013-м Сафер працягнуў пісаць тэксты і выпусціў сольнік «Летний EP».
Пра грайм
Грайм – гэта вулічная музыка. Ва ўсходнім Лондане, дзе зарадзіўся рух, змяшалася літаральна ўсё: дабстэп, рагамафін, брытанскі гэрыдж, дэнсхол. Усё тое, што любілі слухаць простыя хлопцы, многія з якіх былі мігрантамі. Зараз на піку другой хвалі грайму брытанцы вельмі ганарацца тым, што прыдумалі нешта ўнікальнае. Грайм прасоўваюць як сапраўдны London sound. Гэта ледзь не нацыянальны здабытак для моладзевай і андэграўнднай культуры Англіі.
«Пры гэтым топавыя MC называюць грайм інтэрнацыянальным. І менавіта гэта мяне так прыцягвае. У грайме няма правілаў і стэрэатыпаў. Ты не павінен быць чорным, займацца крыміналам ці жыць у Лондане, каб быць у тэме. Англійская сцэна несумненна крутая і аўтэнтычная, але ёсць, напрыклад, неверагодная японская. Скандынавы цікава валяць, у Еўропе пастаянна з'яўляюцца адзінкавыя MC. Мне падабаецца гэтая свабода. Ты можаш лёгка прасоўваць сябе ва ўсім свеце. Я хачу з дапамогай грайму сказаць, што ёсць такая краіна Беларусь і што хлопцы тут крута валяць», – кажа Сафер.
Пра сувязь грайму і хіп-хопа
Ёсць шмат меркаванняў аб тым, як звязаныя грайм і хіп-хоп. З аднаго боку, грайм – гэта лагічны працяг хіп-хоп руху, адаптаваны да андэграўнднага асяроддзя Англіі. Як мінімум большасць MC у мінулым былі рэперамі. Многія з удзельнікаў першай хвалі сталі знакамітымі дзякуючы хіп-хопу і рэпу, а потым пачалі раскручваць лэйбу грайму. Яскравым прыкладам служыць Dizzee Rascal.
З іншага боку, грайм – гэта незалежны стыль са сваімі правіламі, на які хіп-хоп безумоўна паўплываў, але не так значна. Самае галоўнае, што дасталася грайму ад хіп-хопа, –наяўнасць MC. Гэта даволі малады рух, і для канчатковага станаўлення жанру яшчэ спатрэбіцца час.
Чаму ты сцелеш на 140 BPM (удараў у хвіліну)?
«Напэўна, грайм блізкі мне, таму што я па жыцці люблю парадак і дакладнасць і стаўлюся да выканання задач педантычна. Як МС я надаю значэнне не толькі сэнсаваму боку, але і тэхнічнасці. Пры высокім эмацыйным напоры і тэмпе трэба прамаўляць усё выразна і ва ўнікальнай манеры».
Гульцы жанру
«Безумоўна, мой любімы прадстаўнік – гэта Frisco. Wiley – баця, адзін з родапачынальнікаў стылю. Цаню яго за сэнсавую нагрузку тэкстаў. Skepta – трэба аддаць належнае таму, што ён цяпер робіць для грайму. Ён распіярыў стыль. Гэта ключавая фігура на дадзены момант, якая штурхае новых людзей звяртацца да руху. Мяне вельмі прэ манчэстарская тусоўка Levelz. Гэта не класічныя грайм МС: яны скрыжоўваюць шмат стыляў, і гэта нешта адрознае ад сцэны Лондана.
Наконт СНД. Першае моцнае ўражанне на мяне зрабіла маскоўская групоўка Crossfire. Я пачуў пра іх з артыкула 2009 года на партале Drugoy Hip-Hop. Іх можна назваць піянерамі грайму ў СНД. Іх стыль актуальны і дагэтуль. Мне падабаецца, што робіць тусоўка Zuluwarrior з Масквы, якая адсочвае ўсе навіны і трэнды, звязаныя з кірункам, і нясе іх у масы. Я чуў пару трэкаў з Екацярынбурга або Чэлябінска, але назваў не запомніў. У цэлым шмат хто спрабуе сябе. Упэўнены, што грайм мае вялікую будучыню. Трэба больш абменьвацца думкамі, трымаць канэкт, рабіць фіты і ствараць сваё кам'юніці».
Пра кліп
«З хлопцамі з “Бассоты”, Пашам і Ягорам, мы пазнаёміліся на іх вечарынах і хутка знайшлі агульную мову. Вялікі рэспект Makka Nastra за ягоны скіл аб’яднальніка. Ягор Kipah зрабіў некалькі прадакшнаў на трэкі «Кто этот МС» і «Не уснуть», Tracy HipHop засняў увесь шыт на VHS-камеру, а Poliakowa зрабіла анімаваныя гіфкі. Атрымаўся круты замес!
У маіх планах зняць яшчэ некалькі уан-тэйкаў з менскім рэжысёрам Moесам. Мне падабаецца ягоны стыль, а яму – мая чытка. Гэты тандэм павінен быць выдатным. Планую працягваць падрываць танцпол на нашых менскіх вечарынках Bruuud. Да канца года спадзяюся з дапамогай і падтрымкай сяброў запісаць паўнавартасны грайм-альбом».
Saferone у сеціве:
Тэкст by Каця Дзёміна
Фота by Караліна Палякова
Рэдактар Post Pravda Magazine – пра ўладкаванне медыя аб «Новым Усходзе», састарэласць гэтага тэрміну і вынаходлівасць беларусаў.
Размова з аўтаркай самых яркіх пейзажаў Менска.
Пра канцэрты інды-гуртоў і пра магчымасці самавыяўлення для кожнай і кожнага.
«Каб больш уважліва ставіцца да навакольнага асяроддзя».
Псіхадэлічная музыка з глыбокай лірыкай.
Паменшыць шкоду, падвысіць карысць.
Тэматычныя медыя і першыя лэйблы.
КАМЕНТАРЫ (5)
Клип лучше никому не показывать)
тварог падзалупны
унылый рэпчик как и читака
рэдкаснае гауно.
#ктоэтотмс