Конкурс дня: раскажы пра самую вар’яцкую забарону
- Рубрыка: УЛОЎ
- 23.09.2019
- 6036
28 верасня адзначаецца Міжнародны дзень усеагульнага доступу да інфармацыі. З гэтай нагоды табе прапануюць паўдзельнічаць у конкурсе і атрымаць сертыфікат на набыццё чагосьці прыемнага ў краме беларускіх падарункаў Symbal.by або прапампавацца на трэнінгу пра тое, як вывудзіць інфу з чыноўнікаў без усялякіх «акрэдытацый».
Конкурс «Ведай. Кажы. Вучы» ладзіць кампанія БАЖ «За права на інфармацыю».
Умовы вельмі простыя:
да 29 верасня дасылаеш на пошту pravanainfo@gmail.com фотаздымкі / відэа / тэкст пра самыя вар’яцкія забароны, з якімі ты сутыкаўся(-лася) у жыцці, і распавядаеш, як іх пераадольваў(-ла). Можна абысціся без пошты: размяшчэнне ў сацсетках з хэштэгамі #pravavedac #БАЖ залічваецца таксама;
2 кастрычніка журы абярэ трох шчасліўчыкаў(-віц), якім дастануцца сертыфікаты ад Symbal.by. 3 кастрычніка прызы знойдуць сваіх герояў або гераінь.
Сэнс конкурсу – яшчэ раз нагадаць, што кожны з нас мае права атрымліваць праўдзівую інфу пра дзейнасць уладаў, бюджэтную палітыку, экалагічную абстаноўку, дзейнасць міліцыянтаў і гэтак далей.
Таксама БАЖ запрашае журналістаў(-ак), блогераў(-ак), актывістаў(-ак) на семінар-трэнінг «Атрыманне праўдзівай інфармацыі без акрэдытацыі». Тут цябе пазнаёмяць з нарматыўнымі актамі, якія звязаныя з працай службовых асоб, а таксама навучаць пісаць скаргі, звароты і заявы ў розныя дзяржорганы. Атрымаць камент чыноўнікаў стане куды прасцей.
Трэнінг адбудзецца 27 верасня ў Менску. Рэгістрацыя – па спасылцы.