У Менску адбудзецца сапраўдны венскі баль
- Рубрыка: УЛОЎ
- 03.10.2019
- 6812
14 снежня ў Мінску адбудзецца венскі баль па ўсіх канонах гэтага мерапрыемства, уключанага ў спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЭСКА. Баль арганізуюць Купалаўскі тэатр, кампанія А1 і аўстрыйская амбасада.
Уласна балі здараюцца па ўсім свеце, і, каб лічыцца венскімі, ім неабавязкова праходзіць у сталіцы Аўстрыі. Важна іншае: такі баль павінен адпавядаць шэрагу крытэраў – асаблівы пратакол, дрэс-код, сцэнар, таймінг і гэтак далей. Эксклюзіўнасць падзеі ў Купалаўскім для беларусаў якраз у тым, што там плануюць скрупулёзна выканаць «інструкцыю па выкарыстанні». І нагадаць нам усім, што мінулае краіны – гэта не толькі лапці-вёска-партызаны.
Пяць фактаў пра будучы венскі баль
У найстарэйшым тэатры краіны, які служыў пляцоўкай для арыстакратычных танцаў яшчэ 130 гадоў таму, спецыяльна для венскага балю падымуць партэр да ўзроўню сцэны. На сцэне размесціцца аркестр. Госці будуць тусіць па ўсёй пляцоўцы залы.
Дрэс-код у агульных рысках такі: жанчын чакаюць у закрытых вячэрніх сукенках і закрытым абутку, мужчын – у фраку і белай кашулі.
Квіткі на баль паступяць у адкрыты продаж у пачатку лістапада. Цэннік пакуль не агучваўся. Ніякіх «гендарных» квот тут не мяркуецца, таму арганізатары прапануюць больш актыўна запрашаць мужчын, якія ў нас традыцыйна па танцах хадзіць не вялікія аматары.
50% выручаных сродкаў арганізатары перададуць праекту «SOS – Дзіцячыя вёскі Беларусь».
Бясплатна трапіць на баль могуць так званыя дэбютанты – маладыя людзі, якія сваім першым танцам адкрываюць усё мерапрыемства. Дэбютантаў будзе сорак. Апынуцца ў ліку шчасліўчыкаў можа любы нежанаты хлопец 18–26 гадоў і незамужняя дзяўчына 16–24 гадоў, які(-ая) хоча танцаваць і паспее запоўніць анкету па спасылцы да 16 кастрычніка. Па частцы харэаграфіі – натрэніруюць.