Instagram дня: падарожжа-дакументалка пра Прыпяць
- Рубрыка: УЛОЎ
- 05.08.2020
- 7594
Тры актывісты – відэографы Віталь Ухванаў, Аляксандр Вялітчанка і мастак Аляксандр Куніцкі – здымаюць дакументалку пра Прыпяць. Сачыць за здымкамі можна ў Instagram.
Пры падтрымцы НКА «Багна» і АПБ хлопцы ўзброіліся відэатэхнікай і адправіліся ў экспедыцыю па маршруце Брэст – Мазыр (Нароўля) на парусным катамаране ды маторнай лодцы. Галоўныя героі будучага кіно – сама здымачная каманда, аднак у фільме будуць удзельнічаць і мясцовыя жыхары, якія сустрэнуцца на маршруце: аўтары праекта пацікавяцца іх меркаваннем наконт будаўніцтва воднага шляху Е40, які, шмат хто мяркуе так, пагражае экалогіі рэгіёна. Дадуць голас і экспертам, прычым з двух берагоў праблемы: выкажуцца і эколагі, якім ідэя Е40 не даспадобы, і спецыялісты, якім здаецца, што задума неблагая.
Мяркуючы па першых кадрах у Instagram, фільм не ператворыцца ў сумную гісторыю «для ўнутранага карыстання». Там табе і выратаванне голуба, і гісторыя з пераадоленнем шлюза, і захапляльныя дронавыя віды Палесся. Увогуле будзе шмат паглыблення ў атмасферу, прыроду, побыт локалаў з вёсак і такіх класных гарадоў, як Пінск, Кобрын, Тураў.