Піянерлагер «Незабудка»: інтэрв'ю з турэмнай наглядчыцай
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 31.05.2018
- 6841
У жаночую папраўчую калонію ў Гомелі трапляюць па першай «ходцы». Месца не самае трывіяльнае: там ёсць тэатр для зняволеных, пра які здымалі фільм; там можна атрымаць вышэйшую адукацыю; там добрае медыцынскае абсталяванне. Пра многае з таго, што «там», нам ананімна распавяла наглядчыца з калоніі.
«Аддайце свае душы ў рукі Госпада, бо вашы азадкі цяпер належаць мне. Сардэчна запрашаем у Шоўшэнк». Калі б я быў турэмным наглядчыкам, заўсёды пачынаў бы знаёмства са зняволенымі з гэтай цытаты. Гэта так па-кіношнаму, па-суперзлодзейску. Наогул, калі спрабуеш уявіць сабе вобраз наглядчыка, у першую чаргу ў галаву лезе такі зборны архетып з кіно: велізарны злы мужык з вялікай дубінкай, пустой галавой і сіндромам вахцёра. Адзіным добрым наглядчыкам у кіно быў Том Хэнкс у «Зялёнай мілі». Ды і той нічога не змог зрабіць, калі добрага хлопца Джона Кофі падсмажвалі на электрычным крэсле. Сумная статыстыка.
На шчасце, у жыцці ўсё крыху цікавей, чым у кіно. Часам твае шаблоны рвуцца на шматкі і ўсё, што ты можаш рабіць, – сядзець з адкрытым ротам і часта лыпаць вачыма. Як, напрыклад, цяпер, калі насупраць мяне сядзіць дзяўчына і, важна паядаючы сушы, распавядае пра тое, чым адрозніваецца рэжым у жаночай і мужчынскай калоніях, як правільна камунікаваць з канібаламі і пра вясёлыя баявыя атрады «наркаманаў».
Гэтая дзяўчына – наглядчыца ў гомельскай жаночай калоніі (па просьбе гераіні мы не называем яе імя. – 34mag). І ні табе збітых костак, ні злоснага позірку Клэнсі Браўн – ніякіх стэрэатыпных, страшных атрыбутаў. Яе выдае толькі дзіўная ўсмешка падчас расповедаў пра злачынствы «падапечных». Але буду думаць, што гэта выдаткі прафесіі. Пара падымаць сківіцу з падлогі – у мяне шмат пытанняў. І пра саму гераіню, і пра лад адной з самых закрытых і загадкавых структур у нашай краіне.
Бракаваная
– Слухай, першае пытанне відавочнае. Чаму ты пайшла працаваць у жаночую калонію? Як ты туды трапіла?
– Ну, пачнем з таго, што так проста туды не трапляюць. Выпадковых людзей у гэтай структуры няма. Напрыклад, мае бацькі працуюць у ваеннай сферы. І я ім з дзяцінства на мазгі капала, маўляў, вырасту і буду ў турме бандытаў пільнаваць. Яны, вядома, спалохана пераглядаліся і спрабавалі мяне адгаварыць, але, як бачыш, не вельмі атрымалася.
– І табе сапраўды падабаецца твая праца?
– А... чаму б і не? Цікавая праца. З людзьмі, так сказаць, ха-ха! Да таго ж зарплата вышэй, чым сярэдняя па горадзе.
– Хіба табе не складана псіхалагічна?
– Цяпер ужо не, хоць спачатку было трохі стромна: я ж таксама фільмаў нагледзелася ўсялякіх, ведаеш. Здавалася, што вакол ворагі. Хадзіла і думала: «Госпадзі, толькі б не пырнулі!» Але з часам разумееш, што жыццё – гэта не фільм, а зняволеныя – такія ж людзі. І праца становіцца цалкам сабе звычайнай, спакойнай, дзесьці нават руціннай.
«Цікавая праца. Да таго ж зарплата вышэй, чым сярэдняя па горадзе»
– А як жа прафесійная дэфармацыя асобы ды іншыя «пабочкі»?
– Так, бываюць, вядома, выпадкі, калі людзі грубеюць характарам, становяцца менш адчувальнымі на нашай працы. Але я, паходу, у гэтым плане бракаваная – у мяне ўсё якраз наадварот. Апошнім часам заўважаю, што стала значна мякчэйшай і больш памяркоўнай да людзей у звычайным жыцці. Паглядзела на людзей, зразумела, што не ўсё так дрэнна. Бо на працы ўсякага наглядзішся за дзень. І, калі прыходзіш дадому, стараешся пазбягаць негатыву.
– Я вось чытаў, што сярэдні тэрмін службы наглядчыка – тры гады. Даўжэй людзі проста не вытрымліваюць.
– Ну вось я даўжэй працую, напрыклад. І нічога, здаецца, усё ў парадку. Я ж кажу – бракаваная. А так – вядома, бываюць выпадкі, калі людзі не вытрымліваюць і сыходзяць, але гэта рэдкасць. Паўтаруся: непадрыхтаваныя кабеты на такую працу не ідуць. Яны ведаюць, што іх чакае, і калі ўжо прыйшлі, то часцей за ўсё працуюць да перамогі. У рэшце рэшт, прывыкнуць да чаго заўгодна можна.
«"Наркаманы" – гэта самы крэатыўны і спагадлівы атрад»
Падапечныя
– За што часцей за ўсё сядзяць твае падапечныя? Якія самыя папулярныя «жаночыя» артыкулы ў Беларусі?
– Амаль тыя ж, што і ў мужчын. Рабаванне і махлярства заўсёды былі ў топе. У нас з дзяўчатамі-наглядчыцамі нават гульня такая ёсць: «Адгадай 209-ю» (артыкул «Махлярства» – 34mag). Я не ведаю чаму, але ў мяне на іх нейкая асаблівая інтуіцыя. Я яшчэ ні разу не памылілася. Забойства і разбой сустракаюцца радзей, але такіх таксама прыстойная колькасць. А вось за наркотыкі, як ні дзіўна, сядзіць не так ужо шмат дам: дзесяць адсоткаў ад агульнай колькасці. Але сядзяць яны падоўгу. Прычым хтосьці за палову пушкі травы, а хтосьці за тое, што гераін дзецям штурхаў, а тэрміны аднолькава вялікія. Затое, як правіла, «наркаманы» – гэта самы крэатыўны і спагадлівы атрад. Па 328-й сядзяць у асноўным маладыя дзяўчаты ад 20 да 30 гадоў. Яны актыўныя, ветлівыя, заўсёды за любую дзвіжуху. Класныя.
– Адчуванне, быццам ты пра дзяцей у піянерлагеры расказваеш...
– Ага... Калі не ўспамінаць, што «заезд» па восем гадоў доўжыцца. А так – так, некаторыя з іх і сапраўды яшчэ як дзеці.
– Табе не здаецца, што пакаранне па «наркатычных» артыкулах у Беларусі неапраўдана жорсткае?
– Я лічу, што невінаватыя людзі ў турму не трапляюць. Вядома, шкада маладых дзяўчатак, але калі накасячылі – трэба адказваць перад законам.
– Але ж пытанне ў ступені віны...
– Слухай, на маёй памяці яшчэ не было выпадку, каб асуджаная сказала, што яна ў турме па справе і заслужыла пакаранне. Усе як адна невінаватыя, усіх падставілі, несправядліва засудзілі, і наогул яны тут чыста выпадкова апынуліся. Ты іх слухаеш, а потым ідзеш, чытаеш справу і ахрэняваеш ад таго, за што гэтая «святая» жанчына, аказваецца, сядзіць. Вось і думай потым, каму верыць.
Чарнуха
– Былі моманты, калі цябе сапраўды перакручвала падчас чытання асабістай справы асуджанай?
– Так, бывалі такія гісторыі. Часам камунікуеш з жанчынай і лічыш яе нармальнай, мілай. А потым даведваешся, што яна забіла свайго свёкра, зрабіла з яго піражкі і накарміла сваю дачку. І з гэтага моманту стараешся гэтую «мілую жанчыну» за кіламетр абыходзіць.
– Эм... Можна ў цябе цыгарэту стрэльнуць? Нешта аж рукі затрэсліся...
– Значыць, ты б не вытрымаў доўга на нашай працы. Быў яшчэ выпадак, калі зняволеныя мне газетку падсунулі са словамі: «Зацані, якая зорка да нас едзе». А там цэлы разварот пра жанчыну-дзетазабойцу. Забралася з трохгадовым дзіцем на дах, напаіла яго віном і скінула. Хацела сама следам скокнуць, але перадумала – страшна стала. Кажа, не было грошай і працы, не магла пракарміцца. Зразумела, што не ад добрага жыцця на такое ідуць, але гэта жах.
«Навошта гэтую жэсць выстаўляць напаказ? Жоўтыя СМІ пахайпяць, збяруць праглядаў, прададуць наклад, а карысці нуль»
І такіх жудасных гісторый нямала, проста ў Беларусі падобныя патэнцыйна гучныя справы стараюцца не надаваць агалосцы. І гэта правільна, я лічу. Навошта гэтую жэсць выстаўляць напаказ? Жоўтыя СМІ пахайпяць, збяруць праглядаў, прададуць наклад, а карысці нуль. Толькі паніку падняць могуць.
– Пачакай, і ўсе гэтыя канібалы, забойцы сядзяць у адных умовах з тымі, хто прысеў за палову пушкі або за нявыплату падаткаў?
– Так, усе едуць да нас і ўтрымліваюцца ва ўмовах агульнага рэжыму. Пры ўмове, што гэта першы тэрмін – у нас калонія толькі для «першаходак». Рэцыдывісткамі займаецца ўстанова ў Рэчыцы. Але там умовы прыкладна такія ж. Справа ў тым, што ў нас у краіне не існуе жаночых калоній строгага рэжыму. Толькі агульнага. І па законе РБ максімальны тэрмін пазбаўлення волі ў жанчын – 24 гады. Ні пажыццёвага, ні тым больш расстрэлу для іх не прадугледжана.
Бытавуха
– Ці бывалі ў вас калі-небудзь былі спробы ўцёкаў або якія-небудзь буйныя форс-мажоры?
– Не, ты што. Усё ціха і спакойна. Бываюць, вядома, эксцэсы, але яны хутчэй камічныя і недарэчныя, чым небяспечныя. Напрыклад, бабулька якая-небудзь распранецца сярод белага дня і пачне афіцэра дамагацца. Пагадзіся, на буйны форс-мажор не асабліва цягне. І тое такое здараецца «раз у год, пад Новы год». У астатні час у нас усе як адна па струнцы ходзяць, незалежна ад артыкула.
«У нас такія ўмовы ўтрымання, што я і сама пасядзела б з задавальненнем»
– Раскажы трохі пра ўмовы ўтрымання зняволеных. Дзе яны жывуць, чым займаюцца, як уладкаваны побыт?
– У нас такія ўмовы ўтрымання, што я і сама пасядзела б з задавальненнем. Толькі нядоўга. У цэлым гэта сапраўды нагадвае піянерлагер. Асуджаныя жывуць у вялікіх блоках з добрым рамонтам, харчуюцца тры разы на дзень, спяць на двух'ярусных ложках. У нас ёсць усё для аказання меддапамогі – абсталяванне ў медчастцы ці не лепшае ў горадзе. Лекары ў калоніі таксама ўсе кваліфікаваныя. На тэрыторыі калоніі ёсць цырульня, крама, бібліятэка.
Таксама ў нас ёсць гонар – уласны тэатр. Вельмі папулярнае хобі сярод асуджаных. Пра яго нават здымалі дакументалку. Яшчэ нашы дзяўчаты працуюць – шыюць спецвопратку на заказ. Абавязалаўка, вядома, але гэта адзіны спосаб зарабіць грошай у зняволенні. Да таго ж з'яўляюцца сродкі на краму і цырульню. У цэлым у нас усё вельмі гуманна і цывілізавана. Адна кабетка наогул неяк заявіла пры вызваленні: «Ну ўсё, дзеўкі, чакайце – хутка зноў да вас заеду. Спадабалася мне!»
«У нас з мінулага года асуджаныя могуць атрымліваць вышэйшую адукацыю. Спецыяльнасці тры: маркетынг, псіхалогія і юрыспрудэнцыя»
– Неяк і смешна, і не смешна адначасова. Часта яны ўсё-такі вяртаюцца назад?
– Вяртаюцца яны ўжо не да нас, а ў іншую калонію для рэцыдывістак. Наогул рэцыдывы бываюць, і не так рэдка, як хацелася б. Прычыны тыя ж, што і ў мужыкоў: працы няма, адукацыі няма, грошай няма. Выхад: скрала, выпіла – у турму. Класіка. Наша задача зрабіць так, каб назад нашы дамы дарогу забыліся.
– І як вы гэта робіце?
– Ну, напрыклад, у нас з мінулага года асуджаныя могуць атрымліваць вышэйшую адукацыю. Форма завочная, стацыянарная: чытаюць лекцыі, пішуць тэсты, на экзамены да іх выкладчыкі з універсітэта прыходзяць. Спецыяльнасці тры: маркетынг, псіхалогія і юрыспрудэнцыя. Юрыстаў, дарэчы, больш за ўсіх. Не ведаю, з чым гэта звязана. Спачатку мяне гэта нават крыху абурыла. Як гэта так: я, значыць, у конкурсе ўдзельнічала, ЦТ здавала, у рэшце рэшт, а, аказваецца, можна было проста адсядзець. Дайце мне які-небудзь нястрашны артыкул – я таксама хачу павучыцца!
– Напэўна, «нястрашны артыкул» не атрымаецца – гэта ж трэба мінімум на чатыры гады прысесці, каб з дыпломам выйсці, так?
– Так, вучыцца ў асноўным бяруць «дальнабояў». Тых, у каго часу з запасам. Гэта тыя, хто за забойства сядзяць, за наркотыкі, – па цяжкіх артыкулах, карацей. Каб усе як адна з дыпломамі выйшлі. Насамрэч крута, што ў такіх дзяўчат пасля вызвалення з'явіцца нейкі шанец на сацыялізацыю.
– Дарэчы, наконт «усе як адна»: ва ўсіх зняволеных адна ўніформа. Гэта ж кашмар любой дамы – вечарына даўжынёй у некалькі гадоў, куды ўсе прыйшлі ў аднолькавых сукенках. Ці спрабуюць дзяўчаты неяк вылучыцца, паказаць сваю індывідуальнасць?
– Спрабуюць, наколькі гэта дазваляе статут. Хтосьці скроні выгаляе, хтосьці фарбуецца ў кіслотныя колеры. Праблема толькі ў тым, што мужчын у калоніі амаль няма, і ўражанне, у агульным, няма на каго рабіць. Хоць тут таксама яшчэ з якога боку паглядзець...
– Што ты маеш на ўвазе?
– Ёсць тут у нас некалькі прыкладаў аднаполага кахання ў калоніі. Звычайна гэта так адбываецца: жанчыны ўтвараюць пару і дзеляцца па ролях, размяркоўваючы свае абавязкі. Адна з іх абараняе «сям'ю» і вырашае ўсялякія праблемы. У той час як другая гатуе, пярэ і захоўвае ачаг, так сказаць. Часам гэта выглядае вельмі рамантычна. Напрыклад, быў у нас выпадак, калі адну дзяўчыну за бойку пасадзілі ў ШІЗА, а яе сяброўка так засумавала, што таксама спецыяльна пабілася, каб яе пакаралі і яна змагла сустрэцца са сваёй каханай.
«Незабудка»
– Ці не ўзнікала ў цябе самой эмацыйнай прыхільнасці да асуджаных? Я маю на ўвазе сяброўства, вядома. Гэта наогул магчыма?
– Гэта немагчыма і, больш таго, – забаронена. Натуральна, да кагосьці лепей, да кагосьці горш ставішся. У залежнасці ад паводзін робіш нейкія паблажкі. Усе ж жывыя людзі. Ды і, па сутнасці, мы ж сядзім разам з імі. Розніца толькі ў тым, што на ноч мы сыходзім дадому спаць. Але калонія – дакладна не лепшае месца, каб сябровак шукаць. Я ж кажу: часам глядзіш – быццам бы адэкватная. А потым на артыкул глянеш – і вочы з арбіт лезуць. Так што я проста імкнуся па-чалавечы з усімі паступаць, не жасціць асабліва, быць ветлівай, усміхацца. І гэта цэняць. Бывае, іду па калоніі, а мне ўслед крычаць: «Гэй, як справы твае?» Некаторыя дзяўчаты пасля вызвалення нават дадаюцца ў сябры ў сацыяльных сетках, пішуць лісты, дзякуюць за добрае стаўленне.
«Некаторыя зняволеныя нават жартуюць, маўляў, што ў нас не калонія, а санаторый “Незабудка” агульнага рэжыму»
– Не, ну ты праўда як важатая ў дзіцячым лагеры!
– А то! Некаторыя зняволеныя нават жартуюць, маўляў, што ў нас не калонія, а санаторый «Незабудка» агульнага рэжыму. Толькі я б усё роўна не раіла ў такім санаторыі адпачываць – яно таго не варта.
***
«Піянерважатая» адсоўвае паднос з сушы і просіць рахунак, як бы завяршаючы гэтым размову і тоўста падкрэсліваючы важнасць апошніх сказаных ёю слоў. Пры ўсёй бачнай далікатнасці маёй суразмоўніцы, на працягу гутаркі ў мяне было выразнае адчуванне вожыкавай рукавіцы, якая сціскала сёе-тое вышэй калена. Яна, а не я, цалкам кантралявала ход гутаркі. І калі я выпадкова забягаў на тэрыторыю дзяржаўных або асабістых таямніц, то тут жа лавіў саркастычную ўсмешку і гэты непаўторны «ага-зараз»-позірк, абломваўся і без прамаруджання пераходзіў да іншага пытання. Напэўна, гэта і называецца ідэальнай наглядчыцкай выпраўкай. Паміж «важатай з цукеркай» і «важатай з дубінкай» мяжа таўшчынёй у мікрон. І нягледзячы на ўсю стрыманасць і далікатнасць гэтай дамы, не прывядзі гасподзь каму-небудзь яе раззлаваць. Будзь ты хоць канібал(-ка), хоць кантралёр(-ка) – калі ты не маеш рацыі, то будзе балюча.
Визуал: pxhere.com
КАМЕНТАРЫ (1)
Цікавы артыкул, дзякуй 34маг