Спасылка дня: Плэйліст эксперыментальных фільмаў

Пакуль у свеце пануе пандэмія, свядомыя грамадзяне практыкуюць сацыяльная дыстанцыяванне – гэта значыць, без лішняй патрэбы не падыходзяць ні да каго бліжэй на метр. Калі ты маеш магчымасць заставацца дома і не рабіцца пераносчыкам(-цай) вірусу ў грамадскім транспарце, то ўжо напэўна маеш гіганцкі спіс бясплатных курсаў, трансляцый з лепшых оперных тэатраў і анлайн-экскурсій па ўсіх музеях свету.

 

Што ж, мы прынеслі табе яшчэ адзін пункт у гэты спіс. Але не хвалюйся – калі ты не даеш рады прайсці тры тысячы курсаў, а паспяваеш толькі працаваць і пачытваць пачатую кніжку, гэта цалкам нармальна. Не падвышай лішні раз свой узровень трывожнасці.

А калі ўсё ж такі цікава, то трымай: плэйліст эксперыментальных фільмаў і відэа, даступных анлайн. Спіс разбіты па катэгорыях. Ёсць, напрыклад, фільмы пра вірусы, падарожжы на паяздах, ментальныя станы, настальгію, расліны, сэксуальнасць і гендар і гэтак далей. Дарэчы, калі ведаеш цікавае відэа, можаш таксама дадаць у спіс.

Нават калі зараз на ўсё гэта не стае часу, супакойвай сябе тым, что цяпер твае магчымасці карыснай пракрастынацыі проста неабсяжныя.