Запусцілася платформа, каб даследаваць Беларусь у AR

У сеціве з’явіўся праект Xraytours – гэта віртуальныя туры па Беларусі, дзе тэхналогіі 3D-мадэлявання, віртуальнай і дапоўненай рэальнасці дамалёўваюць гістарычны кантэкст.

Карыстальнікам прапануюць даследаваць гістарычныя месцы – і ўбачыць, як выглядалі страчаныя архітэктурныя помнікі: на экране з’яўляюцца іх дакладныя, рэалістычныя копіі. Мадэлькі інтэгруюцца ў дадатак AR і з імі можна зрабіць інстаграмныя фотачкі – вось такі інтэрактыў.

«Наша платформа дае карыстальнікам унікальную магчымасць апынуцца ў мінулым, паблукаць па вуліцах старажытных гарадоў і ацаніць веліч архітэктуры мінулых стагодзяў, – пішуць стваральнікі Xraytours. – У віртуальным асяроддзі, злучаючы мінулае і сучаснасць, вы можаце вывучаць кожную дэталь, адчуць атмасферу таго часу і атрымаць новы досвед, якога няма ў традыцыйных музеях ці падарожжах. Мы імкнёмся зрабіць гісторыю даступнай і зразумелай для кожнага, незалежна ад яго месцазнаходжання».

 

 

Каманда Xraytours арыентуецца на шырокую аўдыторыю: студэнтаў, выкладчыкаў, навукоўцаў, культурных дзеячаў, турыстаў – і шукае магчымасці супрацы з адукацыйнымі ўстановамі ды культурніцкімі арганізацыямі.

  Мапа з аб’ектамі – тут.