Фестываль Pradmova адбудзецца ў Менску 15–18 кастрычніка

Фестываль мусіў адбыцца ў красавіку, але праз пандэмію быў перанесены на восень.

 

15–18 кастрычніка ў Менску пройдзе фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova. Ён мусіў адбыцца яшчэ ў красавіку, але ўсё зблытала пандэмія.

Зараз усё адбудецца ў Палацы мастацтва (вул. Казлова, 3). У праграме – вясенні лайнап і новыя актуальныя імпрэзы. «Сустрэчы з замежнымі і беларускімі літаратарамі, прэзентацыі кніг, дыскусіі на тэму філасофіі, гісторыі і літаратуры, уручэнне прэмій, мастацкія выставы і кніжны кірмаш», – так Pradmova-2020 апісваюць арганізатары.

Iвэнты абяцаюць у анлайн- і афлайн-фарматах. Сярод удзельнікаў: Валянцін Акудовіч, Альгерд Бахарэвіч, Ігар Бабкоў, Максім Жбанкоў, Віктар Марціновіч, Ганна Севярынец, Дзмітрый Строцаў, Юля Цімафеева, Артур Клінаў, Таццяна Заміроўская ды іншыя. А таксама: Януш Леон Вішнеўскі (Польшча), Лінор Гаралік (Ізраіль-Расія), Канстанцін Дарашэнка (Украіна), Міхаіл Мінакоў (Украіна-Італія), Жарка Ёваноўскі (Сербія), Барыс Пастэрнак (Расія).

Pradmova – пляцоўка для камунікацыі паміж выдаўцамі, аўтарамі, рэдактарамі, ілюстратарамі, дызайнерамі і чытачамі, фестываль ладзіцца з 2018 года.