У Менску запусцілася інтэрнэт-радыё «Плато»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 06.09.2018
- 15185
Цяпер ты ведаеш, што слухаць з раніцы да вечара. Абяцаюць граць усё: ад класічных нятленак да густоўных беларускіх рэлізаў.
Праектам кіруюць два беларускія дыджэі – Паша Stereobeaver і не чужы для 34 KorneJ: «У дзяцінстве шмат хто марыў адкрыць свой бар альбо радыё. Мы выбралі чырвоную пігулку».
Эфір «Плато» будзе залежаць ад часу сутак. Раніцай абяцаюць пускаць бадзёрыя кампазіцыі, «ад якіх хочацца выпрастаць плечы і рынуцца ў бой з паўсядзённымі справамі», удзень – спакойную фонавую музыку, вячэрні эфір будзе дзяліць паміж сабой чыл і дзвіж, а ўначы ўсё будзе аддадзена эмбіенту. Па выходных абяцаюць ладзіць клубныя паці.
Цяпер радыёстанцыя працуе як «кругласутачны джукбокс», але з часам абяцаюць дадаць аўтарскія перадачы, інтэрв'ю з музыкамі і стрымы з вечарынак.
Уключай «Плато» вось тут і прыходзь павіншаваць іх з адкрыццём у «Хуліган» 28 верасня.
Хлопцы адказалі на пяць нашых пытанняў, якія дапамогуць лепш зразумець, навошта табе слухаць «Плато»:
– Калі ў вас з'явілася думка «хачу радыё» і як хутка яна сфармавалася ў пэўную ідэю?
Карней: Наогул свядома я пачаў цікавіцца радыё на першым курсе ЕГУ. Тады мяне захапіла ідэя кам'юніці-радыё, я нават напісаў пра гэта курсавую. У Вільні тады вяшчала (ды і цяпер вяшчае) літоўская ўніверсітэцкая хваля Start FM. Мы хадзілі да іх у студыю, якая была больш падобная да месца для тусовак: кікер, піўко, зручныя канапы – і тады мяне зарадзіла гэтая магія вяшчальнага працэсу, калі ты праз паветра адчуваеш канэкт з усімі, хто цябе слухае.
Доўгі час мне не хапала аднадумца, які таксама гарыць гэтай ідэяй. І вось Паша Stereobeaver, з якім мы прайшлі не праз адну вечарыну, вярнуўся ў Менск летам 2018-га і сказаў: «Ну давай!» Так усё і закруцілася.
– Наколькі складана запусціць інтэрнэт-радыё?
Паша: Ёсць простыя і дарагія шляхі: шмат плаці – і ўсё працуе. А ёсць шляхі, дзе дэталяў не хапае і іх трэба выпілоўваць самастойна. У нашым выпадку мы збіралі канструктар без інструкцыі.
– Вы курыруеце плэйліст 24/7 або ёсць элемент аўтаматызацыі?
Карней: Арыентаваліся на інтуіцыю і свой густ. Плэйлістамі кіруе нейрасеціва радыйнай адмінкі (хацелася дадаць элемент футурызму) і нібы спраўляецца нядрэнна. Часам самі здзіўляемся, як дакладна яна адчувае настрой.
– Цяпер ёсць неабходнасць у FM-частотах ці гэта мінулае стагоддзе?
Карней: Манаполія FM сёння – гэта аўтамабілі і загарадныя паездкі, але я лічу, што зусім хутка безліміт будзе паўсюдным, пакрыццё стоадсоткавым, а ў магнітолах будзе ўбудаваны на заводзе 3G-мадэм.
Паша: А FM застанецца для таго, каб круціць ручку і лавіць шумы...
Карней: ...і неапазнаныя сігналы.
– Чаму радыё ў 2018-м – гэта кайф?
Паша: Беларусь яшчэ не перанасычаная радыё як формай, асабліва аматарскім. Гэта ўсё яшчэ рамантыка. Радыё расце, і мы рады быць да гэтага датычнымі.