Новы нумар арт-часопіса pARTisan будзе прысвечаны жаночаму мастацтву
- Рубрыка: УЛОЎ
- 11.03.2020
- 6479
У выдавецтве «Галіяфы» выходзіць чарговы нумар беларускага арт-часопіса – гэтым разам пад назваю pARTisanka. 15 сакавіка ў 16:00 у галерэі сучаснага мастацтва «Ў» (вул. Кастрычніцкая, 19) выданне прэзентуе рэдактарская каманда мастачак, куратарак, даследчыц і актывістак, якія прапануюць сваю візію таго, хто такая беларуская (арт) партызанка, распавядуць пра ідэю часопіса і прэзентуюць свае тэксты. Акрамя таго, абяцаюць паразважаць пра ролю жанчыны ў беларускім мастацтве, умовы працы і перспектывы на будучыню.
Мэта выдання – адказаць на пытанне, як сучасная культурная супольнасць уяўляе сабе фемінізм у Беларусі і ў якім кірунку бачыць ягонае развіццё. У нумар увайшлі тэксты Вольгі Шпарагі, Альміры Усманавай, Антаніны Сцебур, Вольгі Маслоўскай, Тані Сяцко, Лесі Пчолкі, Вольгі Гапеевай, Вольгі Бубіч, Інгі Ліндарэнка, Лізаветы Міхальчук, Сафіі Садоўскай, Юлі Цімафеевай, Вальжыны Морт, Ганны Карпенка, Вольгі Раманавай, Кацярыны Рускевіч, Аляксандра Пяршая. Дызайн распрацавала Антаніна Слабодчыкава разам з Насцяй Стальмахавай.
Аўтаркі сцвярджаюць, што і так званы «жаночы», і «мужчынскі» галасы з’яўляюцца сацыяльнымі канструктамі, якія абумоўліваюць рамкі мастацкага дзеяння і яго інтэрпрэтацыі, а самае важнае насамрэч – менавіта шматгалоссе. Не можам дачакацца, каб пагартаць нумар цалкам!