«Нефільтраванае кіно» пройдзе ў чатырох гарадах, а таксама анлайн
- Рубрыка: УЛОЎ
- 09.04.2025
- 620
11-ы фестываль «Нефільтраванае кіно» пройдзе з 23 красавіка па 4 траўня ў чатырох гарадах Еўропы: Варшаве, Вільні, Гамбургу і Хельсінкі, – а таксама анлайн.
Каманда фэсту падрыхтавала дзевяць кінапраграм, у тым ліку хораравую і анімацыйную. Праграма афлайн паказаў:
23.04 – «Беларуская праграма» – CreateCulture Space (квіткі), Вільня;
25.04 – «Беларуская праграма» – Kinoteka (квіткі), Варшава;
26.04 – «Беларуская праграма» – Kitchen Lab Tarvo (уваход вольны), Хельсінкі;
27.04 – «Анталогія» – Skalvija (квіткі), Вільня;
27.04 – «Solo Soul Sauna» – Kitchen Lab Tarvo (уваход вольны), Хельсінкі;
04.05 – «Хто хавае вар’яцтва» – Haus 73, Гамбург.
«Нефільтраванае кіно», як заўжды, прапануе стужкі без падзелу на «прафесійнае» і «аматарскае», адмаўляючыся ад снобскага погляду, навязанага кінаіндустрыяй. Фестываль запрашае глядзець самабытнае і эксперыментальнае кіно – на ім можна атрымаць шырокі спектр кінадосведу, у тым ліку не самы зручны. Таксама, фарміруючы праграму, каманда «Няфільтра» намагаецца даць эфір творцам, якіх іншыя фэсты ці кінафорумы абмінулі ўвагай.
У сёлетнюю беларускую падборку трапілі «Забыцца» Паўла Станкуса, «Зручны хлопец» Арсенія Алейніка і Аляксандра Мікхіна, «Офіс» Лены Ле, «Kawalerka» Андрэя Корзана, «ОШМ» Вовы Вяселіка і Алега Пекара, «Цень радасці» Змітра Пылыпіва, «Апошняя змена» Максіма і Мелісы Швед, «Рэдкі від» Антося Сівых.
«Гэтая падборка беларускіх фільмаў апошняга года прапануе прызматычнае адлюстраванне грамадства, якое перажывае міграцыю, экзістэнцыйную нявызначанасць і сутыкненне асабістай і калектыўнай памяці. Фільмы не паддаюцца маналітным інтэрпрэтацыям, а выкарыстоўваюць гібрыдныя формы – сюррэалізм, неануар, відэаарт, паэтыку, дакументалістыку, – каб даследаваць ідэнтычнасць у гэтым патоку перамяшчэння і сутыкнення», – адзначаюць праграмеры «Няфільтра».
З усімі праграмамі «Нефільтраванага кіно» можна азнаёміцца на сайце фестывалю.
Фота: DATÆTERNA