Вера
Месца нараджэння: Адэса, Украіна
Узрост: 22 гады
Род дзейнасці: SMM
Колькі жыве ў Беларусі: паўгода
Чаму вырашыла пераехаць у Беларусь
Да Менска ў мяне даўно былі цёплыя пачуцці. Апошнія пару гадоў я часта бывала тут і адчувала сябе як дома, а можа, і лепей. Напэўна, гэта з-за людзей. Вясной я зразумела, што прыйшоў час пераменаў, і вырашыла, што толькі пераезд дасць мне патрэбны штуршок для развіцця. Справа заставалася за малым – абраць горад. Спачатку выбар лагічным чынам упаў на Кіеў – усё-такі сталіца маёй краіны, там усё роднае і зразумелае. Але праз некалькі дзён жыцця ў Кіеве я сабралася і паехала ў Менск, практычна не распакоўваючы рэчы. І тут ужо ўсё стала на свае месцы.
Каб разабрацца з бюракратычнымі пытаннямі пры пераездзе, трэба вывучыць правілы знаходжання ў краіне, куды пераязджаеш, і быць больш пільным. Спачатку я ўляцела на немалы штраф за тое, што пратэрмінавала рэгістрацыю. Цяпер, вядома, сачу за гэтым.
Першыя ўражанні
Спачатку было цяжка. Адна праца, другая, трэцяя... Спрабавала шмат варыянтаў, спала па 2-3 гадзіны. Але я ж люблю Менск, так што на гэтым трымалася і трымаюся цяпер. Не ведаю, што рабіла б без сяброў. Мне дапамагалі ва ўсім – ад пошуку жытла і працы да розных бытавых дробязяў. Дапамагалі з рамонтам, дзяліліся цёплай вопраткай.
Я часта кажу, што беларусы больш сумленныя, добрыя і адкрытыя, чым украінцы. Тут я адчуваю сябе спакойна. Спачатку мяне бянтэжыла перыядычная няветлівасць прадаўцоў у крамах: сэрвіс адрозніваецца ад украінскага не ў лепшы бок. Але я сустрэла прыемную дзяўчынку ў краме каля майго дома і стараюся падыходзіць на касу толькі да яе.
Надвор'е
Пра надвор'е магу казаць доўга. Напэўна, я ўжо надакучыла ўсім сябрам з гэтай тэмай. Я ж адэсітка, і ў нас у снежні +14. Сумую па сонцы. Я пераехала ў траўні і, па сутнасці, прапусціла ўсё лета. Мой арганізм быў у шоку. 22 гады я жыла ў клімаце, дзе з траўня па кастрычнік тэмпература ад +20 да +35. І вось я разумею, што ўсё лета хаджу не проста ў вопратцы з доўгім рукавом, але яшчэ і ў куртцы з шалікам па вечарах. Было цяжка. Да гэтага часу не магу настроіцца на тое, што будзе ўзімку, бо ў Адэсе зімой тэмпература ад 0 да -5. Восень мне спадабалася. Было вар'яцкі прыгожа ў вас... ну ці ў нас. Так, трэба прывыкаць казаць так.
Праца
Што да працы, то для мяне тут суцэльныя плюсы. Альбо мне шанцуе, альбо тут сапраўды лягчэй знайсці працу ў маёй сферы, таму што варыянты з'яўляліся часта, і адзін лепшы за іншы.
Я працую ў той сферы, у якой хацела, і вельмі гэтаму рада. Мяне, як іншаземку, усюды прымалі спакойна, ні для каго гэта не было невырашальнай праблемай.
Плюсы і мінусы жыцця ў Беларусі
Жыццё тут даражэй, чым у Адэсе. Рэчы, ежа, кватэра, грамадскі транспарт – усё даражэй. «Магла б ужо прывыкнуць», – кажуць сябры, але чамусьці часам я ўсё адно пераводжу мясцовыя цэны ў грыўны і, мякка кажучы, дзіўлюся. Праўда, і заробкі тут на парадак вышэйшыя – прынамсі ў маёй сферы, так што я не скарджуся. Культурнае жыццё мне таксама падабаецца – заўсёды можна знайсці нешта цікавае. Канцэрты, спектаклі, выставы, кінапаказы, лекцыі – гэтым мне падабаецца Менск, тут цікава.
Стаўленне людзей
Нядаўна я садзілася ў машыну Uber, і кіроўца павітаў мяне словамі: «Слава Украіне!» – і ўдакладніў: «Такі як там Адэса пажывае?» Аказваецца, я з ім ужо ездзіла. Было прыемна. Мяне ўсюды прымалі пазітыўна, і я не здзіўленая – да ўкраінцаў у Беларусі ўжо прызвычаіліся, як і да беларусаў ва Украіне.
Талерантнасць
Калі кажуць, што беларусы талерантныя, то, напэўна, маюць на ўвазе адсутнасць радыкальнага стаўлення да розных меншасцяў. Падыход такі: «Ну, ёсць і ёсць, ну і добра, мяне гэта, у прынцыпе, не датычыцца».
Год таму я шмат ездзіла аўтаспынам па Беларусі, і тэма Украіны ўсё яшчэ абмяркоўвалася. Я чула шмат негатыву на адрас сваёй краіны і свайго народа. Цяпер гэтага, здаецца, менш, альбо я перастала слухаць.
Што хацелася б памяняць у Беларусі
Клімат. Але гэта немагчыма. Аднак гэта вам, беларусам, вырашаць, што вы хочаце памяняць: гэта ж ваш дом. Я тут у гасцях і ўдзячная, што мяне прынялі так цёпла.
Ваджы
(імя зменена па просьбе героя, які вырашыў захаваць ананімнасць)
Месца нараджэння: Алжыр
Узрост: 30 гадоў
Род дзейнасці: цырульнік
Колькі пражыў у Беларусі: 3 гады, вярнуўся ў Алжыр
Чаму вырашыў пераехаць у Беларусь
Я пазнаёміўся з будучай жонкай падчас адпачынку ў Іспаніі. Неўзабаве яна прапанавала пераехаць у Беларусь, і я пагадзіўся. Але я адчуваў сябе тут некамфортна, да таго ж з'явіўся дэкрэт аб дармаедстве. Мы пражылі тут 3 гады і з'ехалі ў Алжыр.
Першыя ўражанні
Часта заўважаў, што тут звяртаюць увагу толькі на тых, хто апрануты «багата», а з простымі рабятамі могуць нават не павітацца. У алжырскіх школах нас вучаць: «Ты хлусіш сабе, калі хаваеш эмоцыі». Таму мы выказваем усё адразу, нават дрэннае. У Беларусі людзі ўсё трымаюць у сабе. З-за руціннага распарадку дня я адчуваў сябе, нібы ў турме: дом, праца, дом, праца. Пры гэтым няма ніякай упэўненасці ў тым, што будзе заўтра. У самім Менску чыста, бяспечна. Але толькі ў горадзе.
Праца
У Алжыры я працаваў праграмістам, але ў Беларусі мяне не хацелі браць на працу, таму што я кепска гаварыў па-руску. Я працаваў па фрылансе, прыязджаў у кватэры кліентаў і стрыг іх. Хацеў адкрыць сваю студыю, нават зняў памяшканне. Я чакаў пажарную ды санстанцыю цягам 3-х месяцаў, але ніхто так і не прыехаў, – я закрыў яе. У Алжыры я быў праграмістам, а тут не змог стаць і цырульнікам.
Талерантнасць
У Беларусі расізм існуе, гэтая краіна яшчэ не гатовая да мігрантаў. Людзі не хочуць слухаць, успрымаць, разумець. Калі мне трэба было вырашыць бюракратычныя пытанні, то з сабой неабходна было ўзяць «белага» чалавека: інакш са мной нават не сталі б пачынаць размову.
Амін
Месца нараджэння: Горган, Іран
Узрост: 33 гады
Род дзейнасці: праграміст
Колькі жыве ў Беларусі: 5,5 гадоў
Чаму вырашыў пераехаць у Беларусь
Знаёмыя іранцы былі ў Беларусі і параілі паехаць сюды на вучобу. У мяне ўжо была вышэйшая адукацыя, але праграмісты ў Іране атрымліваюць мала – разы ў тры-чатыры менш, чым у Беларусі. Я прыехаў, паступіў у БДУІР і адразу пачаў шукаць працу. Знайшоў варыянт, дзе мне сказалі вывучыць рускую мову і прыходзіць на сумоўе яшчэ раз праз два месяцы.
Першыя ўражанні
У Менску чыста, прыгожа. Першыя два-тры месяцы ўсё было выдатна. Потым стала не па сабе: у асноўным з-за стаўлення людзей, хоць самі па сабе яны добрыя. Нават надвор'е мяне не так бянтэжыць.
Праца
Некалькі разоў я мяняў працу, але ўжо амаль 3 гады працую ў EPAM. Мне там падабаецца. Кампанія паклапацілася пра мяне: пасля заканчэння ўніверсітэта трэба было вярнуцца ў Іран, але мне зрабілі працоўную візу – і я змог вярнуцца назад у Беларусь і атрымаць дазвол на часовае пражыванне.
Стаўленне людзей
Мне не ўдалося завесці блізкіх сяброў. Ёсць добрыя рабяты, але з імі ў нас проста прыяцельскія адносіны. Таму я праводжу час альбо дома, альбо на працы, альбо ў Менск-Арэне – гуляю ў бадмінтон. Непрыемна выходзіць на вуліцу проста так – часам людзі глядзяць надта нядобразычліва. Калі яны чуюць мой акцэнт, то могуць проста спыніць размову. Людзі тут закрытыя: не жадаюць распавядаць пра маёмасць і асабістае жыццё.
У беларусаў шмат стэрэатыпаў і забабонаў пра Іран: напрыклад, яны думаюць, што да гэтага часу там ідзе вайна і што ў нас няма ніякай тэхнікі. Або што мы прыязджаем у Беларусь дзеля алкаголю і дзяўчат. Але гэта не так: дома ў нас таксама разнастайнае жыццё. Зрэшты, пры асабістай размове беларусы гатовыя мяняць свой пункт гледжання, і мне гэта падабаецца.
Талерантнасць
Беларусь наогул не гатовая да мігрантаў. У мясцовых жыхароў ёсць цікавасць да іншаземцаў, яны задаюць шмат пытанняў. Але, думаю, калі б я быў амерыканцам або італьянцам, стаўленне да мяне было б лепшае.
Сяброўкі з Ірана распавядалі, што выкладчыкі ва ўніверсітэце абражалі іх і прыніжалі, таму яны вярталіся дадому. Адной з іх сказалі з'язджаць у «свой свінарнік», хоць у Іране яна жыве ў доме за паўмільёна еўра. Часта сутыкаюся з меркаваннем, што замежнікі тут лішнія. Але ж я таксама хаджу на працу, плачу падаткі, аплачваю страхоўку. Я хачу з'ехаць адсюль. Спадзяюся, атрымаецца пераехаць туды, дзе ёсць офісы EPAM. Праца – гэта адзінае, што трымае мяне тут.
Што хацелася б змяніць у беларусах
Раю беларусам выкінуць з галавы стэрэатыпы і больш камунікаваць з замежнікамі, якія тут жывуць, – блізка, асабіста. Варта пазнаваць людзей, а не слухаць, што кажуць іншыя. Замежнікі не ўсе такія дрэнныя, як думаюць беларусы. У нас таксама ёсць свае пункты гледжання, якія могуць быць карыснымі. Сярод замежнікаў можна знайсці добрых і надзейных сяброў.
Тарас
Месца нараджэння: Літва
Узрост: 28 гадоў
Род дзейнасці: рэжысёр
Колькі жыве ў Беларусі: 8 гадоў
Чаму вырашыў пераехаць у Беларусь
Я прыехаў сюды на вучобу ў Акадэмію мастацтваў. У Літве ўжо скончыўся набор на спецыяльнасць рэжысёра кіно і тэлебачання, таму я шукаў універсітэты непадалёк. Калі ў мяне з'явілася шмат блізкіх па духу сяброў, я вырашыў застацца ў Мінску, ажаніўся на беларусцы і стварыў сваю фірму.
Першыя ўражанні
Спачатку я лічыў Беларусь сучасным Савецкім Саюзам. Сябры дзівіліся майму выбару: думалі, што ў Беларусі перасоўваюцца на конях, што тут няма ніякай цывілізацыі, а ў крамах – прадуктаў. Літоўскае тэлебачанне транслюе падобную карціну.
Мне пашанцавала: у мяне адразу з'явілася класнае кола зносінаў. Пражыванне ў добрым інтэрнаце абыходзілася ў $ 7 на месяц. Зараз я думаю, што Беларусь і Літва падобныя: ад настрояў людзей да законаў. Я заўважаю, што цяпер Беларусь цяплее – не ў плане надвор'я, а ў плане адчуванняў. Пры гэтым маладыя людзі часта негатыўна ставяцца да сваёй краіны і да сябе, стала жывуць у чаканні чагосьці. У Літве крыху па-іншаму: там усе гавораць па-літоўску, і нават гэта стварае нейкае кам'юніці.
Плюсы і мінусы жыцця ў Беларусі
У Беларусі выгадныя ўмовы для бізнэсу. Тут танна жыць і ствараць свой прадукт. У Менску зручная інфраструктура, а яшчэ цяпер у горадзе жыве роўна столькі людзей, колькі можа змясціцца з камфортам.
Стаўленне людзей
Калі людзі даведваюцца, адкуль я, то адразу пачынаюць казаць пра гісторыю. Аказваецца, мы валодаем рознай інфармацыяй: у Літве мы вывучалі гісторыю па іншых кнігах. Але асабіста я не сутыкаўся з праблемамі на глебе сваёй нацыянальнасці.
Праца
Мы пачалі займацца VR, калі пра гэта яшчэ ніхто не ведаў. Часам мне здаецца, што беларусы не гатовыя адразу прымаць новыя ідэі – ім трэба, каб гэта было «з'едзенае», пераваранае і праверанае. Самі па сабе беларусы вельмі інавацыйныя, але больш кансерватыўная частка грамадства іх заціскае. Тэхналагічныя прарывы тут укараняюцца марудней, чым у Літве. Маю сферу пачалі ўспрымаць, толькі калі яна стала моднай, а не калі людзі ўсвядомілі яе неабходнасць.
Талерантнасць
Так, у Беларусі ёсць расізм. Калі я жыў у інтэрнаце, то заўважаў негатыўнае стаўленне да кітайцаў. Талерантнасць было б прасцей ацаніць, калі б тут было больш замежнікаў.
Што хацелася б змяніць у Беларусі
Мне не падабаецца, што многія рэчы ў Беларусі забароненыя. Хацелася б зрабіць законы менш строгімі. З-за гэтага людзі тут вельмі заціснутыя.
Хасэ
Месца нараджэння: Каракас, Венесуэла
Узрост: 32 гады
Род дзейнасці: выкладчык іспанскай мовы
Колькі жыве ў Беларусі: 4 гады
Чаму вырашыў пераехаць у Беларусь
З адукацыі я праграміст, але яшчэ працаваў як выкладчык матэматыкі і турыстычны гід у Венесуэле. Аднойчы я пазнаёміўся з дзяўчынай з Масквы і паехаў да яе – яшчэ ніколі я не падарожнічаў так далёка. З Венесуэлы я з'ехаў з-за цяжкай сітуацыі ў эканоміцы, палітыцы і сацыяльным жыцці.
Я спрабаваў знайсці працу ў Маскве і Кіеве, але адзін знаёмы параіў паехаць у Менск, маўляў, там чыста і спакойна.
Першыя ўражанні
Усё так, тут чыста і спакойна. Дзіўна тое, якія велізарныя тут прасторы. Заўсёды можна знайсці пешаходную дарогу і пракаціцца на ровары. Але першае, што мяне здзівіла, – савецкая архітэктура.
Праца
Спачатку я пажыў пару гадоў у Беларусі, потым вярнуўся ў Венесуэлу на паўтара года, а пасля гэтага ізноў прыляцеў у Менск. Першы год я працаваў бясплатна ў Лізе добраахвотнай працы моладзі. Там мне дапамаглі з дакументамі, але не з грашыма. Гэта быў карысны вопыт, а зарабляў я рэпетытарствам. Яшчэ я адкрыў гутарковы клуб іспанскай, каб знаёміцца з новымі людзьмі і дапамагаць іншым практыкаваць мову. Зараз я працую ў прыватнай школе LinguaLand, выкладаю іспанскую. Яшчэ ў мяне з'явіліся блог і адукацыйны канал на Youtube.
Надвор'е
Плюсы і мінусы жыцця ў Беларусі
Самае складанае ў эміграцыі – знайсці чалавека або кампанію, якая дапаможа з бюракратыяй, навучыць шукаць жыллё. І плюс, і мінус у тым, што Беларусь – даволі закрытая краіна. Плюс у тым, што я магу працаваць выкладчыкам іспанскай, у гэтай сферы нізкая канкурэнцыя. У Венесуэле на такую працу няма попыту. А ў тым жа Кіеве значна больш выкладчыкаў іспанскай, якія адначасова з'яўляюцца носьбітамі мовы. Мінус у тым, што вырашаць бюракратычныя пытанні – складана. Але я разумею, што свет не існуе толькі для мяне.
У Беларусі значна больш плюсаў у параўнанні з Венесуэлай. Вядома, заробкі маглі б быць і пабольш. Але мне ёсць з чым параўноўваць, таму я цаню тое, што маю: магчымасць набыць хлеб і лекі, аплачваць праезд на грамадскім транспарце, мець гарачую ваду ў лазенцы. Зразумела, толькі з-за гэтага Беларусь не становіцца ідэальнай краінай, але трэба шанаваць тое, што ўжо ёсць.
Стаўленне людзей
Што хацелася б памяняць
Каб нешта памяняць у глабальным плане, трэба пачаць з сябе. Бацькам, напрыклад, трэба часцей гаварыць з дзецьмі.
Талерантнасць
Беларуская талерантнасць мяжуе з абыякавасцю: беларусам можа быць нешта непрыемна, але яны нічога не робяць, каб выправіць сітуацыю.
Нашы сябры з Human Constanta гатовыя дапамагаць замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства і кансультаваць іх па юрыдычных пытаннях.
Юрыдычная кансультацыя ў Брэсце і Брэсцкай вобласці:
панядзелак-пятніца з 10:00 да 18:00
Тэлефон / WhatsApp: +375 (29) 370-45-56
Пошта: bresthc@gmail.com
Юрыдычная кансультацыя ў Менску і іншых рэгіёнах Беларусі:
панядзелак, аўторак, серада, пятніца з 11:00 да 16:00
Тэлефон / WhatsApp: +375 (44) 562-38-42
Пошта: legalhumanconstanta@gmail.com
Дальнабачныя дыпламаты, якія далі пачатак дынастыі Ягелонаў.
«Нужно объединяться всем».
Малады беларускі рэпер – пра кантракт з Respect Production, Таісію Вілкову і менскі хіп-хоп.
Не трэба мець вялікі штат супрацоўнікаў, офіс і жорсткі графік працы, для таго каб сабраць кола паплечнікаў вакол сябе.
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.