Адукацыя, кіно, музыка – што стала бясплатным праз каранцін
- 16.03.2020
- 8786
Каранавірус рушыць планы, але і адкрывае новыя магчымасці. Бізнэс актыўна рэагуе на сітуацыю: Pornhub раздае прэміум-акаўнты італьянцам, а Tesla прапануе два месяцы бясплатна тэставаць сонечныя панэлі. 34 сабраў у адзін матэрыял некалькі спасылак, якія могуць аблегчыць табе смутныя часы без спісанняў з банкаўскай карткі.
Тут да 31 ліпеня адкрываюць доступ да 3800 курсаў. Хто зарэгіцца да гэтай даты, той зможа вучыцца ў выкладчыкаў лепшых універсітэтаў свету да 30 верасня. Праўда, бясплатна падключаць да курсаў толькі партнёрскія ўніверсітэты. Здаецца, беларускім ВНУ самы час аказацца ў іх ліку. Мова навучання – англійская.
Па прамакодзе КАРАНТИН адукацыйны праект адкрывае доступ да ўсіх матэрыялаў, што ёсць на платформе. Можна нарэшце разабрацца, ці ёсць які сэнс у рамане «Уліс», паслухаць пра Антыхрыста або пра эканоміку пірацтва. Падпіска будзе дзейнічаць да 15 красавіка.
LinkedIn Learning адкрыў для бясплатнага карыстання курс, які дазваляе наладзіць выдаленую працу. Тут і пра тайм-менеджмент, і пра кіраванне выдаленымі камандамі, і пра арганізацыю анлайн-камунікацыі. Мова курсу – англійская.
«Цэнтр дакументальнага кіно» ў Маскве сышоў на каранцін, але ўсё, што павінны былі паказаць на вялікім экране, выкладваюць у інтэрнэт. 10 дзён па спасылцы можна бясплатна глядзець увогуле ўсё. Пачні хоць бы з фільма «Горад вачыма ката»: кот Фрыц пабегае па Амстэрдаме і пакажа табе яго такім, якім ты дакладна яго не ўбачыш, – нават калі межы адкрыюцца.
Тут у класнай якасці можна паглядзець серыялы, пра якія табе ўсе сябры вушы прагудзелі: «Чаму жанчыны забіваюць», «Малады Папа», «Вялікая маленькая хлусня», «Забіваючы Еву» і г. д. Класіка накшталт «Твін Пікса» таксама ёсць. Каб атрымаць 14 дзён халявы, трэба паскардзіцца боту на сваё цяжкае жыццё пустэльніка(-цы).
Па промакодзе SIDIMDOMA дораць доступ да прэм'ераў кіно, прамога эфіру тэлеканалаў і спартыўных трансляцый.
Самы час перагледзець «Апошняе каханне на Зямлі» з Евай Грын і Іэнам Мак'юэнам. У добрай якасці гэта можна зрабіць, напрыклад, тут. Месячную падпіску ў сувязі з апошнімі навінамі на IVI гатовыя прадаць за 1 расійскі рубель (што прыкладна роўна жмені пылу). Медыятэка гэтага кінатэатра складаецца з 62 000 адзінак кантэнту. Шмат навінак.
Прапануюць бясплатна паглядзець усякую расійскую тэлепрадукцыю. Нешта вартае знайсці, вядома, няпроста, але, напрыклад, серыял «Тэлефануйце Ды Капрыа», пра акцёра, у якога выявілі ВІЧ, або «Здрады» з улюбёнай актрысай фестывальных рэжысёраў – Аленай Лядавай – цалкам ок. Спатрэбіцца толькі рэгістрацыя па нумары тэлефона.
Сімфанічная музыка супакойвае нервы. Зарэгіструйся, каб пранікнуць у лічбавы канцэртны зал Берлінскай філармоніі і прыкладваць Малера падарожнікам на душэўныя ранкі. Запрашэнне можна актываваць да 31 сакавіка.
Венцы абяцаюць штодня трансляваць запісы сваіх оперных і балетных спектакляў. Апранай парадны строй і ўтульна размяшчайся каля лэптопа а 18-й па Вене (а 20-й па Менску). Запісы імпрэз будуць у доступе 24 гадзіны.
Рокеры згарнулі еўрапейскі тур, але не пакінуць цябе без «пяску скрозь пальцы». 20 сакавіка Лёва і Шура сыграюць бясплатны анлайн-канцэрт. «У складаныя часы жыццёва неабходна памятаць і падтрымліваць адно аднаго», – нагадваюць усім нам музыкі. Падпішыся на інсту гурта, каб не прапусціць гіг.