Прэзентацыя тыдня: кніга «Гісторыя беларускай фатаграфіі»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 20.01.2020
- 6361
25 студзеня ў прасторы ZAL #2, што ў Палацы мастацтва, прэзентуюць крутую кнігу «Гісторыя беларускай фатаграфіі». Прэза адбудзецца ў межах выставы, якая падсумуе маштабную даследчую працу. Таксама тут зладзяць міні-канферэнцыю па тэме вывучэння белфота.
За тры гады даследаванняў былі прагледжаныя сотні дакументаў, прааналізаваныя тысячы фатаграфій, узятыя дзясяткі інтэрв'ю ў відавочцаў і ўдзельнікаў падзей. У праекце ўзялі ўдзел трынаццаць даследчыкаў і даследчыц. Да вялікай калектыўнай працы таксама прыклалі руку рэдактары, карэктары, менеджары, перакладчыкі, работнікі музеяў і архіваў, фатографы, гістарычныя сведкі, эксперты і проста людзі, неабыякавыя да беларускай фатаграфіі. Выстава «Гісторыя беларускай фатаграфіі. Backstage» дазволіць гледачу зазірнуць за кулісы гэтай грандыёзнай працы і зразумець, як выбудоўваецца падобная работа.
куратаркі праекта Антаніна Сцебур і Ганна Самарская
«Ідэя стварэння кнігі па гісторыі беларускай фатаграфіі лунала ў паветры, пачынаючы з 1970–1980-х гадоў. Да нас ужо была зроблена вялікая праца па сістэматызацыі і аналізе гісторыі беларускай фатаграфіі. Але для нас было важна глядзець на гісторыю як на жывы працэс, не ствараць адзінае маналітнае апавяданне, дзе адзін перыяд плаўна і заканамерна змяняецца іншым перыядам, а даць чытачу ключы для ўваходу і крэатыўнай працы з гістарычным матэрыялам».
Кніга «Гісторыя беларускай фатаграфіі» распавядае пра людзей і падзеі (аж з 1850-х гг.), супольнасці і аб'яднанні, значныя для белфота. Вялікую ўвагу куратаркі надалі ўключэнню выключаных: яны адшукалі імёны і падзеі, якія з розных прычын засталіся незаўважанымі раней. У прыватнасці з ценю выведзеныя жанчыны-фатографы, а таксама падзеі, якія разгортваліся па-за Менскам.
Важна, што ў аналізе ўласна здымкаў куратаркі пастараліся даць гледачу магчымасць не толькі ўбачыць фатаграфіі з пункту гледжання гульні святлаценю, экспазіцыі, кампазіцыі, ракурсу, але і паказаць, што выбар сюжэта, спосабу фатаграфавання, фармальных сродкаў здараецца нездарма – часцяком ён фармуецца сацыяльна-ідэалагічным кантэкстам.
Прэзентацыя фаліянта адбудзецца 25 студзеня ў 18:30. Таксама ў рамках выставы 25 і 26 студзеня пройдзе міні-канфа «Гісторыя vs. гісторыі. Як вывучаць беларускую фатаграфію?». Спікеркамі і спікерамі выступяць Ганна Самарская, Антаніна Сцебур, Аляксей Братачкін, Надзея Саўчанка, Ганна Карпенка.