Пакуль Кастрычніцкую акупавалі бразільскія стрыт-артысты, танцоры батукады і разнастайныя маркеты, рэдакцыя 34mag прэзентавала сусвету пілотны выпуск свайго новага афлайн-фармату – 34 Media Day у таксама свежай адукацыйнай прасторы .PUNKT.
Новы афлайн-фармат 34 Media Day – гэта івэнты ад рэдакцыі, у межах якіх менчукі і госці сталіцы штомесяц змогуць збірацца ў прасторы .PUNKT, каб абмеркаваць гарачую медыйную тэму. Стартанулі мы з пытаннем пра ўрбанізм і лета ў Менску, пасля якога нічога не будзе ранейшым.
Вельмі сціслы пераказ таго, пра што распавядалі ўдзельнікі першага Media Day ад 34mag, чытай ніжэй.
Пра праект «Таемны госць»
Праект «Таемны госць» для мяне быў нечым незвычайным. Мне давялося перасіліць сябе і паспрабавць шмат з таго, што я раней не рабіў: напрыклад, пайсці ў барбершоп; пазнаёміцца з 25-гадовымі хлопцамі, якія ганяюць на самакатах; патусіць у «Хулігане». Ва ўсім гэтым я бачу важную спробу паразумення адзін з адным, спробу пайсці насустрач з адной сацыяльнай групы да іншай. Гэтага Менску не хапала.
Пра менскае лета – 2016
Гэтым летам горад болей за ўсе нагадваў акупаваны Парыж годзе гэтак у 1942-м: тое ж адчуванне чагосьці нядобрага наперадзе, але тыя ж танцы і песні. Мы імкліва бяднелі, аднак працягвалі танчыць.
У 2016-м менчукі апынуліся ў сітуацыі, калі навокал сапраўды шмат чаго адбывалася. У мінулыя гады такога не было. Я тлумачу гэта тым, што адбыўся выплеск назапашанага і незапатрабаванага дагэтуль. Накапілася крытычная маса людзей, ідэй і ініцыятыў, адсюль і ўзнікла гэтая разнастайнасць.
Змены ў Менску і ўнутраныя, і знешнія. Улады ўвайшлі ў рэзананс з тым, што адбываецца ў горадзе. Яны мо і не збіраліся, аднак ігнараваць нас ужо не маглі. Маладыя паводзяць сябе ўсё нахабней, іх робіцца ўсё больш, яны ездзяць у Еўропу, яны адукаваныя, ініцыятыўныя. Іх цяжка стрымліваць. Мне падаецца, што ўлада падсвядома бачыць у гэтым небяспеку, але вымушана неяк супрацоўнічаць.
Пра Vulica Brasil
Выбарчая кампанія для публікі – не такое відовішча, як Vulica Brasil. Мне здаецца, што Vulica Brasil наогул важнейшая за выбары, бо яна выхоўвае ў нас свабоду. А выбарчая кампанія – не.
Пра наступнае лета
Сцэнар наступнага лета цалкам залежыць ад таго, якімі будуць гэтыя восень і зіма. Мабыць, мы настолькі стомімся ад холаду (як на двары, так і ў палітыцы ці эканоміцы), што будзем iзноў радыя танчыць і святкаваць. Мы жывёлы, нам патрэбныя рух і сонца.
Пра тусоўкі свайго пакалення
Вы жывяце ў іншым свеце. У нас не было такіх месцаў, дзе можна тусавацца. Проста не існавала такой культуры. Была Панікоўка, дзе мы пілі піва ці гарэлку. Мы пілі ў Доме масонаў ды ў Парку Горкага. Але тады гэта не быў «дзіцячы парк». Гэта было цёмнае і бруднае месца з мноствам закуточкаў. Гэта быў «недзіцячы парк».
У мяне няма абмежаванняў, куды я хаджу, а куды не. Мы з жонкай ходзім куды заўгодна, таму што нам цікавы гэты горад.
Пра іерархію і розніцу пакаленняў
Важна разумець, што маладым ты ўжо не будзеш і не зразумееш іх напоўнiцу. Я цяжка ўяўляю, што мы аднойчы пачнем чытаць адны і тыя ж кнігі, слухаць адну музыку і мець аднолькавы погляд на мастацтва.
Я абсалютна супраць любой іерархіі. Як выглядае гэтая карціна? Дзесьці наверсе – 70-гадовыя сівыя мужы, а моладзь – ніжэй за сярэдзіну. Я мяркую, што іерархію трэба разбіваць. Без гэтага ніякі дыялог паміж пакаленнямі немагчымы. Ты не робішся разумнейшы і каштоўнейшы ад таго, што табе на 15-20 год больш. Ты не маеш права нікога вучыць жыць. Праблема, здаецца, палягае тут. Не вучыць нікога жыць. І тады ўсе ў нас будзе добра паміж пакаленнямі.
Дыскусія: «Гэта можа кожны: як ствараць урбан-арт аб’екты?»
Хто ўдзельнічае? Міця Післяк, мастак; Марго Лазарэнкава, кіраўніца прасторы «Балкі»; Алена Дзінман, заснавальніца IT-школы My Freedom.
Хто мадэруе? Сяргей Сахараў, рэдактар CityDog.by.
Сяргей Сахараў: Урбаністыка для нашага горада з’яўляецца асабліва важнай тэмай, бо мы захацелі, каб нам стала ўтульна ў горадзе, які раней падаваўся выключна нядобразычлівым.
Міця Післяк: Яшчэ за пару год да Vulica Brasil я хацеў зрабіць вялікі мурал. Мне было цікава, ці здольны звычайны чалавек арганізаваць нешта такое. Грошы я сабраў краўдфандынгам, месца выбраў сам і пайшоў узгадняць. Узгадненне выглядала звычайна: «Мы не супраць, але запытайцеся там і там». А там тая ж песня: «Мы не супраць, але…» Нарэшце ў адной інстанцыі ты атрымоўваеш паперу і з гэтай паперай праходзіш тыя ж кабінеты, дзе цябе ўжо лагодней сустракаюць і дазваляюць маляваць. Мне спадабалася, што ўсе былі пазітыўна настроеныя, хаця і баяліся браць на сябе адказнасць. Узгадненне і кампанія занялі 3 месяцы, а праца – 5 дзён.
Марго Лазарэнкава: Як тыповы беларус, звярну ўвагу на суседзяў. У Вільнюсе яшчэ год таму са стрыт-артам было таксама незразумела. Потым заканадаўча стварылі адну (а не дзясятак) адказную за гэтую тэму інстытуцыю. Цяпер там вельмі цікава назіраць бойку легальных і нелегальных графіці. Нелегальныя графіцісты пратэстуюць супраць прыручэння стрыт-арту і замалёўваюць легальныя муралы. У літоўцаў больш дыялогу паміж тымі, хто робяць мастацтва, і тымі, хто робяць законы. Ім хапіла года, каб вырашыць гэтую справу заканадаўча.
Сяргей Сахараў: Дык што атрымоўваецца? Цяпер замест таго, каб пайсці маляваць, мы ідзем у кабінеты, рыхтуем некалькі эскізаў і дазваляем камусьці казаць, што прыгожа? А ведаючы густы, мы пачынаем адмыслова рабіць малюнкі на тэму сяброўства народаў ды вышыванкі. На ўсё глядзяць дзеці і думаюць, што гэта, напэўна, прыгожа.
Марго Лазарэнкава: Унутраны цэнзар у беларусаў вельмі моцны. Я ведаю шмат людзей з крутымі ідэямі, аднак яны нават не спрабуюць іх рэалізаваць, бо «мне не дазволяць». У гэтым становішчы выйграе той, хто не разважае, як на яго будуць рэагаваць, а проста ідзе і робіць.
Які б гэта ні быў дэпартамент, настае момант, калі ты сядзіш за сталом з чалавекам. Не інстытуцыяй, не ўладай ці дэпартаментам, а з чалавекам, у якога ёсць свае боль і адказнасць. Ты тлумачыш гэтаму чалавеку пра свой арт-аб’ект і як ён дапаможа вырашыць праблему. І вось чалавек ужо нешта пачынае разумець і хоча табе дапамагчы. Калі гэты чалавек не разумее, ёсць іншы адказны. У любой сістэме ёсць нехта, здольны пайсці насустрач. У тым жа Менску 9 адміністратыўных раёнаў. Адмовілі ў адным – ідзі ў іншы.
«Як фатаграфаваць Менск?»
Хто распавядае? Кася Сырамалот (aka palasatka), арт-дырэктарка 34mag.net & 34travel.by, фатографка.
Калі вы маеце дачыненне да фатаграфіі, то напэўна зразумееце, калі я скажу, што ў кожным горадзе сваё святло. У Нью-Ёрку яно вельмі прыгожае, незвычайнае, рассеянае шматлікімі хмарачосамі. Таму нават простыя офісныя працаўнікі, выходзячы са свайго офіса, выглядаюць як з кінастужкі. Пастаў такога ж чалавека ў Менску – і знікне магія. У Парыжы цудоўны шэры колер дамоў і вуліц, на фоне якога любы іншы колер выглядае стыльна. Скандынавія – рай для фатографа, што тычыцца ўмоваў, бо там надвор’е за 5 хвілін змяняецца кардынальна: ад сонца да дажджу на суседніх вуліцах. Неба – вельмі нізка, а клубы аблокаў на захадзе сонца выглядаюць надзвычай драматычна.
Святло ў Менску больш за ўсё нагадвае Вільню. А часам нам шанцуе на скандынаўскае неба. Такія цяжкія аблокі, якія быццам бы ляжаць проста на дахах.
Большасць маіх лепшых здымкаў – гэта тыя, якія я зрабіла, пакуль ішла ў краму, піла каву ці ехала ў грамадскім транспарце. Мне часта здараецца ўбачыць нешта, што вымушае мяне схапіць камеру і здымаць. Я зусім не магу хадзіць на інстасустрэчы, бо надта лянотна адмыслова выходзіць вялікай кампаніяй, каб паздымаць наўмысна. А тым, хто так можа, – вялікі рэспект.
Мая суб’ектыўная думка – трэба размяшчаць толькі тыя фотаздымкі людзей, дзе яны добра атрымаліся (хаця б на ваш густ). Калі чалавек не вельмі ўдала атрымаўся, нават калі я яго асабіста не ведаю, – я стараюся такія фотаздымкі нікому не паказваць.
Мне ўдалося навучыцца здымаць дастаткова хутка. Нават у падарожжах я здымаю ў тыя моманты, калі гуляю з сябрамі па горадзе і ўвесь час, які я маю, – гэта пара хвілін, каб адбегчы, сфоткаць і вярнуцца да сяброў, якія не вельмі хочуць стаяць паўгадзіны, пакуль я ўсё выстаўлю па кампазіцыі.
Мне часта кажуць, што Менск на маіх здымках больш падобны на Берлін і выглядае вельмі крута. А потым выходзіш на вуліцу, а там – пфф, Менск. І мой адназначны адказ: а гэта і ёсць Менск! Усе бачаць свет па-рознаму. На адным месцы могуць стаяць 5 фатографаў, і лагічна чакаць аднолькавых здымкаў, але гэта ніколі не так. У кожнага з нас свой вопыт, каштоўнасці і бачанне, таму мы не здолеем здымаць аднолькава. Таму Менск у мяне такі, а ў вас – іншы. Важна тое, на што ты глядзіш і як ты гэта бачыш.
Менск здымаць не надакучвае. Ён жа мяняецца. Цяпер асабліва хутка. Узгадаць толькі абновы на Кастрычніцкай – спрэчныя, але ўсё ж нешта новае, – і зноў ёсць што здымаць. І пачатак восені – якраз самая фотагенічная пара года.
Фота by Антон Кізераў і Таня Капітонава
Што ўяўляе сабой Чырвоны Крыж, акрамя цётачак, якія збіраюць грошы, і як менавіта яны дапамагаюць людзям.
14 заняткаў і магчымасць надрукавацца ў зборніку.
Как НГО донести месседж через дизайн – советы аксакалов визуализации.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.