У гэтую нядзелю, 9 красавіка, модная і прагрэсіўная суполка Orlyhall Mag, пра якую мы ўжо пісалі раней, прывозіць у Менск галоўных фігурантаў новай расійскай сінт-поп-сцэны – праект Perfect Human. Мы перакінуліся з 22-гадовым заснавальнікам гурта Антонам Філімонавым некалькімі словамі пра тэхна, касеты і маскоўскія канцпляцоўкі, а ў падарунак атрымалі special mix. Запрашаем да праслухоўвання!
– Антон, у матэрыяле Furfur ты казаў, што кожны раз вы вынаходзіце новае гучанне гурта. Які шлях у музычным плане вы прайшлі?
– Насамрэч мы нічога не вынаходзілі, толькі капіявалі і кралі. Але на наступным альбоме гучанне будзе, хутчэй за ўсё, зусім іншым у параўнанні з двума папярэднімі.
Гады тры таму мы гралі нейкі тупы індзі-поп, называліся па-іншаму, але гэта ўсё было зусім не сур’ёзна. Потым мы хваравіта пераходзілі да цяперашняга гучання, падчас чаго ад нас сышлі двое ўдзельнікаў. На працягу года мы былі ў падвешаным стане, але позняй восенню 2015 года ўсё даволі хутка закруцілася і з таго часу мы паспелі выпусціць два альбомы, сыграць з нядрэннымі музыкамі, паспяхова арганізаваць шоукейсы лэйбла, на якім выдаемся.
– З кім вы адчуваеце сваю музычную блізкасць і пераемнасць?
– З Уладзімірам Мартынавым, Шапэнам, Чайкоўскім, Канье Ўэстам.
– У тым жа фурфураўскім артыкуле гаварылася пра з’яўленне новай сінт-поп-сцэны ў Расіі. Як ты думаеш, чаму сінтэзатарная музыка становіцца цікавай людзям – без прывязкі да канкрэтных гарадоў?
– Магчыма, многія стаміліся ад постпанку, які тырчыць з усіх шчылін, і новай рускай хвалі. Але я ўжо даўно не лічу, што мы граем сінт-поп, мы граем проста поп-музыку.
– Мы і першы альбом выдалі на касеце, і два перавыданні першага альбома таксама былі на касетах. Здаецца, усё распрадалі, а апошні альбом застаўся толькі ў трох асобніках. Зразумелая справа, што ёсць чэлабасы, якія любяць паслухаць музыку з фізічных носьбітаў, кажуць, што гучанне прыкметна адрозніваецца. Але для мяне гэта падобна да вычварэнства. Я толькі адзін раз слухаў наш альбом з касеты. Усе фізічныя носьбіты ўспрымаю як сувенір, і калі мы прапануем нешта больш цікавае ў плане сувеніраў, чым касеты, то іх напэўна перастануць купляць.
– Як справы з музычнай інфраструктурай у Маскве? Ці складана арганізаваць канцэрт, сабраць публіку?
– Калі казаць пра нашыя шоукейсы, то ў Маскве да нядаўняга часу было тры месцы, дзе я гатовы быў праводзіць іх. Цяпер засталося два, ды і тыя не вельмі пасуюць у плане атмасферы, таму наступны канцэрт мы плануем рабіць у арандаванай прасторы, якая не звязана з музыкай.
Калі казаць пра мерапрыемствы, на якія нас проста запрашаюць, то тут мы менш пераборлівыя ў плане месца, але пераборлівыя ў плане лайн-апа.
Арганізаваць канцэрт у Маскве няцяжка, у нас за чатыры разы ніякіх складаных сітуацый не ўзнікала, мы ўсё разы выходзілі на нядрэнны плюс, нават у Піцеры, дзе ўсе сядзяць дома. Сабраць публіку таксама проста, не ведаю чаму.
– Што вы рыхтуеце да менскага выступу? Раскажы пра свой сольны праект JN, з якім ты таксама адыграеш на беларускім канцэрце.
– У Менску мы ўпершыню сыграем абсалютна ўсе нашы трэкі, акрамя аднаго. Той, хто адгадае трэк, які мы не будзем граць, – малайчына. Таксама гэта будзе наш першы выступ за межамі Расіі, хоць мы планавалі тур па Украіне, але пакуль перанеслі яго на больш позні час. Калі ўсё пройдзе крута, то прыедзем хутка яшчэ раз, і яшчэ раз, і яшчэ раз.
JN – гэта мой тэхна-праект, які ствараўся без асаблівага разліку на нават дробны поспех, але за мінулы год я з ім адыграў у даволі крутых месцах: на вечарынках UNIT ад Resonance Show Мікіты Забеліна, «Прешес», у клубе «НИИ», на фестывалі «Архстояние». Трэкі JN ставілі Забелін і Ільдар Low Bob на Megapolis FM. Не так даўно я задумаў вялікую перабудову праекта, але, на жаль, да Менска не паспеў падрыхтаваць новую праграму, таму сыграю тую, якую граў увесь мінулы год, хоць новыя трэкі там таксама будуць.
Схадзілі на буйную лоўфай-вечарыну Orlyhall Party і зразумелі, што маладосць нам толькі сніцца.
Казачны замак, легендарныя скарбы і фамільныя прывіды Радзівілаў у новым падкасце 34 і МТС.
Тэатр, жэставая мова, дыскусіі, майстар-класы. І торт!
Усё, што ляжыць на сэрцы сярэднестатыстычнага беларуса, – у новым альбоме сатырычнага хіп-хоп праекта True Litwin Beat.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.